У прыватнасьці, у інтэрвію Свабодзе Міхаіл Пастухоў адзначыў:
«Выбары прызначаліся датэрмінова і ў 2006, і ў 2010 годзе. Арганізатары выбараў ня здолелі адмовіцца ад такой практыкі і гэтым разам, прызначаючы выбары на 11 кастрычніка.
У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у артыкуле 81 пазначана, што выбары прэзыдэнта прызначаюцца за пяць месяцаў і праводзяцца за два месяцы да завяршэньня тэрміну паўнамоцтва папярэдняга прэзыдэнта. Калі дзейны кіраўнік краіны заступіў на пасаду 21студзеня 2011 году, то чарговыя выбары павінныя былі быць прызначаныя не раней за 15 лістапада. У адпаведнасьці з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта складае пяць гадоў. Яго можна скараціць максымальна на два месяцы дзеля таго, каб правесьці другі тур выбараў, а калі гэта ня будзе мець посьпеху, то правесьці паўторныя выбары.
Цяперашняя тактыка перасоўваньня выбараў не адпавядае на Канстытуцыі і Выбарчаму кодэксу. 15 лістапада — гэта мяжа таго тэрміну, які адпавядаў бы дзейнаму заканадаўству ў прызначэньні даты выбараў. Калі тэрмін перасоўваецца на ранейшы час, то гэта можна назваць датэрміновымі выбарамі. Гэта таксама ставіць у складанае становішча іншых кандыдатаў у прэзыдэнты, якія плянуюць адну стратэгію дзеяньняў, а пасьля неспадзявана вымушаныя прымаць тыя ўмовы, якія прапаноўваюць дэпутаты.
Таму я зьвяртаю ўвагу, што дата прэзыдэнцкіх выбараў прызначаная з парушэньнем дзейнага заканадаўства, што яна цягне за сабой сумневы адносна легітымнасьці выбараў, якія будуць праходзіць. Таксама зьвяртаю ўвагу, што гэта паставіла ў складаныя ўмовы іншых кандыдатаў, якія будуць вымушаныя праводзіць сваю кампанію — збор подпісаў — падчас летніх адпачынкаў, калі многія выяжджаюць у адпачынак і актыўнасьць грамадзтва найніжэйшая. Гэта выракае альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты на няўдачу ў гэтых выбарах. Ня кажучы пра тое, што дзейнае заканадаўства не зьяўляецца дэмакратычным і разыходзіцца з міжнароднымі актамі аб выбарах, паводле якіх назіраюць за выбарамі міжнародныя назіральнікі».