Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 нечаканых фактаў пра Заіра Азгура


Малады Заір Азгур, 1928 г.
Малады Заір Азгур, 1928 г.

Сваё непадманнае майстэрства Ён здабываў у вучняў Радэна Якава Нікаладзэ і Сяргея Мяркулава. Аўтар культавага помніка Якубу Коласу і шэдэўральнага партрэта Рабіндраната Тагора (за які атрымаў срэбны медаль на Сусьветнай выставе ў Брусэлі). Чалавек — які шчыра любіў беларускую літаратуру, а сваімі найлепшымі сябрамі лічыў беларускіх пісьменьнікаў.

Пра сябе і сваю творчасьць пісаў:

«...хай я не магу паказаць, асэнсаваць і ўбачыць чалавека так, як гэта мог зрабіць Рэмбрант, у мяне няма такога майстэрства, якое было ў Фідзія і Мікелянджэла, але я рады, што магу бачыць прыгажосьць і ў чалавечай руцэ, і ў чалавечым вуху, і ў ноздры, якая дыхае, і ў губах, якія могуць горача цалаваць. У кожным руху кожнага мускула чалавечага цела я бачу вялізны сэнс і бачу, калі хочаце, настрой і душэўны стан, па якім магу вызначыць той зьмест, якім жыве гэта асоба»

Наш сёньняшні герой — скульптар Заір Азгур.



1) Усё дзяцінства Азгура праходзіла ў бойках, дзе яго жорстка зьбівалі, але і ён любога крыўдзіцеля мог адлупцаваць.

«...мяне лавілі ў садах і білі. Бывала, што я ўшчынаў (...) бойку, каб адабраць кавалак хлеба, бо вельмі хацелася есьці. Ня ўсе гэта разумелі (...) казалі, што зь мяне вырасьце няйначай як злодзей ці разбойнік. (...) неяк мяне злавіў адзін старавер і доўга мясіў нагамі. Я нават тады, калі (...) ляжаў у бальніцы (...) адчуваў на сабе яго вялізныя боты з падковамі на абцасах. Яшчэ і сёньня на маім левым калене ёсьць сьлед ад таго абцаса».

2) Стаць скульптарам яго натхніла ўбачаная ў дзяцінстве драўляная фігура ўкрыжаванага Хрыста.

«...у Віцебску (...) я аднойчы ішоў па Лучонскай вуліцы і ўбачыў на вялікім крыжы выразаную фігуру чалавека ў натуральную велічыню. Гэта быў Хрыстос і якой дзівоснай работы! (...) Фігура Хрыста была такая цудоўная паводле прапорцый, такая рэальная і жывая, што я падоўгу глядзеў на яе, ня могучы адарвацца. (...) Я прастойваў там цэлыя гадзіны, а падвечар бег да яру (...) набіраў там гліны (...) і ўпотай ляпіў».

3) У юнацтве займаўся ёгай і гіпнозам

«Каб загартаваць волю, мы пачалі вывучаць гіпноз і спрабаваць гіпнатызаваць, а для фізычнай загартоўкі выдумлялі сабе шмат выпрабаваньняў, сярод якіх (...) было і скаканьне з вышыні. (...) Я адважыўся скокнуць з трох мэтраў. Скокнуў няўдала, а пасьля цэлы тыдзень ляжаў хворы. Зрабіў вывад, што ёга зь мяне, відаць, не атрымаецца (...) Але займацца гіпнозам не пакінуў. Мы... хадзілі на бераг Дзьвіны, да нас туды прыходзілі хлапчукі, і мы іх гіпнатызавалі. Некаторыя засыналі».

4) Быў любімым вучнем Юдаля Пэна (настаўніка Марка Шагала). За добра выкананыя малюнкі Пэн вадзіў Заіра ў цырк.

«Пэн (...) не адыходзіў ад вучня да таго часу, пакуль не прымушаў зрабіць так, як казаў. (...) Ён ламаў юначае „я“ і падпарадкоўваў сваёй волі. (...) Але затое, калі (...) рысунак удаваўся — якая радасьць была ў Пэна! Ён частаваў цукеркамі і чаем, вадзіў па горадзе, а мяне (...) за тое, што я добра нарысаваў маску Давіда, павёў у цырк».

5) Першую замоўленую работу — бюст Зьмітрака Бядулі — утапіў, бо не заплацілі.

«...прайшлі месяцы, а бюста ніхто не купляў. Нарэшце мне прапанавалі забраць яго са школы, дзе адбываўся літаратурны вечар. (...) Давялося мне з ьсябрам Мірынгофам (...) ісьці ў школу па бюст. Ён быў вялікі і цяжкі, і мы, дайшоўшы да Дзьвіны, з размаху кінулі яго ў рэчку».

6) Яго маці не разумела цягі сына да скульптуры

"Мяне (...) яна лічыла мудрагелістым талмудыстам. У яе ўяўленьні я быў чалавек, адарваны ад жыцьця. Яна ніяк не магла зразумець, што скульптура — (...) сур’ёзная прафэсія (...): „Дзіва, сыночак. Ніколі ня думала, што за гэтыя гліняныя галовы будуць плаціць болей, чым, скажам, за стол ці за боты“.

7) Будучы студэнтам, жыў у Янкі Купалы і Якуба Коласа

„Падораныя мне Коласам кнігі „Сымон-музыка“ і „Новая зямля“ зрабілі на мяне такое моцнае ўражаньне, што, жывучы ў Янкі Купалы, я чытаў іх запоем. Я ведаў „Сымона-музыку“ напамяць. І гэта заўважыў Янка Купала. Ён узрадаваўся. А дзён празь пяць, калі я скончыў чытаць „Новую зямлю“, Іван Дамінікавіч (...) падарыў мне некалькі (сваіх) выданьняў... “

8) Атрымліваў грашовую дапамогу ад Якуба Коласа

„Я на працягу трох гадоў (1925-1927), калі вучыўся ў Ленінградзе, штомесячна атрымліваў па 40 рублёў, якія высылаліся мне (...) Якубам Коласам“. Аднаго ж разу аўтар „Новай зямлі“ тайна паклаў у кішэню Азгуру 200 рублёў".

Колас пазуе Азгуру
Колас пазуе Азгуру

9) Лічыў сябе духоўным вучнем Кузьмы Чорнага.

«З 1927 па 1931 год я быў (...) вучнем Кузьмы [Чорнага — В. Д.-М.]. Я вучыўся ў яго разумець вялікую літаратуру».

. Адам Бабарэка і Кузьма Чорны на 1-м Усебеларускім зьезьдзе “Маладняка”. 25 – 29 лістапада 1925 г. (З фондаў БДАМЛМ)
. Адам Бабарэка і Кузьма Чорны на 1-м Усебеларускім зьезьдзе “Маладняка”. 25 – 29 лістапада 1925 г. (З фондаў БДАМЛМ)

10) Сварыўся з мастакамі, а сваім бліжэйшым сябрам лічыў Зьмітрака Бядулю, зь якім па начах сьпяваў старыя габрэйскія песьні

«...Бядуля памаўчаў, выпіў чарку і пачаў песьню. А я, таксама трошкі захмялелы, стаў падпяваць. Гэта была старадаўняя ешыбоцкая местачковая песьня, як равін з равініхай танцавалі і нешта згубілі».

Зьмітрок Бядуля і Якуб Колас у дзень узнагароджаньня ордэнамі. 1939 г. З фондаў БДАМЛМ
Зьмітрок Бядуля і Якуб Колас у дзень узнагароджаньня ордэнамі. 1939 г. З фондаў БДАМЛМ

11) Учыніў скандал на вечарыне ў польскага консула

«Мы зь Бядулем падыходзілі да століка і частаваліся. Частаваў нас адзін малады чалавек, вельмі сымпатычны з выгляду. Ён быў апрануты ў звычайны касьцюм і ўвесь час называў нас то пан Азгур, то пан Бядуля. Нам гэта нарэшце надакучыла, і мы сказалі, што мы не паны, а таварышы. А ён кажа, што мы для яго паны. Я падумаў, што ён нас разыгрывае, і, як мае быць, прабраў яго. Ён пакрыўдзіўся і пайшоў».

12) Яго скульптуры мелі гіпнатычнае ўзьдзеяньне на гледачоў.

«...я вылепіў бюст (...) нэўрапатолага, які лячыў сваіх пацыентаў гіпнозам, Кандрата (...) Манахава. (...) Калі бюст быў ужо адліты і я аддаў яго на выстаўку, аднойчы мяне тэрмінова выклікалі туды з майстэрні. Я прыехаў і ўбачыў, што дзьве жанчыны ляжаць на падлозе і сьпяць перад бюстам Манахава. Тут мне расказалі, як гэта адбылося. Гэтыя жанчыны аглядалі выстаўку, а калі падышлі да бюста Манахава і ўважліва прыгледзеліся, дык пахіснуліся і пачалі падаць...»

13) Быў аб’ектам творчых экспэрымэнтаў Кузьмы Чорнага, які ператвараў Азгура у пэрсанажа таго ці іншага апавяданьня.

«Кузьма Чорны (...) пачынаў, напрыклад, спрэчку са мной. Рабіў зь мяне то аднаго героя, то другога. Я спачатку не заўважаў гэтага і проста адказваў. Але ўвесь час зьдзіўляўся, чаму ён гаворыць нейкія недарэчнасьці. Аказваецца, ён стараўся адказваць так, як адказваў бы (...) Лявон Бушмар ці Леапольд Гушка. Гэтая манэра (...) мне вельмі не спадабалася. Я сказаў: «Ведаеш, Кузьма, я табе ня люстра і не натуршчык. Ня псуй маю нэрвовую сістэму, інакш я або ня буду цябе ляпіць, або зраблю зь цябе ксяндза».

Помнік Якубу Коласу ў Менску. Скульптар Заір Азгур. Фота 1975 г. З фондаў БДАМЛМ
Помнік Якубу Коласу ў Менску. Скульптар Заір Азгур. Фота 1975 г. З фондаў БДАМЛМ

14) Амаль усе яго даваенныя працы загінулі пад час бамбаваньняў

Адна зь нешматлікіх скульптур, якая дайшла да нашага часу, — партрэт яго сябра літаратара Якава Бранштэйна. Захоўваецца ў сям’і пісьменьніка.

Адзіны уцалелы бюст Азгура. Партрэт Якава Бранштэйна
Адзіны уцалелы бюст Азгура. Партрэт Якава Бранштэйна

15) На самым пачатку вайны Заіра Азгура ледзь не расстралялі свае

«Інцыдэнт (...) адбыўся перад самым Гомелем. Нас затрымала наша вайсковая часьць (...) палічылі за шпіёнаў (...) Акуляры Кучара і мой чорны бант зрабілі на іх дзіўнае ўражаньне. Камандзір скамандаваў і чалавек трыццаць накіравала на нас зброю (...) Броўку (...) удалося ўпрасіць вайсковых, каб яны прывялі нас у горад. Там усё высьветлілася...»

16) Не любіў «фармалістычнае» мастацтва, а таму расчараваўся ў пісьменьніку Аляксею Талстым, калі той пачаў пры ім хваліць Бурдэля і Маёля.

«Я паказаў фатаграфіі бюстаў Янкі Купалы і Якуба Коласа і цэлага шэрагу іншых [сваіх — В. Д.-М.] прац. Аляксей Талстой пахваліў іх, але параіў пацікавіцца працамі скульптараў Бурдэля і Маёля (скульптары фармалістычнага напрамку). Тут я зразумеў, што хоць перада мной вялікі пісьменьнік-рэаліст, але ў галіне выяўленчага мастацтва гэта чалавек зь вельмі нерэалістычнымі поглядамі. І можа таму Аляксей Талстой... зрабіў на мяне не такое ўражаньне, якое хацелася, каб у мяне засталося».

17) У барацьбе з касмапалітамі зьнішчыў адну са сваіх любімых працаў — партрэт рэжысэра Саламона Міхоэлса, пра што пасьля вельмі шкадаваў.

«Азгур зламаў скульптуру, аб чым пасьля заўсёды шкадаваў. Але засталіся фотаздымкі і праз сорак год Заір Ісакавіч, па яго словах, амаль фізычна адчуў сваю віну перад Міхоэлсам і (...) ўзнавіў яе»*.

Азгур стварае помнік Міхоэлсу
Азгур стварае помнік Міхоэлсу

18) Жонка Янкі Купалы называла Азгура «мазурыкам», а Янка Купала — «мастачком».

«...Цёця Уладзя дадала: «...У такую ноч Купала ніколі ня сьпіць, ён піша да ранку... Вы пачакайце, мазурык (чамусьці яна называла мяне мазурыкам). У часе абеду ён сам прачытае. Толькі не прасіце. А як папросіце, дык і ня будзе чытаць»; «На ганку нас сустрэў Янка Купала: «...І вы, мастачок, нешта перасталі хадзіць да нас».

19) Быў вельмі амбітны, але і самакрытычны.

«Пра свае работы я магу сказаць вельмі коратка. Працую вельмі многа, кожны раз упэўнены, што ствару шэдэўр, але да гэтага часу — я ў гэтым перакананы — шэдэўру не атрымалася. Але я не пакідаю працаваць. Па-мойму, найбольш удала ў мяне атрымаліся — Тагор, „Дзед Талаш“, помнік У. І. Леніну ў Астрахані».

Рабіндранат Тагор
Рабіндранат Тагор

20) Аўтар адной з самых іранічных кніг ўспамінаў пра беларускіх пісьменьнікаў «Незабыўнае».

«Я не літаратар і сам, напэўна, не адважыўся б пісаць успаміны. Прыступіць да гэтай работы мяне прымусіў мой сябра, таленавіты пісьменьнік і вялікай душы чалавек — Янка Брыль».

Азгур і Янка Брыль
Азгур і Янка Брыль

Помнік Заіру Азгуру на Ўсходніх могілках у Менску
Помнік Заіру Азгуру на Ўсходніх могілках у Менску

* з кнігі Леаніда Смілавіцкага «Евреи в Белоруссии: из нашей общей истории, 1905-1953 гг.»

Васіль Дранько-Майсюк для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG