Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За беларускамоўныя графіці хлопцам пагражае да 6 гадоў зьняволеньня


Яраслаў Ульяненкаў: Пачалі ціснуць на маю цяжарную сяброўку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:29 0:00

Яраслаў Ульяненкаў: Пачалі ціснуць на маю цяжарную сяброўку

Упраўленьне Сьледчага камітэту па горадзе Менску 14 жніўня апублікавала інфармацыю па крымінальнай справе за беларускамоўныя графіці. Па падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынстваў затрымана чацьвёра жыхароў Менску, прозьвішчы ў афіцыйным паведамленьні не называюцца. Як стала вядома праваабаронцам і журналістам, двое маладых людзей цяпер за кратамі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, адзін — у шпіталі з падвойным пераломам сківіцы, адзін пад падпіскай аб нявыезьдзе.

11 жніўня ў Менску людзі ў чорнай форме і масках уварваліся адначасова ў тры розныя кватэры маладых людзей, якія там пражываюць, паклалі іх на падлогу, зьбівалі, ужывалі да іх электрашокеры, прымушалі прызнацца, што менавіта яны расьпісалі ў траўні, ліпені і жніўні пэўныя будынкі. Правялі ператрусы, потым павезьлі на допыты ў Менскае гарадзкое ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю (ГУБАЗ) і Сьледчы камітэт. Аднаго — Яраслава Ўльяненкава — адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Траіх — Максіма Пякарскага, Вячаслава Касінерава і Вадзіма (які прасіў не называць яго прозьвішча) — завезьлі на Акрэсьціна. Зьбілі хлопцаў так моцна, што ў Вячаслава Касінерава — складаны пералом сківіцы ў двух месцах, яго перавялі ў 11-ты шпіталь.

Як абышліся зь Яраславам Ульяненкавым, Радыё Свабода падрабязна распавяло 13 жніўня.

Яраслаў Ульяненка
Яраслаў Ульяненка

«Маскі-шоў», — кажа Яраслаў, — не прадставіліся, зьбівалі, запалохвалі, не складалі пратакол, праводзілі «неафіцыйныя гутаркі», псыхалягічна ціснулі, правакавалі. У пратаколе, які быў складзены ўжо ў Сьледчым камітэце, няма нават дакладнага адрасу, дзе гэтыя графіці разьмешчаныя, пазначаны толькі вуліцы. У хлопца забралі кампутар, флэшкі, 5 пар абутку (нават зімовыя боты). Яраслаў паказаў і цялесныя пашкоджаньні. Цяпер пачалі ціснуць на ягоную цяжарную жонку:

«У чацьвер а палове на трэцюю дня да маёй жонкі, якая вось-вось народзіць, у яе ўжо 39-ты тыдзень цяжарнасьці, прыходзілі міліцыянты. Сёньня, у пятніцу, гэта паўтарылася, але ўжо прыходзілі зранку, а 10-й. І на мяне псыхалягічна ціснулі, казалі: «Мы ведаем, што ў цябе жонка цяжарная, давай зробім па-добраму, прызнавайся, інакш будзе па-дрэннаму, ты пра гэта яшчэ пашкадуеш, і дзіця сваё ня ўбачыш, і наагул жах што будзе».

Насту Мельнікаву, дзяўчыну Максіма Пякарскага (якога трымаюць на Акрэсьціна), падманам завабілі ў ГУБАЗ. Калі яна тэлефанавала Максіму, слухаўку ўзяў сьледчы, які распавёў, што, «маўляў, ваш хлопец зьбіў на ровары дзіця, трэба дамовіцца зь ягонымі бацькамі, каб справу не заводзіць», і загадаў прыехаць на Рэвалюцыйную, 3 — ва УБАЗ.

«Ніхто не прадставіўся. Мяне дапытвалі чалавек 5, якія мяняліся, запытвалі адно і тое ж: дзе я была такога чысла, дзе іншага. Я толькі пачула, што адзін аднаго назваў Ігарам. У мяне пачало сэрца балець, дык мне прапанавалі вады, а потым нейкіх таблетак, валяр’янкі. Я, натуральна, ніякіх лекаў у іх браць ня стала. А потым мяне павезьлі ў Сьледчы камітэт на допыт. Але туды ўжо пасьпеў адвакат пад’ехаць».

Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту па горадзе Менску Юлія Ганчарова камэнтаваць сытуацыю Радыё Свабода адмовілася. Паабяцала, што ў сярэдзіне дня зьявіцца афіцыйнае паведамленьне Сьледчага камітэту. Прозьвішчаў там няма, паведамляецца толькі, што заведзеная крымінальная справа ў дачыненьні да чатырох менчукоў аб псаваньні маёмасьці і хуліганскіх дзеяньнях. І далей ідуць агульныя фармулёўкі, кшталту:

«Указаныя асобы падазраюцца ў тым, што ў ліпені зьдзейсьнілі пашкоджаньне рэклямнага шчыта з выявай супрацоўнікаў праваахоўных органаў... Акрамя таго, у выкананьні на шэрагу збудаваньняў у розных частках гораду надпісаў і малюнкаў, што прапагандуюць гвалт у грамадзтве і пагарду да агульнапрынятых правілаў паводзінаў, у прыватнасьці, у выяве абрысу чалавека, які кідае запальную сумесь... Да матэрыялаў крымінальнай справы далучаныя вынятыя ў падазраваных літаратура экстрэмісцкай накіраванасьці, маскі, шаўроны з выявай „Калаўрота“, бутэлькі з вадкасьцю для падпалу, пнэўматычны пісталет».

І агульныя фразы кшталту «сьледзтва разьбіраецца ў абставінах, дапытваюцца падазраваныя, высьвятляюцца матывы і мэты супрацьпраўных дзеяньняў».

Праваабаронца Наста Лойка, якая дапамагала хлопцам знайсьці адвакатаў і вывучала справу, распавяла больш:

Наста Лойка
Наста Лойка

«Там тры эпізоды. Адзін вядзе Фрунзэнскае РУУС, два — Сьледчы камітэт, дзе стварылі адмысловую сьледчую групу. І што цікава — разам працуе Гарадзкое ўпраўленьне па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю. То бок іх прывозяць у ГУБАЗ на вуліцу Рэвалюцыйную, 3, іх там запалохваюць і апрацоўваюць, а потым толькі вязуць у Сьледчы камітэт на вуліцу Сапёраў, 7. Вось такая складаная працэдура па коле.

Адзін эпізод — на графіці напісана „Рэвалюцыя ў сьвядомасьці“, намалявана кола, і там кніжка, гантэлька, птушка, з аднаго боку, а з другога боку — выява хлопца, які кідае кактэйль Молатава. Другое графіці — „Беларусь мае быць беларускай“: беларускі арнамэнт і перакрэсьленыя свастыка і серп і молат. Вось гэтыя два эпізоды сьледчыя кваліфікавалі як „хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў“. Гэта, канечне, абсурд. Але там вельмі сур’ёзныя санкцыі — да шасьці гадоў пазбаўленьня волі. А трэці эпізод — сацыяльны банэр, выяву супрацоўніка міліцыі проста запэцкалі фарбай, там шкоды ўсяго на 2 мільёны, і інкрымінуюць 341 артыкул — „Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці“. Там даволі лёгкія санкцыі: да 3 месяцаў арышту».

Пакуль усе чацьвёра маладых людзей маюць статус падазраваных, як вынікае з паведамленьня Сьледчага камітэту. У выпадку наданьня ім статусу абвінавачаных за беларускамоўныя надпісы на сьценах ім пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG