Апошнія некалькі тыдняў курс даляра ў Беларусі дэманструе ўстойлівы рост: яшчэ 19 траўня даляр каштаваў 14 040 рублёў, а сёньня дасягнуў узроўню 15 316 рублёў.
Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што падзеньне рубля — заканамернае наступства эканамічнай сытуацыі ў краіне:
«Я думаю, што гэта нармальная зьява, зьвязаная са станам эканомікі ў Беларусі. Крызіс паглыбляецца, зьнешнегандлёвае сальда адмоўнае. Пятнаццаць тысяч за даляр — ужо быў такі курс у гэтым годзе. Так што гэта ваганьне ў рамках той велічыні, якая склалася пасьля чарговай дэвальвацыі. Трэба глядзець, што будзе далей. Калі Нацбанк не дазволіць павялічваць грашовую масу, то сытуацыя на валютным рынку дзесьці стабілізуецца ў раёне гэтых 15 тысяч плюс-мінус», — кажа Багданкевіч.
Паводле ягоных слоў, шмат што будзе залежаць ад узроўню інфляцыі ў Беларусі: пакуль інфляцыя ня будзе спыненая, паўзучая дэвальвацыя працягнецца.
Аднак чаму на працягу сакавіка-траўня беларускі рубель умацоўваўся? На думку Багданкевіча, гэта зьвязана з тым, што ў сьнежні-лютым, на хвалі валютнай панікі, курсы даляра і эўра крыху перавысілі рэальны ўзровень дэвальвацыі.
«Дэвальвацыя, мабыць, павінна была спыніцца ў рамках 14 тысяч, а яна скацілася да 15 тысяч. Потым сытуацыя стабілізавалася, і адбыўся адкат», — кажа экс-кіраўнік Нацбанку.
Экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) Зьміцер Крук, у адрозьненьне ад Багданкевіча, лічыць, што галоўная прычына цяперашняга падзеньня беларускага рубля — сытуацыя ў Расеі, дзе таксама назіраецца рост курсу даляра. Паводле ягоных слоў, гэта неабходна дзеля таго, каб беларускія экспартэры ня трацілі канкурэнтаздольнасьці на расейскім рынку. Унутраных прычын для цяперашняга аслабленьня беларускага рубля Крук ня бачыць.
Сур’ёзнага падзеньня беларускага рубля ў гэтым годзе спадар Крук не прагназуе:
«Думаю, што на працягу гэтага году будуць ваганьні з плаўным абясцэньваньнем рубля, але не істотным. На канец году, я думаю, курс будзе дзесьці 15 500, ня болей. Аднак ваганьні могуць быць даволі істотныя — плюс-мінус тысяча».
Значна больш нэгатыўны прагноз агучыў у інтэрвію Радыё Свабода эканаміст Леанід Злотнікаў: ён лічыць, што да канца году даляр можа дасягнуць 17–18 тысяч рублёў.
Тое, што адбываецца сёньня, Злотнікаў нават не называе падзеньнем рубля, бо рост даляра проста паўтарыў рост інфляцыі ў Беларусі: і інфляцыя, і даляр вырасьлі прыкладна на 6–7%.
«Гэта перш за ўсё інфляцыя — даляр проста ідзе ўсьлед за інфляцыяй беларускага рубля», — кажа ён.
Улічваючы цяперашнія тэмпы, інфляцыя да канца году можа скласьці
16–18%, а такім чынам, на аналягічным узроўні будзе і дэвальвацыя.
«Я думаю, даляр вырасьце ня менш, чым інфляцыя (15–20%), і гэта толькі з-за самой інфляцыі», — адзначае Злотнікаў.
Узровень дэвальвацыі будзе залежаць таксама ад таго, ці атрымае беларуская ўлада новыя крэдыты:
«Золатавалютныя рэзэрвы ў Беларусі вельмі маленькія і могуць пакрыць толькі 1,5 месяца імпарту, што ніжэй за мінімальную колькасьць ЗВР, неабходных дзеля ўстойлівасьці эканомікі. Таму ўсё будзе залежаць ад таго, дадуць нам вялікія крэдыты ці не. Хутчэй за ўсё — не, таму даляр можа вырасьці і яшчэ працэнтаў на 10».
Зь сьнежня 2014 году па люты 2015 году беларускі рубель быў дэвальваваны больш як на 40%: курс на 19 сьнежня складаў 10 890 рублёў за даляр ЗША, а на 3 лютага — 15 450. Потым на працягу сакавіка-траўня назіралася ўзмацненьне нацыянальнай валюты, і даляр зьнізіўся да 14 040. Але пачынаючы з 19 траўня даляр зноў вырас — на 1 276 рублёў.