Ня ведаю, як у каго, а ў мяне пры думцы пра нашую дыяспару перад вачыма найперш паўстае ён, Вітаўт Кіпель — магутная постаць, прыгожы беларускі твар, глыбокія мудрыя вочы чалавека, надзеленага моцным духам, які сілкуецца вераю ў сваю праўду.
Гісторыя майго знаёмства з спадаром Вітаўтам налічвае ўжо не адно дзесяцігодзьдзе, а пачалася яна яшчэ ў 1970-х гадах, калі ён быў для мяне супрацоўнікам Беларускай службы Радыё Свабода Вітаўтам Зубкоўскім. Упершыню мы спаткаліся на пачатку 1990-х і потым бачыліся вельмі часта. Самая памятнае і сьветлае — супольныя вандроўкі па далёкіх і блізкіх менскіх ваколіцах, у Слуцак, Крычаў, Магілёў, Рэчыцу, Мсьціслаў, Віцебск і, вядома, у мой родны Полацак, да якога Кіпель ставіўся з асаблівай пашанай і любоўю, называючы Спаса-Эўфрасіньнеўскую царкву «нашым нацыянальным Араратам». Дарэчы, бяз Кіпелевай дапамогі ў новых выданьнях маіх «Таямніцаў полацкай гістрыі» не зьявіліся б многія новыя старонкі, прысьвечаныя, напрыклад, дзейнасьці полацкіх езуітаў у ЗША, або вядомай амэрыканскай пісьменьніцы Мэры Энцін, што прыйшла на сьвет і пражыла дзіцячыя гады ў Полацку.
Я ніколі не стамляўся захапляцца Вітаўтавай эрудыцыяй, дапытлівасьцю й дасьціпнасьцю. І — выдатнай памяцьцю, што захоўвала ня толькі падзеі, імёны, даты, адрасы, але і дыялёгі, цікавыя й калярытныя дэталі, што маглі зрабіць любую згадку пра мінулае неверагодна жывой і паўнакроўнай. Ува мне даўно жыла мара пра кнігу ягоных ўспамінаў. І вось гэтая кніга (выдавец Зьміцер Колас) нарэшце зьявілася.
У ёй, можна сказаць, зьмясьцілася цэлае стагодзьдзе — ад дзіцячых гадоў у Менску і расейскай высылцы, ад юнацтва ў акупаванай нацыстамі беларускай сталіцы да вяртаньня ў Беларусь пасьля пяцідзесяці гадоў працы дзеля яе за многія тысячы кілямэтраў і міляў. Аўтар прадмовы, яшчэ адзін лідэр беларускай эміграцыі Янка Запруднік, папярэджвае чытача, што Кіпелевы мэмуары вызначаецца ляканічным стылем, бо спачатку тэкст быў нагавораны Сяргею Шупу, які — хочацца адразу дадаць — такім чынам адыграў ролю значна большую, чым проста рэдактара. «Жыцьцё апавядальніка, — піша Запруднік, — было нагэтулькі насычанае, што ён, каб расказаць пра ўсё, як бы сьпяшаецца, пазьбягаючы лішніх слоў. Кніга адзначаецца дынамізмам аповеду, лёгкасьцю чытаньня, гэта — сапраўдны падзейны калейдаскоп». Пагаджаючыся ў галоўным, тым ня менш, адзначу, што асабіста ў мяне адчуваньня, нібыта аўтар недзе сьпяшаўся, ня ўзьнікла, а калейдаскоп для мяне ператварыўся ў шматфарбную панараму.
Кнігу Вітаўта Кіпеля можна чытаць па-рознаму. Можна, нарабіўшы ў важкім томе закладак і ўзяўшы яго пад паху, рушыць па менскіх вуліцах і завулках, уяўляючы, як усё выглядала на пачатку мінулага стагодзьдзя або ў ягоныя дваццатыя-саракавыя гады. Вось тут, «у рагавым доме насупроць гарадзкога тэатру» на сучаснай вуліцы Маркса, нарадзілася маці аўтара. Дзед працаваў «пры ціятрах» у шатні і жыў насупроць цяперашняга Купалаўскага ў тэатральнай кватэры. А потым, сабраўшы грошай, пабудаваў дом на Горным завулку каля «яшчэ сьвежых» Вайсковых могілак і толькі што пабудаванай царквы Аляксандра Неўскага, вакол якой было ня больш за «паўсотні выспачак». Ад «ціятраў» зусім недалёка да колішняга дому працаўнікоў Наркампросу, што захаваўся на Інтэрнацыянальнай за саркафагам Палацу Рэспублікі. У тым будынку месьціўся дзіцячы садок — адзіны сярод менскіх садкоў, куды прынялі малога Вітаўта пасьля арышту ў 1930-м бацькі-«нацдэма». Туды бралі і іншых дзетак «ворагаў», а таму садок быў перапоўнены і ў «мёртвую гадзіну» малеча спала нават на падлозе ў калідоры. Дзеці павінны былі атрымаць адпаведнае выхаваньне, і Вітаўт на ўсё жыцьцё запомніў развучаную з выхавацелькамі песеньку:
Камсамолачка Дарота,
пойдзем разам ваяваць —
буду біць я з кулямёта,
ты — патроны падаваць...
Ад колішняга садка зусім недалёка да Траецкага прадмесьця і сёньняшняга Дому прыроды, у будынку якога пад час нямецкай акупацыі была 29-я народная школа, куды Вітаўт пайшоў у сёмую клясу.
Можна чытаць гэтую кнігу, і зазірнуўшы спачатку ў паказальнік імёнаў. Тады вас чакае сустрэча з цэлай галерэяю выдатных і проста вядомых асобаў. Іхні пералік хочацца пачаць з Кіпеляў — бацькі Яўхіма, навукоўца і палітыка, маці Марыі, пэдагога і паплечніцы па працы ў эміграцыі, і жонкі Зоры, знанай у сьвеце літаратуразнаўцы і перакладчыцы, гісторыю знаёмства, каханьня і доўгага шчасьлівага жыцьця зь якой я вылучыў для сябе ў асобны разьдзел. Дагэтуль не магу спакойна ўзгадваць пачуты ад спадара Вітаўта аповед, як ён сьпяваў Зоры перад яе адыходам у іншы сьвет беларускія песьні...
Назаву толькі некаторыя іншыя імёны, бо іх — многія дзясяткі. Гісторыкі Мікола Ўлашчык і Вітаўт Тумаш, гісторык, літаратуразнаўца і пісьменьнік Антон Адамовіч, паэтка Натальля Арсеньнева, кампазытар Мікола Равенскі, сьвятар Мікалай Лапіцкі, пэдагог Аляксандар Орса і ягоная дачка Ала Орса-Рамана, безь якой немагчыма ўявіць дзейнасьць нашай сучаснай эміграцыі...
Дзякуючы прыездам дэлегацый БССР на сэсіі Генэральнай асамблеі ААН Кіпель пазнаёміўся зь Пятром Глебкам, Алесем Адамовічам, Іванам Чыгрынавым... Вядома, што гонар такой паездкі трэба было заслужыць і трымацца ў пэўных рамках, хоць ад кагосьці гэта і не вымагала асаблівых высілкаў. Чыгрынаў лічыў, што «савецкая ўлада ніякіх злачынстваў на сабе ня мае», але хацеў набыць эмігранцкія кнігі. Будучы рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў, які ў свой час працаваў прадстаўніком ад БССР у адным з ААНаўскіх інстытутаў, уразіў Вітаўта і Зору непрыхаванай «варожасьцю да беларускай мовы». «Найлепшае ўражаньне з усіх беларускіх пісьменьнікаў і тагачасных гасьцей зь Беларусі ў Нью-Ёрку, — піша Кіпель, — зрабіў Вячаслаў Адамчык».
Магу таксама парэкамэндаваць чытаць кнігу не запар, а — каб адчуць яе магнэтызм — выбіраць спачатку асобныя разьдзелы. «Налінск і Кіраў», а таксама «Арол» — пра высылку. 1937 год. «Аднаго вечару маці прыйшла з працы вельмі позна і расплакалася... Ёй надышоў час атрымаць пашпарт, якога ў яе дагэтуль не было. І вось дырэктар школы паклікаў яе ў кабінэт і ў прысутнасьці завуча кажа: там у вас у графе нацыянальнасьць стаіць „белоруска“, але ж гэта „не имеет никакого значения“. І для нас прасьцей і для вас будзе зручней, калі мы напішам „русская“. Яна кажа: ну калі „не имеет никакого значения“, то хай застаецца „беларуска“. Дырэктар нічога не адказаў, і яна выйшла з кабінэту»...
Разьдзел «Арол. Вайна». Кастрычнік 1941-га. Немцы набліжаюцца да гораду. Вітаўт з сынам суседзяў-расейцаў бачаць у прыдарожнай канаве цяжка параненага. «Дядя, может мы вам чем-небудзь поможем?» — пытаецца Кіпелеў спадарожнік. Скрываўлены чалавек раптам ціха адказвае па-беларуску, што яму ўжо нічога не дапаможа. «Дзядзька, — загаварыў уражаны Вітаўт, — і я беларус, як вам дапамагчы?» Пачуўшы родную мову, паранены паспрабаваў прыўзьняцца і, паклікаўшы хлопца бліжэй, пасьпеў, перад тым, як ягонае дыханьне спынілася, сказаць: «Вось, дзетка, я паміраю. Я з-пад Воршы. Мяне выгналі маскалі, і запамятай, дзетка, што ўсё зло на нас ад маскалёў». Што згадалася над гэтай старонкай? Так, «Лісты з-пад шыбеніцы».
Або разьдзел пра акупаваны немцамі Менск. Аблавы, тэрор, усе жахі вайны. Але дзякуючы беларускай адміністрацыі, якая ў тых нялюдзкіх умовах — цудоўна разумеючы, чаго можна чакаць ад нацыстаў — імкнулася працаваць дзеля сваіх людзей, у Менску, адрозна ад Арла, ёсьць хлеб і наогул, прынамсі ў 1942-м, калі туды прыехалі Кіпелі, харчоў хапае. Працуюць мэдычныя ўстановы, газэтныя і кніжныя шапікі, кінатэатры, беларускі драмтэатар... «Менск пасьля Арла рабіў уражаньне арганізаванага гораду». Гэта найлепшы адказ тым, хто і сёньня спрабуе абвясьціць беларускіх дзеячаў таго часу суцэльнымі здраднікамі і ворагамі беларускага народу. Паводле гэтай лёгікі, лепей было б, каб беларусы ня мелі працы, паміралі ад голаду і хваробаў, каб дзеці не маглі вучыцца.
Тут дарэчы будзе нагадаць выкладзеную у кнізе гісторыю з прызначэньнем бургамістрам Менску таксама ў нечых вачах «здрадніка» Вітаўта Тумаша, які, да слова, ніколі ня быў грамадзянінам СССР і наогул ня жыў пры «саветах». Пачатак нямецка-савецкай вайны засьпеў Тумаша ў Бэрліне (перад Другой сусьветнай ён студыяваў мэдыцыну ў Віленскім унівэрсытэце). 27 чэрвеня 1941 году да яго прыйшлі гестапаўцы і пад пагрозай зьняволеньня й расправы загадалі зьбірацца: вэрмахт бярэ Менск, «лета надыходзіць, можа ня быць вады, ежа будзе нясьвежая... Ваша заданьне — арганізаваць адміністрацыю, не дапусьціць эпідэміі».
У верасьні 1942-га Вітаўт пайшоў у беларускую школу. «Нямецкага прапагандысцкага ціску ў школе не адчувалася, партрэтаў Гітлера нідзе не вісела... Адзінае, дзе мог быць нейкі „пранямецкі“ мамэнт — на лекцыях нямецкай мовы наша немка давала вучыць тры-чатыры вершыкі на выбар, і сярод іх заўсёды быў нейкі мадэрны тагачасны, часам больш-менш нацыстоўскага зьместу... Але мы ніколі гэтых вершаў не выбіралі. Бальшыня выбірала Гётэ...»
Пераважная частка мэмуараў прысьвечаная паваеннай адысеі аўтара: Нямеччына, Бэльгія, Злучаныя Штаты. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, скаўтынг, Лювэнскі ўнівэрсытэт (на шляху ў навуку Вітаўту, між іншага, давялося і даіць кароў, і працаваць на фабрыцы, што рыхтавала кішкі для каўбасаў).
Амэрыканскі пэрыяд, як адзначае ў прадмове Янка Запруднік, асабліва «урадлівы на грамадзкую і навуковую дзейнасьць». (Чаго вартая хаця б кніга «Беларусы ў ЗША»!) Ён жа раіць у адлюстраваньні гэтага пэрыяду зьвярнуць увагу на шматгадовую плённую працу аўтара ўспамінаў у славутай Нью-Ёрскай публічнай бібліятэцы ды на справы БІНіМУ — Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку, які ад 1982 году Вітаўт Кіпель і ўзначальвае. Зрэшты, зь цікавасьцю і карысьцю прачытаюцца й іншыя разьдзелы, да прыкладу, «Сям’я і будні», дзе нашы эмігранты новай хвалі знойдуць парады ў справе выхаваньня дзяцей і ўнукаў «у лучнасьці зь беларускасьцю і Беларусьсю». У Кіпеляў гэта атрымалася выдатна.
Апошнюю частку кнігі — «Вяртаньне ў Беларусь», дзе апавядаецца аб шматлікіх прыездах Вітаўта і Зоры Кіпеляў на радзіму пасьля краху савецкай імпэрыі, аб іх удзелах у навуковых канфэрэнцыях, кантактах з навукоўцамі і літаратарамі я, з ужо тлумачаных прычынаў, часта чытаў з пачуцьцём дэжавю, але нязьменна дзівіўся ўменьню Кіпеля аднаўляць падзеі ўва ўсёй іхняй шматсэнсавасьці, шматфарбнасьці, а часам і трагікамічнасьці.
Так, у Рэчыцы (яе на мяжы ХVІ-ХVІІ стагодзьдзяў апісаў першы губэрнатар Вірджыніі капітан Сьміт, які ў свой час вяртаўся праз гэты горад з турэцкага палону, аб чым Зора Кіпель зрабіла публікацыю ў «Запісах» БІНіМУ) рэстаран сапраўды быў «закрыт на обед». У дадатак узьнікла і вусьцішная праблема з прыбіральняй (з гэтым у раённых гарадах у 1990-я было, бадай, ня лепей, чым за часамі Сьміта). Першую прыгоду аўтар мэмуараў успомніў толькі мімаходзь, а другую вырашыў і ня ўзгадваць. У такіх драбніцах таксама адчуваецца маштаб асобы, бо ў мяне на памяці іншыя ўспаміны замежных суайчыньнікаў, дзе падобныя сытуацыі абсмоктваюцца на цэлых старонках.
Са скрухаю піша спадар Вітаўт пры канцы кнігі, як ня зьдзейсьніліся іхнія з Зорай пляны прыехаць працаваць у Беларусь — «выкладаць, аналізаваць, парадкаваць...» З адпаведнымі просьбамі, як высьветлілася, яны зьвярталіся да некаторых вядомых асобаў, аднак тыя або адказалі, што «працы ў нас няма і з гэтым вазіцца ня будзем» або проста «забыліся». Пакіну сказанае без камэнтароў. Ну а Кіпелі вырашылі — ды іначай і не маглі —працягваць працаваць «па-за Беларусьсю, для Беларусі». Якраз гэтымі словамі і сканчваюцца ўспаміны.
Пульхная ад шматлікіх закладак кніга Вітаўта Кіпеля ўжо заняла ў маёй бібліятэцы сваё пачэснае месца паміж томам успамінаў ягонага бацькі Яўхіма і магутным шыхтом БІНіМаўскіх выданьняў з сэрыі «Беларускія паэты і пісьменьнікі». Ёй будзе камфортна ў кампаніі з творамі Натальлі Арсеньневай й Алеся Салаўя, Уладзімера Дудзіцкага й Юркі Віцьбіча, Вітаўта Тумаша й Антона Адамовіча... Многія з гэтых тамоў зьявіліся на сьвет дзякуючы менавіта Вітаўту, а іхнія аўтары сталіся героямі ягонай новай кнігі, якую яшчэ ня раз захочацца пакласьці перад сабой на пісьмовы стол.