Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстаўляючы напаказ свайго Колю, Лукашэнка дэманструе ўзровень выхаванасьці


Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем на парадзе ў Пэкіне, 3 верасьня 2015 году
Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем на парадзе ў Пэкіне, 3 верасьня 2015 году

Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай, прымеркаваны да 70-годзьдзя перамогі над японскім мілітарызмам, завяршыўся назіраньнем за маштабнай вайсковай дзеяй на плошчы Т’яньаньмэнь.

Упершыню ад моманту ўтварэньня КНР у краіне наладзілі вайсковы парад, які ня быў прымеркаваны да нацыянальнага сьвята, а ўслаўляў удзельнікаў антыяпонскай кааліцыі. Перад трыбунамі, на якіх занялі месцы кіраўнікі двух дзясяткаў дзяржаў, прайшлі 12 тысяч вайскоўцаў (уключна з жаночымі батальёнамі кітайскай арміі), а таксама замежныя падразьдзяленьні з 17 краін.

Беларусь ішла першай. Пад пільным вокам галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Лукашэнкі па плошчы прадэфілявала рота ганаровай варты. Сьледам за Беларусьсю рушылі Аўганістан, Эгіпет, Лаос, Расея, Вэнэсуэла, Фіджы, Мэксыка, Сэрбія, Камбоджа, Казахстан, Манголія, Таджыкістан, Куба, Кіргізстан, Пакістан, Вануату.

Праз адну з найвялікшых у сьвеце плошчаў прагрымелі паўтысячы адзінак бранятэхнікі, а над галовамі гледачоў праляцелі больш за 200 самалётаў і верталётаў. У неба выпусьцілі 2015 галубоў і 50 тысяч балёнікаў.

Парад у Пэкіне
Парад у Пэкіне

Прымаў парад асабіста старшыня КНР Сі Цзіньпін, які аб’ехаў разьлікі на спэцвэрсіі прадстаўнічага кітайскага лімузына Hongqi L5 («Хунці» значыць «Чырвоны сьцяг»). Дарэчы, аналягічную мадэль перад 9 траўня ў дар ад Кітая атрымала Міністэрства абароны Беларусі.

Адметны склад вышэйшых кіраўнікоў, якія разьмясьціліся на трыбуне. Значную іх частку склалі прэзыдэнты постсавецкіх краінаў — Уладзімер Пуцін (Расея), Нурсултан Назарбаеў (Казахстан), Іслам Карымаў (Узбэкістан), Алмазбек Атамбаеў (Кіргізстан). Аляксандар Лукашэнка ўжо звыкла зьявіўся на публіцы разам з малодшым сынам Мікалаем. Зь ім ён ня толькі сачыў за ваенізаваным шоў, але і сфатаграфаваўся на агульным здымку ў атачэньні лідэраў іншых дзяржаваў. Хлопчык быў адзіным дзіцём у кампаніі з паўсотні ганаровых гасьцей. Як падаюць расейскія журналісты, Міколку абцалавала гаспадыня ўрачыстасьцяў Пэн Ліюань — жонка Сі Цзіньпіна, зь якой Лукашэнка-малодшы пазнаёміўся падчас травеньскага візыту кітайскага лідэра ў Беларусь.

Пра пратакольныя патрабаваньні, якія Аляксандар Лукашэнка пасьлядоўна ігнаруе цягам усёй сваёй кадэнцыі, — палітоляг Вадзім Казначэеў:

Вадзім Казначэеў
Вадзім Казначэеў

«Думаю, што ў дадзеным выпадку кульгае выхаваньне. Аляксандар Лукашэнка ўвогуле ўсім гэтым пратакольным справам вялікай значнасьці не надае. То бок паводзіць ён сябе часьцяком проста непрыстойна, у самых розных сытуацыях. Што тычыцца зьяўленьня Колі на такога кшталту мерапрыемствах, дык гэта здараецца далёка не ўпершыню. Ён яго браў з сабой і ў іншыя дзяржаўныя візыты, той нават удзельнічаў у афіцыйных перамовах. З гледзішча Лукашэнкі ў гэтым нічога дзіўнага няма, таму можна казаць, што гэта яго звычайныя паводзіны. Наўрад ці гэта нейкі сьвядомы выклік: тут збольшага вынік, выкліканы праблемамі ў выхаваньні».

Таксама ў Пэкін прыехалі высокія асобы з Вэнэсуэлы, Манголіі, Сэрбіі, Эгіпту, КНДР, краін Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Заўважылі нават абвешчанага ў вышук Міжнародным крымінальным судом прэзыдэнта Судану Амара аль-Башыра. Пры гэтым выглядае, што адзінай колішняй саюзьніцай, якая была прадстаўлена на вышэйшым узроўні, аказалася Расея. Францыя дэлегавала міністра замежных спраў Лярана Фабіюса, Вялікая Брытанія — экс-міністра юстыцыі Кенэта Кларка, ЗША — свайго амбасадара ў КНР Макса Бакуса. Ад Эўразьвязу быў адзін прадстаўнік, прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Земан, якога на Захадзе крытыкуюць за прарасейскую пазыцыю. Японія імпрэзы ў Пэкіне праігнаравала.

Сьвяткаваньні ў Кітаі праходзяць на фоне рэкорднага за 20 гадоў абясцэньваньня юаня і абвалу фондавага рынку. Каб не выстаўляць напаказ унутраныя праблемы, да панядзелка будуць зачыненыя фондавыя біржы — толькі за апошнія два тыдні кітайскі рынак акцыяў упаў на 20%, агулам падзеньне да чэрвеньскага максымуму наблізілася да 40%. Ці не давядзецца карэктаваць ва ўмовах фінансавага крызісу беларуска-кітайскія праекты, якія ў Менску называюць няйначай як стратэгічнымі? Палітоляг Вадзім Казначэеў перакананы, што прынамсі для Пэкіна такое партнэрства наўрад ці першачарговае:

«Я не лічу, што Беларусь — такі значны стратэгічны партнэр для Кітая, як гэта падае Лукашэнка ды ягонае атачэньне. Іншая рэч, што цяперашнія малыя постсавецкія краіны яшчэ ад часоў СССР улічваліся хай ня ў пляне стратэгічнага партнэрства, але як патэнцыйныя хаўрусьнікі. Нечага большага для Кітая, вядома, Беларусь сабой не ўяўляе. Плюс — прывязка да Масквы, зь якой у Пэкіна сапраўды шырокія кантакты. То бок — за адным разам нешта вырашыць у зьвязцы з Масквой, толькі ў больш дробязным фармаце. Бо ўсе тыя разрэклямаваныя праекты з індустрыяльным паркам, кітайскімі легкавікамі ды шэраг іншых не прыносяць Кітаю значнай выгады і, адпаведна, ня ёсьць нечым стратэгічна істотным».

У часе кароткіх перамоваў са старшынём КНР Сі Цзіньпінам кіраўнік Беларусі падзякаваў калегу за кітайскія інвэстыцыі і крэдыты, выдзеленыя на інфраструктурныя праекты. Ва ўмовах палітычнай ізаляванасьці ад Эўропы і крызісу ў Расеі грошы з Паднябеснай застаюцца рэдкай магчымасьцю зьнешніх пазыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG