Унук упадабаў жахлівыя гісторыі. Мы зь дзедам вылузваемся, распавядаем, што памятаем зь дзяцінства. Ён не супакойваецца. Нарэшце, даходзіць да паданьняў. Апавядаю пра Зьмееў камень. Яго не зьдзіўляе, што Зьмей жыве ў камені, дзе шые адзенне. Не бянтэжыць, што Зьмей ператвараецца ў юнака і кахаецца зь дзяўчынай. У ягоным узросьце каханьне не цікавае. Пачынае сьмяяцца — дзяўчына пастушка, пасьвіць свіньней, не прэстыжна. Тлумачу: раней прафэсія пастуха была паважанай, людзі ім давяралі свойскую жывёлу. Чым болей жывёлы ў чалавека — тым багацейшы.
Раптам:
— А Леся багатая?
Леся — ягоная цётка, шкадуе котак, наладзіла ў сваёй кватэры перавалачны валянтэрскі прытулак для бадзяжных катоў.
Ірына Клімковіч
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org