23 жніўня — дзень памяці Міхася Стральцова. Аўтар незраўнаных «Загадкі Багдановіча» і «Смаленьня вепрука» сам да гэтага часу застаецца да канца неразгаданым творцам. Эстэт, інтэлектуал, які прайшоў праз здраду каханых і сяброў, прымусовае лекаваньне ад вернасьці Бахусу і наканаванае — ад раку, пражыў удвая болей за свайго ўлюбёнца Багдановіча, а памёр, як і той, толькі маючы Кнігу.
Герой нашых 20 нечаканых фактаў — паэт, празаік, літаратуразнаўца Міхась Стральцоў.
1) Умеў добра біцца
Першая жонка Галіна ўспамінала: «Однажды мы собрались у Адамчиков. К нам присоединились Иван Чигринов и его жена Людмила. (...) решили погулять в парке Челюскинцев. Нина, Людмила и я шли вместе, а за нами (...) следовали наши мужья. Вдруг из-за кустов появились двое парней, стали к нам приставать. Тут подошли наши мужчины, завязалась драка. Нам, женщинам, пришлось встать... на сторону нахалов: испугались, что несчастных могут покалечить... Это был второй раз, когда я видела Мишу в драке. Надо признать, что дрался он мастерски — отчаянно и смело».
2) Вельмі любіў музыку Фрэдэрыка Шапэна, а Міхал Клеафас Агінскі яго раздражняў
Крытыку Але Сямёнавай ён пісаў: «Праз Шапэна добра адчуваеш назскую [так у М. Стральцова. — В. Дэ Эм] натуру — не ў той іпастасі, у якой, скажам, гэта (...) у куды як слабога, залюбёнага абываталем Агінскага. У Шапэна амаль намёку няма на рамантычныя транты — калясальная лёгіка імправізацыі (...), геніяльная наструненасьць, аркестроўка [мабыць ён меў на ўвазе — аранжыроўку. — А. С.] сугуба назскага ладу рэфлексіі».
3) Вельмі падабаўся жанчынам
Адным толькі позіркам, поўным пяшчоты і невымоўнага захапленьня, мог закахаць у сябе жанчыну. Ала Сямёнава адзначала: «Міхась Стральцоў ня быў пазбаўлены ўвагі жанчын. І ў апошнія гады (...) ён зазнаў вялікі жаночы інтарэс да сваёй асобы»; паводле Анатоля Сідарэвіча: «у (...) рэдакцыі (...) „Мастацкая літаратура“ (...) у жанчын быў, можна сказаць, культ Стральцова».
4) Захапляўся творчасьцю Фэдэрыка Фэліні
«Амаркорд» асабліва хацеў бы паглядзець. Фэліні чамусьці мой любімы рэжысэр. «Хрысьціянскі» пачатак у ім цаню, адсутнасьць бяздумнай жорсткасьці і чалавечнасьць і адухоўленасьць сымболікі. Наіў, можа пры гэтым. Наогул, наіў у мастацтве люблю — гэта нешта накшталт супэрмастацтва, ці што».
5) Яго блізкім сябрам з часоў студэнцтва быў Рыгор Барадулін
Пісаў перакладніцы Валянціне Шчадрыной: «...году в 58 был я, (...) студентом, на летних сборах в Мышанке. Там мы однажды с Бородулиным выбрались в самоволку (на танцы куда-то в деревню и на «сельхознапиток»). После танцев тайно заночевали в моей палатке (...), под утро проснулись от переполоха в моем лагере из-за исчезновения Бор.[одулина]. Как-то были наказаны: помню, что очутились оба на кухне и что Бород.[улина] донимали его же стихами о «Настиной кухне (целинными), а Бор.[одулин], как всегда остроумно и не без ярой злости огрызался, захлебываясь словами: бу-бу-бу!»
6) Быў адным з самых начытаных і дасьведчаных студэнтаў свайго часу
Журналіст Уладзімер Скапа згадваў: «...Міхась Стральцоў, бадай, самы дасьведчаны сярод нас у літаратуры (...) Міхась быў добра знаёмы з рускай клясычнай, савецкай, замежнай літаратурай. Ведаў творы (...) рэпрэсаваных беларускіх пісьменьнікаў, імёны якіх ніхто з нас ня чуў».
7) Меў тайную схованку каля магілы Паўлюка Труса
Паводле Валянціна Тараса: «...Недзе каля самага помніка, у густой высокай траве, была ў Мішы схованка. Ён пакорпаўся тамака, дастаў гранёныя кілішкі, цаляфанавы мяшэчак, у якім былі відэльцы, адкрывачка, соль, нават папяровыя сурвэткі. Дастаў з кішэні і паставіў на траву бутэльку «Сталічнай». (...) ціха прамовіў (...): «У школе вывучаюць, дысэртацыі (...) пішуць, а на магілу ніхто ніколі не прыходзіць. У Саюзе пісьменьнікаў начальнікі нашы, відаць, і ня ведаюць, дзе Паўлюкова магілка...»
8) Лічыў, што галоўная бяда беларусаў — у адсутнасьці ўзаемадапамогі і чуласьці да бліжняга
Пісаў Валянціне Шчадрыной: «Нет, аборигенные «браткі-беларусы» просто чудо: я про себя называю их: «скігітлівымі парсючкамі, што рохкаюць ля карытка [так у лісьце.— В. Дэ Эм] з бацьвінкай, скігічуць-скігічуць, а потым каторы, натапырыўшы хібок, і барсане лычам, барсане свайго братку-сьвінчо і за карак яго ўхопіць — і заенчыць, і заякоча зноў сам. І памкнецца хламкаць першы».
9) Датэрмінова вызваліўся з ЛПП, дзякуючы Валянціне Шчадрыной ды Івану Шамякіну
Валянціна Шчадрына ўспамінала: «О его водворении в ЛТП я ўзнала случайно (...) тормошила Шамякина (...) уговаривала помочь Стрельцову вопреки мнению Секретариата Белорусского СП. Шамякин, наконец, сдался и помог ему освободиться досрочно, связавшись с прокурором Гомельской обл. (...)». Стральцоў пісаў В. Шчадрыной: «Иван Петрович, кажется, хлопочет обо мне. (...) Как бы там ни было, он (...) спас честь белор.[усской] демократии — дело не во мне, а в движениях человеческого сердца и в озабоченности литературной. У других это спит, что ли? (...) Вы с Ив.[аном] Петр.[овичам], собственно, по доброте своей и закрутили всё это дело.»
10) Губляў творчую дысцыпліну, у чым сам сябе і дакараў
Прызнаваўся Але Сямёнавай: «Наогул жа, — не люблю я працаваць; вось абдумваць, бывае, падабаецца (...) Аповесьцейку сваю я колькі разоў губіў тым, што загарэўшыся ёю, ужо як бы адчуваючы цалкам, не садзіўся ў час за стол — і перагараў».
11) Высьмейваў манію сваіх калег да стварэньня раманаў-эпапей
У лісьце да Леаніда Дранько-Майсюка адзначаў: «У нас на Беларусі (...) нейкая Аўстра-Венгерская правінцыя („лоскутная“) жыцьцёвых сопляў і душ — нам цяжка перамагаць гэта, і сьведчаньнем таму хаця б літаратура. І „Кала Бруньёнаў“ не нараджаецца, і „Працэсаў“ кафкіянскіх таксама не адбываецца. Нейкія гіпэртрафіраваныя (з галавой плеазаўра) эпапенцыі...»; «...увесь гэты эпас запозьнены і ня можа сур’ёзна ўплываць на літаратурны працэс, (...) эпас патрэбны нейкі другі, калі патрэбны цяпер увогуле...»
12) Лічыў, што беларускія клясыкі роўныя па таленце «зоркам» сусьветнай літаратуры
Кузьму Чорнага, напрыклад, супастаўляў з Дастаеўскім і Фолкнэрам: «...ня трэба баяцца падобных супастаўленьняў (...) памыляюцца тыя, што гавораць пра нейкую „пэрыфэрыйнасьць“ творчасьці Чорнага. Амаль у касьмічных духоўных межах бачыць сваю Ёкнапатофу Фолкнэр. І ў Цімкавічаў духоўнага сьвету Чорнага зусім іншая „геаграфія“, чым у рэальна існуючай вёсцы на Случчыне...»
13) Быў негаваркі. Пагаджаўся з Купалам, што сапраўдны сябар той, з кім ёсьць пра што памаўчаць
Леанід Дранько-Майсюк успамінаў: «Мне падабалася, што ў гутарцы зь Ім (...) само маўчаньне было ўтульным (...) Ён мала гаварыў, быццам не давяраў таму, што вымаўляецца ўголас...»
14) Не любіў пляжы і курорты
Бо «...недзе кішаць чалавекападобнымі прыматамі пляжы...»; сваёй другой жонцы, Алене Дзьмітраўне, пісаў: «Мамочка милая, я, конечно, хотел бы приехать к вам, но, боже мой, эта дорога, потом какие-то десять жалких дней, пляжная толчея и пляжные телеса — нет, это выше моих сил!»
15) Скептычна ставіўся да паэзіі Караткевіча
Леаніду Дранько-Майсюку пісаў пра вершы аўтара «Дзікага паляваньня караля Стаха»: «...там больш (...) літаратуршчыны, чым літаратуры: пагублялася тое, што было ў раньнім «Машэку», у «Заяц варыць піва»; «...ня кажучы ўжо аб падлеткавай, рахітычнай хадульнасьці ягонай (...), мяне яны [вершы Караткевіча. — В. Дэ Эм] раздражняюць, дакладней, мой эстэтычны густ і псыхалягічную канстытуцыю. Думкі перастаюць быць думкамі, калі зь іх робяць размаляванае пудзіла».
16) Быў кепскім прамоўцам
Паводле Анатоля Сідарэвіча: «М. Стральцоў меў нягучны голас. Не прамоўца. Мог нешта казаць, казаць лягічна, пасьлядоўна, адале зьбіцца з тэмпу, нібыта зьбянтэжыцца і ўжо гаварыць больш самому сабе...».
17) Сьмяяўся з тых, хто ня мог жыць «ні дня без радка»
«...справа (...) ня ў тым (...) каб кожны дзень (...) пісаць, — па-мойму, гэта лухта. Танк, напр.[ыклад] кажуць, праклямуе: страляй і галку, і варону — мо і ў каршука ці патрапіш. Можа. Але качак і варон неабавязкова страляць „на паперы“ і неабавязкова ўсенародна прад’яўляць справаздачу аб гэтай страляніне сваёй».
18) Быў вельмі незадаволены сваёй апошняй прыжыцьцёвай кнігай «Мой сьвеце ясны»
Паводле ўспамінаў рэдактара гэтай кнігі Л. Дранько-Майсюка: «Мне не спадабаўся адзін верш (...) Міхась Лявонавіч тут жа гэты верш выкінуў (...) памятаю рыфму зь яго „віза — тэлевізар“. (...) Стральцоў быў наогул незадаволены сваёй кнігай. Страшэнна незадаволены! Я яго супакойваў, як мог (...) увесь час Стральцоў скардзіўся мне і пры сустрэчы, і па тэлефоне — на сябе, на свае вершы... У маёй рэдактарскай практыцы такога сябененавіснага аўтара не было».
19) У апошнія гады жыцьця марыў пра ўласную хату на прыродзе
Паводле Алы Сямёнавай: «...марыў ён пра хату (...) на ўскрайку вёскі (...) у апошнія месяцы жыцьця (...) і пасьля апэрацыі ў Бараўлянах пачынала цепліцца надзея, ён выпраўляў сваю сярэднюю дачку Вераніку паглядзець які пляц з будынінай».
20) Любіў паразважаць на тэму «чорнага чалавека» ў творчасьці Моцарта, Пушкіна, Ясеніна; тэма гэтая жахлівым чынам увайшла ў яго жыцьцё за два месяцы да сьмерці.
У сваім нататніку ён пакінуў такі запіс:
«23 чэрвеня 87
/.../ Нечаканы правакацыйны званок. Нахабна добра пастаўлены голас: як здароўе? дзе жонка? Падазрэньне закралася адразу: здароўе нічога, жонка дома, ляжаў у бальніцы.
— Ну як, за гэты час многа напісаў?
Падазрэньне расло /.../
— Хто гэта? /.../
Той пачаў пагражаць:
— Забыўся пра Мозыр?
Пры чым тут Мозыр? З мозырскіх са мной ніхто б ня стаў так гаварыць. Не даваў для гэтага падстаў. І падобнай спробы нічыёй да гэтага не было і знаку.
А той:
— Ты так? А ты разумееш, што я ведаю дарогу, па якой ты ходзіш дадому?Нахабства нечуванае.
Я вылаяўся і кінуў трубку.
Цяпер думаю: хто? чаму? адкуль?
Яўна, што падлюга, што ведае пра хваробу і хоча, каб я ня меў спакою?
Але хто за ім? /... /»