Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары без Лукашэнкі: туркмэнскі варыянт


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Праект, які распачаў Сяргей Дубавец сваім блогам, толькі на першы погляд падаецца пустой гульнёй, адлюстраваньнем суму ад адчуваньня, што ўсё з сёлетнімі выбарамі зразумела. А таму чаму б не памарыць ці не пасьцябацца, чаму б не напісаць фэнтэзі пра тое, як усё магло б быць інакш.

Між тым такое «летуценьне» можа быць крокам да сур’ёзнага асэнсаваньня сытуацыі, стандартным прыёмам сыстэмнага аналізу, калі з сыстэмы ў думках, гіпатэтычна, выключаецца нейкі элемэнт і глядзіцца, што ж у ёй ад таго зьменіцца. Такі аналіз дае лепшае ўяўленьне і пра сыстэму ў цэлым і пра ролю ў ёй «выключанага» ў дасьледаваньні элемэнта.

Новы лідэр «Партыя ўлады»

Уявім сабе сапраўды, што выбары — без Лукашэнкі. Зь якой заўгодна прычыны — ці з тае, што ўсе пад Богам ходзім, ці дзейны кіраўнік адчуе духоўнае адраджэньне і паедзе у вёску капусту вырошчваць, як рымскі імпэратар Дыяклетыян.

Але ж нікуды не падзенецца армія чыноўнікаў са сваімі статусамі і інтарэсамі, нікуды не падзенуцца шматлікія людзі ў пагонах са сваімі магчымасьцямі.

У прыгожай схеме, прапанаванай Сяргеем Дубаўцом, яны некуды зьнікаюць, іх прадстаўніка на выбарах ня будзе, за прэзыдэнцтва ў яго фэнтэзі будуць змагацца Гайдукевіч і шматлікія прадстаўнікі сучаснай апазыцыі.

А чаму ж толькі яны? А хто ж будзе прадстаўляць інтарэсы арміі чыноўнікаў, якія ёсьць касьцяк кіроўнай сыстэмы краіны? Зьнікненьне Лукашэнкі з выбарчага небасхілу ўтворыць сьвятое месца, якое ні ў якім выпадку ня будзе пустым. Зразумела, за месца пачнецца бойка. І будзе пэўнае адчуваньне разгубленасьці — усё ж людзі сыстэмы прызвычаіліся апошнія дзесяцігодзьдзі больш падпарадкоўвацца і адвучыліся ад сапраўднай адкрытай палітычнай барацьбы.

Але гэта ня значыць, што адвучыліся ад любой барацьбы, там і зараз ідуць жорсткія бойкі за месца пад сонейкам. Ды і гістарычна яно так было: пры Сталіне Хрушчоў, які танчыў гапак на вечарынах у правадыра, зусім не здаваўся такой буйной постацьцю і змагаром за ўладу, якім паказаў сябе потым.

Чаму пасьля 1991 году скончыліся перамогі БНФ?

Можна прыгадаць і ўласна беларускі досьвед. У 1989-1991 гадах здавалася, што БНФ ішоў ад перамогі да перамогі, калі ён змагаўся фактычна з агульнасавецкай сыстэмай. Прыйшла перамога, рухнуў камунізм, распаўся СССР і таму ж БНФ давялося мець справу з куды менш кампэтэнтнай, больш нехлямяжай, менш дасьведчанай мясцовай уладнай элітай, якая, тым ня менш, тады ўжо вяла барацьбу за ўласныя інтарэсы. І куды падзеліся ўсе выбітныя палітычныя здольнасьці БНФ?

Гэта нікому не ў папрок, а толькі да таго, што ня варта недаацэньваць людзей, якія вельмі шмат згубяць ад паразы і маюць чым і за што змагацца. Іх, дарэчы, ў Беларусь ня ветрам надзьмула і не з Масквы іх кіраваць прызначылі.

Сварка ў апараце пасьля сыходу Лукашэнкі будзе кароткай, бо адлік да выбараў ужо пайшоў. І зьявіцца постаць Х, прадстаўнік і вылучэнец «партыі ўлады». Ці то Кабякоў, які паводле канстытуцыйнага статусу другая асоба ў дзяржаве, ці пасланы «на захаваньне» ў Савет Рэспублікі патрыярх беларускага апарату Мясьніковіч, ці кіраўнік самай моцнай сілавой структуры Вакульчык, ці сын дзейнага прэзыдэнта Віктар. Апошняе малаверагодна — статус сына-пераемніка яшчэ не распрацаваны, а бяз бацькі сам па сабе Віктар — пакуль ня самая моцная фігура.

І што далей? А нічога новага. Усе на сваіх пасадах — і Ярмошына, і кіраўнікі тэлеканалаў, і МУС, і КДБ. І народ, дарэчы, напалоханы ўкраінскімі жахамі ў двукосьсі і без. Зразумела, выпадзеньне галоўнай косткі «даміно» створыць сытуацыю, больш небясьпечную ў сэнсе магчымых сутыкненьняў і праліцьця крыві. Але і прага людзей да прадухіленьня гэтага набудзе больш практычны і мэтанакіраваны характар. Зараз казкі пра Майдан — чыста мэдыйная страшылка. Тады ня будзе. І «цьвёрдая рука», якая прадэманструе, што гатовая спыніць забурэньні, прыцягне на свой бок сымпатыі значнай колькасьці беларусаў.

Сварка ў апазыцыі супраць сваркі ва ўладзе

Але такая ж, як ва ўладных колах, калі ня больш жорсткая сварка будзе і ў апазыцыі. Зараз адзінага няма, бо шанцы і на яго посьпех даволі туманныя. А тады нашто ён? Ня будзе ж «вялікага і жахлівага» Лукашэнкі, будзе «нікчэмны намэнклятурны» Х. А ўлада будзе здавацца такой блізкай. А тут яшчэ Статкевіча з турмы выпусьцяць, вернуцца Пазьняк і Саньнікаў — весела будзе, кандыдаты на любы густ.

Ну некаму з апазыцыі прапануюць замест няпэўнага змаганьня з Х і ім падобнымі пэўныя міністэрскія партфэлі, гэтак жаданыя пасьля многіх гадоў, праведзеных у палітычным андэрграўндзе. Ці месцы ў парлямэнце, выбары ў які — ўсяго праз год. Нехта з апазыцыянэраў спалохаецца «истинно русского» кандыдата У, які тады абавязкова ўзьнікне. Ня тое, што Масква яго будзе прасоўваць любой цаной, але яна сабе ў такой гульні не адмовіць. «Ня хочаце Х, атрымаеце У і разам зь ім суцэльны Крым на ўсю Беларусь», — скажуць памяркоўным апазыцыянэрам.

Захад будзе чухаць патыліцу. З аднаго боку дыктатара няма, бачыць на чале Беларусі яго палітычнага ці біялягічнага нашчадка ня хочацца. Але зь іншага боку Расея зь яе памкненьнямі і звычкамі нікуды не падзелася. На Х можна спадзявацца, што ён сытуацыю неяк утрымае, ўсё ж ёсьць досьвед кіраваньня, на апазыцыйных кандыдатаў, якіх процьма — невядома. Х — кампраміс, аб якім можна дамовіцца з Расеяй, каб не атрымаць У ці ўварваньне ў Беларусь «зялёных чалавечкаў».

Туркмэнскі варыянт

Магчыма, некаму здавалася, што ў Туркмэністане пасьля сьмерці Ніязава адбудуцца нейкія істотныя зьмены. Выключны жа быў дэспат, тыран, уся сыстэма была замкнёная на яго пэрсанальна. Здавалася. Ну і што ў выніку? Сёе-тое зьмянілася, паслабленьні нейкія выйшлі, але па сутнасьці...

Беларусь — не Туркмэністан. Так, але яна і зараз не Туркмэністан ані часоў Ніязава, ані часоў Бердымухамэдава. Але яна і не Літва, не Ўкраіна і нават не Армэнія. І гэта вызначаецца ня толькі тым, што ёй кіруе Лукашэнка.

Зразумела, мой аналіз таго, што магло б быць — гіпатэтычны як і любы іншы. Але ён, як мне здаецца, грунтуецца на рэальных мэханізмах, якія існуюць у беларускім грамадзтве, а не на маіх ці нечых пажаданьнях.

Мой сцэнар можна аспрэчыць. Але плённа было б аспрэчыць яго, пазначыўшы менавіта мэханізмы, інтарэсы, якія забясьпечаць посьпех іншага сцэнару, а не прапануючы паэтычныя лёзунгі — падымецца народ, скіне прыгнёт, выйдзе на шлях вольны.

У гэтых выбарах Лукашэнка ўдзельнічаць будзе. А калі б не ўдзельнічаў, то ці шмат бы зьмянілася?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG