Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабарончы цэнтар «Вясна»: затрыманых па «справе графіцістаў» можна кваліфікаваць як новых палітычных зьняволеных


Праваабарончы цэнтр «Вясна» заклікае спыніць крымінальны перасьлед па частцы 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Злоснае хуліганства») у дачыненьні да Вячаслава Касінерава, Яраслава Ульяненкава, а таксама да затрыманых Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага, і неадкладна вызваліць іх з- пад варты.

11 жніўня 2015 года супрацоўнікамі МУС былі затрыманыя пяцёра моладзевых актывістаў: Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі, Вячаслаў Касінераў, Яраслаў Ульяненкаў і грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі Павал (прозвішча не вядомае). Двое апошніх былі пазьней вызваленыя пад падпіску аб нявыедзе, Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі зьмешаныя ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў, а Вячаслаў Касінераў знаходзіцца пад вартай у шпіталі, у які ён быў зьмешчаны з падвойным пераломам ськівіцы пасля затрыманьня супрацоўнікамі МУС.

Падставай для крымінальнага перасьледу стала падазрэньне іх у напісаньні графіці палітычнага зьместу на плоце ў завулку Альшэўскага і вуліцы Лынькова. Упраўленьнем Сьледчага камітэту па Менску заведзеная крымінальная справа — хлопцы абвінавачваюцца ў злосным хуліганстве, а таксама ім інкрымінукцца псаваньне маёмасьці індывідуальнага прадпрымальніка (біг-борда з выявай супрацоўнікаў міліцыі) па вуліцы Гарэцкага.

У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр «Вясна» адзначае:

Напісаньне графіці с надпісам «Беларусь мае быць беларускай» з выявай беларускага арнамэнту, перакрэсьленых свастыкі і сярпа з молатам, а таксама з надпісам «Рэвалюцыя сьвядомасці, яна ўжо ідзе...» з выявай чалавека з бутэлькай у руце, ня маюць на мэце парушэньня грамадскага парадку і не выказваюць яўнай непавагі да грамадзтва, ня ўтрымліваюць прапаганду нацыянальнай, рэлігійнай, расавай, сацыяльнай ці іншай варожасьці. Характар і зьмест надпісаў сьведчыць аб адсутнасьці хуліганскіх матываў у дзеяньнях асобаў, якія іх учынілі і, адпаведна, аб адсутнасьці складу злачынства, прадугледжанага ч. 2. арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь.

Паколькі дадзенае злачынства не ўяўляе вялікай грамадзкай небяспекі, яно не прадугледжвае магчымасьці ўтрыманьня пад вартай падазраваных. Акрамя таго, пытаньне аб кампэнсацыі нанеснай шкоды можа быць разгледжаны ў грамадзянска-прававым парадку.

Дзеяньні супрацоўнікаў МУС, якія ажыцяўлялі затрыманьне асобаў з выкарыстаньнем фізычнай сілы і спэцсродкаў, насілі відавочна непрапарцыйны і жорсткі характар і прычынілі фізычныя пашкоджанні затрыманым.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» заяўляе:

  • утрыманьне М. Пякарскага і В. Жаромскага пад вартай па падазрэньні ў здзяйсненьні імі злоснага хуліганства зьяўляецца незаконнай і непрапарцыйнай мерай;
  • а таксама ажыцяўляецца пры адсутнасьці складу злачынства, прадугледжанага ч.2 арт. 339 КК у іх дзеяньнях;
  • наяўнасьць палітычных матываў у дзеяньнях органаў дзяржаўнай улады дазваляюць кваліфікаваць М.Пякарскага і В. Жаромскага як палітычных зняволеных;
  • гэтыя дзеяньні ўладаў адбываюцца ў пэрыяд правядзення прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, носяць дэманстратыўны харакар і відавочна маюць на мэце прадухіленьне магчымых акцый грамадзянскай актыўнасьці, асабліва ў моладзевым асяродку.

Правабарончы цэнтр «Вясна» патрабуе:

  • неадкладна перагледзіць прынятыя ў дачыненні да М. Пякарскага і В. Жаромскага працэсуальныя меры, скіраваныя на іх ізаляцыю, і вызваліць іх з-пад варты;
  • спыніць крымінальны перасьлед М.Пякарскага, В. Жаромскага, В.Касінерава, Я. Ульяненкава па ч. 2 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь у сувязі з адстутнасьцю складу дадзенага злачынства ў іх дзеяньнях;
  • гарантаваць выкананне ўсіх працэсуальных правоў на пэрыяд вядзеньня расьледваньня, у тым ліку права на абарону і свабоду ад жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня;
  • правесці належнае расьледваньне фактаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня ў дачыненьні да затрыманых і прыцягнуць вінаватых да ўстаноўленай законам адказнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG