Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапанова Лукашэнкі пабудаваць другую АЭС — гэта міна запаволенага дзеяньня пад будучыню Беларусі. Аналіз Валера Карбалевіча


Лукашэнка і Пуцін падчас сустрэчы ў Маскве. 26 верасьня 2025
Лукашэнка і Пуцін падчас сустрэчы ў Маскве. 26 верасьня 2025

Сьцісла

  • З «мноства назапашаных пытаньняў» падчас публічнай часткі размовы абмеркавалі толькі будаўніцтва Расеяй у Беларусі другой АЭС.
  • Новую АЭС зьбіраюцца будаваць у разьліку на інтарэсы Расеі.
  • Беларусь увязваецца ў новы канфліктны вузел з Украінай і Захадам.
  • Гэта таксама інструмэнт стымуляваньня Расеі падтрымліваць існы рэжым у Беларусі і пасьля Лукашэнкі.

Будаўніцтва другой АЭС — гэта страхоўка захаваньня лукашэнкаўскай мадэлі на гады наперад. Разьлік на тое, што Расея будзе падтрымліваць рэжым у краіне і пасьля Аляксандра Лукашэнкі. Крэдыт на другую АЭС гарантуе, што Масква ня кіне Беларусь.

Анансуючы свае перамовы з Уладзімірам Пуціным, Аляксандар Лукашэнка заявіў расейскім мэдыям: «Назапасілася шмат пытаньняў». Заява трохі нечаканая.

Пасьля 2020 году, і асабліва з пачаткам вайны ва Ўкраіне Лукашэнка і Пуцін сустракаюцца і праводзяць перамовы дзесьці ў сярэднім раз на два месяцы. Аднак апошнім часам інтэнсіўнасьць іх кантактаў павялічваецца. На пачатку жніўня яны правялі грунтоўныя перамовы на Валааме. 2 верасьня адбылася сустрэча Лукашэнкі з Пуціным у Пэкіне. І вось усяго праз тры тыдні пасьля мінулых перамоваў высьветлілася, што «назапасілася шмат пытаньняў».

Фармальнай падставай для чарговага рабочага візыту Лукашэнкі ў Расею стала мерапрыемства пад назвай «Глябальны атамны форум», прымеркаваны да 80-годзьдзя атамнай прамысловасьці Расеі. Ён праходзіць пад дэвізам «Ад новага тэхналягічнага ўкладу — да новага сьветапогляду». Ужо ў самой ідэі форуму закладзены сэнсавы дысананс. Бо тэхналягічны ўклад, якому 80 гадоў, па вызначэньні ня можа быць новым. Атамная энэргетыка — тэхналёгія 1940-1950- гадоў. Ня дзіва, што імкненьне Крамля ператварыць гэты форум у гучную міжнародную падзею рэалізаваць не атрымалася. У ім, акрамя Лукашэнкі, прынялі ўдзел толькі лідэр М’янмы, прэмʼер-міністры Армэніі і Этыёпіі ды кіраўнікі МАГАТЭ.

Аднак з «мноства назапашаных пытаньняў» падчас публічнай часткі размовы абмеркавалі толькі адно. Гэта будаўніцтва Расеяй у Беларусі другой АЭС. Прычым, беларускі ўладар сфармуляваў сэнс гэтай ідэі так: «Калі вы ўхваліце праект пашырэньня ці будаўніцтва новай атамнай станцыі. Можа быць, нават на ўсходзе Беларусі з мэтай, калі гэта будзе неабходна, забесьпячэньня электраэнэргіяй раёнаў, вызваленых Расеяй — Хэрсонская, Запароская, Луганская, Данецкая… У сувязі з Запароскай станцыяй».

Гэта вельмі небясьпечны паварот. Экспэрты даводзяць, што з гледзішча ўнутранага попыту будаўніцтва новай АЭС ня мае эканамічнага сэнсу. Той электраэнэргіі, якая выпрацоўваецца ў краіне, няма куды дзяваць. І аказваецца, новую АЭС зьбіраюцца будаваць у разьліку на інтарэсы Расеі. То бок экалягічныя рызыкі кладуцца на Беларусь, а выгоды атрымае РФ. Невыпадкова Пуцін паабяцаў без праблем выдзеліць крэдыт на рэалізацыю гэтага праекту.

Калі электраэнэргія з новай АЭС будзе паступаць ва ўкраінскія рэгіёны, захопленыя і акупаваныя Расеяй у выніку вайсковай агрэсіі, Беларусь увязваецца ў новы канфліктны вузел. Паколькі сусьветная супольнасьць не прызнае акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі расейскімі, то любое эканамічнае супрацоўніцтва з гэтымі рэгіёнамі — таксычнае. Тут канфлікт з Украінай закладаецца на дзесяцігодзьдзі наперад. Таксама гэта значыць, што заходнія санкцыі не адменяцца з заканчэньнем вайны, а будуць працягнутыя на няпэўны тэрмін. На цэлы парадак узрасьце залежнасьць Беларусі ад Расеі. Статус Беларусі як расейскай марыянэткі захаваецца надоўга. Гэтай афёрай Лукашэнка закладвае міну пад будучае краіны, якая можа дэтанаваць і пасьля ягонага сыходу з улады.

Навошта ўсё гэта патрэбна Лукашэнку? Тут ідзецца ня толькі пра тое, каб «засвоіць» расейскі крэдыт на некалькі мільярдаў даляраў, неяк ажывіць эканоміку (а хто і як потым будзе вяртаць пазыку, яго ўжо не цікавіць). Магчыма, будаўніцтва другой АЭС — гэта страхоўка захаваньня лукашэнкаўскай мадэлі на гады наперад. Разьлік на тое, што Расея будзе падтрымліваць рэжым у краіне і пасьля Лукашэнкі. Крэдыт на другую АЭС гарантуе, што Масква не кіне Беларусь.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG