Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты ў банкаўскай сфэры: «Курс даляра вагаецца, для нас гэта проста нязвыкла».


За апошнія два тыдні беларускі рубель істотна патаньнеў. 20 траўня за даляр давалі 14 040 беларускіх рублёў, а курс на 6 чэрвеня — ужо 15 316 рублёў за даляр. Максымальныя стаўкі па рублёвых дэпазытах — 30%, год таму дасягалі 45%. Ці варта чакаць масавага зьняцьця рублёвых укладаў і пераводу іх у валютныя, і ці варта цяпер скупляць валюту.

Чэргаў і ажыятажу, каб зьняць свае ашчаджэньні, у беларускіх банках пакуль няма, але людзі часьцей сталі закрываць свае дэпазыты ў беларускіх рублях. Экспэрты ў банкаўскай сфэры называюць дзьве асноўныя прычыны: аслабленьне беларускага рубля і зьніжэньне працэнтных ставак па дэпазытах. Фінансавы аналітык Аляксандар Муха тлумачыць:

Аляксандар Муха
Аляксандар Муха

«Відавочна, што тэндэнцыя зьніжэньня працэнтных ставак па рублёвых інструмэнтах, якая працягваецца — уключаючы стаўкі ня толькі па рублёвых крэдытах, але і па рублёвых дэпазытах, і па дэпазытах, — спрыяе зьмяншэньню схільнасьці насельніцтва і юрыдычных асобаў да арганізаваных рублёвых ашчаджэньняў. Арганізаваных — маецца на ўвазе ў форме банкаўскіх укладаў, дэпазытаў, зьберагальных сэртыфікатаў, банкаўскіх аблігацыяў і гэтак далей».

У пятніцу мой калега бачыў, як перад ім у банку пажылая пара здымала 60 мільёнаў рублёў. Яшчэ адна жанчына таксама прывяла ў банк сваіх бацькоў, каб тыя зьнялі беларускія грошы і перавялі ў валюту:

«Мае бацькі-пэнсіянэры па старой звычцы ўсё захоўваюць у рублях у банку. Хоць ужо некалькі разоў ледзьве не праляцелі. Сказала: ідзіце, забірайце, таму што курс расьце. Паслухаліся, бо разумеюць, што ўсе іх працэнты „накрыюцца“ гэтым курсам, які імкліва расьце. Загадала зьняць і набыць даляры ці эўра — што будзе ў абменьніках. Бо калі і далей курс будзе расьці, народ пасьля выходных вернецца зь лецішчаў — і тады пэўна ў банках будзе ажыятаж».

Экспэрты кажуць, што пэнсіянэры зь пераводам сваіх невялікіх рублёвых ашчаджэньняў у валюту асаблівага ўплыву на становішча на валютным рынку не аказваюць, але ёсьць і буйныя гульцы. На адной з нарадаў адмыслоўцаў Нацыянальнага банку і экспэртаў прагучала інфармацыя, што ў беларускіх банках ёсьць укладчыкі з памерам сродкаў, калі перавесьці іх у валюту, 40 мільёнаў даляраў. Меркаваньне фінансавага аналітыка Аляксандра Мухі:

«Могуць быць укладчыкі, у якіх сумы больш за 1 мільярд рублёў. Тады, нават калі асобныя ўкладчыкі пачнуць канвэртаваць свае рублёвыя ўклады ў валютныя дэпазыты, гэта, відавочна, будзе аказваць ціск на абменны курс беларускага рубля».

Экспэрты ня раяць цяпер народу пераводзіць свае рублёвыя ўклады ў валюту, скупляць валюту — маўляў, ніякай катастрофы няма, гэта могуць быць проста часовыя ваганьні курсу. Галоўны рэдактар парталу infobank.by Аляксей Гарбуноў такім чынам тлумачыць цяперашні рост даляра:

«Курс даляра ў большай ступені залежыць ад курсу расейскага рубля. Расейскі рубель цяпер аслабляецца, таму расьце курс даляра ў Беларусі. Але расейскі рубель можа і ўзмацніцца, як было ня так даўно. Экспэрты ж кажуць, што нічога крытычнага не адбываецца. Курс даляра вагаецца туды-сюды, і для нас гэта проста нязвыкла».

Беларусам трэба прывыкаць да новых рэаліяў на валютным рынку: курс будзе больш гнутка рэагаваць на суадносіны попыту і прапановы замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку, кажа фінансавы аналітык Аляксандар Муха:

«Натуральна, калі будзе адбывацца павышэньне дэвальвацыйных чаканьняў, адпаведна, будзе адбывацца паскарэньне тэмпаў росту дэвальвацыі беларускага рубля. Гэта проста новая рэальнасьць валютнага рынку, і да ёй трэба прывыкаць: сёньня вы ўбачыце 15 400, 15 500 беларускіх рублёў за даляр — курс Нацбанку, а празь месяц — зноў 14 500».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG