Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі праваабаронца, які дапамагаў беларускім уцекачам і перажыў расейскі палон, атрымаў прэмію Гавэла


Максім Буткевіч. Архіўнае фота
Максім Буткевіч. Архіўнае фота

Сярод прэтэндэнтаў на гэтую прэмію разам з Максімам Буткевічам былі таксама журналістка з Грузіі Мзія Амаглабэлі, асуджаная на гады зьняволеньня за нібыта напад на паліцыянта ў часе акцыяў пратэсту, а таксама дырэктар Abzas Media Улві Гасанлі з Азэрбайджану.

Украінскі журналіст і праваабаронца Максім Буткевіч, які вярнуўся з расейскага палону, узнагароджаны прэміяй Вацлава Гавэла.

«Для мяне вялікі гонар быць тут сёньня, і яшчэ большы гонар атрымаць гэтую ўзнагароду, якая так шмат значыць для мяне і для ўсіх нас... Той факт, што я стаю тут, — гэта таксама абяцаньне таго, што ўсе, хто зараз знаходзіцца ў расейскім палоне, а таксама ў турмах аўтарытарных рэжымаў, будуць вызваленыя», — працытавала Ўкраінская служба Радыё Свабода выказваньне Максіма Буткевіча падчас цырымоніі ўзнагароджаньня ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.

Прэміяй імя Вацлава Гавэла з 2013 году ўзнагароджвае Парлямэнцкая асамблея рады Эўропы супольна зь Бібліятэкай Вацлава Гавэла і Charta 77 Foundation. Гэта штогадовая прэмія за заслугі ў абароне правоў чалавека ў Эўропе і за яе межамі.

Максім Буткевіч — украінскі праваабаронца і журналіст. Максім Буткевіч спэцыялізуецца на абароне правоў уцекачоў. У красавіку 2021 году ён першым паведаміў аб незаконных дзеяньнях СБУ ў дачыненьні да беларускага анархіста Аляксея Балянкова.

Праваабаронца таксама ўдзельнічаў у шэрагу захадаў, прымеркаваных праблемам легалізацыі беларусаў, якія пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе ўцякалі ад палітычнага перасьледу зь Беларусі ва Ўкраіну.

У сакавіку 2022 году ён пайшоў на службу ва ўкраінскае войска, каб абараняць Украіну ад расейскай агрэсіі. Трапіў у палон пад Луганскам, дзе яго асудзілі на 13 гадоў зьняволеньня.

18 кастрычніка 2024 году яго вызвалілі з расейскага палону ў рамках узаемнага абмену паміж Украінай і Расеяй.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG