Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт абвясьціў пра затрыманьне чатырох графіцістаў і цяпер высьвятляе матыў іхніх дзеяньняў


Крымінальная справа аб пашкоджаньні маёмасьці і хуліганскіх дзеяньнях расьсьледуецца ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту сталіцы.

Як паведамляе прэс-служба СК, па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні гэтых злачынстваў затрыманыя чацьвёра жыхароў Менску. Іх прозьвішчы не называюцца, але, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра аўтараў сэрыі беларускамоўных графіці.

Адзначаецца, што падставай для ўзбуджэньня крымінальнай справы паслужылі матэрыялы Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС.

«Названыя асобы падазраюцца ў тым, што ў ліпені бягучага году ажыцьцявілі псаваньне рэклямнага шчыта з выявай супрацоўнікаў праваахоўных органаў, які належыць індывідуальнаму прадпрымальніку, прычыніўшы апошняму матэрыяльную шкоду ў памеры ня менш за 2 мільёны рублёў.

Акрамя таго, у выкананьні на шэрагу збудаваньняў у розных частках гораду надпісаў і малюнкаў, якія прапагандуюць гвалт у грамадзтве і пагарджаньне агульнапрынятымі правіламі паводзінаў, у прыватнасьці, у малюнку сылюэту чалавека, які кідае бутэльку з запальнай сумесьсю.

Сьледзтва разьбіраецца ва ўсіх акалічнасьцях здарэньня. Дапытваюцца падазраваныя. Высьвятляюцца матывы і мэты зьдзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў», — паведамляюць у прэс-службе СК.

Праваахоўнікі адзначаюць, што да матэрыялаў крымінальнай справы далучаныя канфіскаваныя ў падазраваных «літаратура экстрэмісцкай накіраванасьці, маскі, шаўроны з выявай „Калаўрата“, бутэлькі з вадкасьцю для распальваньня, балаклава, прадмет (так у прэс-рэлізе. — РС), пнэўматычны пісталет і многае іншае».

У СК дадаюць, што ў рамках сьледчых дзеяньняў прызначаная псыхоляга-лінгвістычная экспэртыза.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG