На паседжаньні круглага стала «Францішак Скарына і яго час», які прайшоў у рамках VI Міжнароднага кангрэсу беларусістаў, вядомы літаратуразнаўца, гісторык і пісьменьнік Адам Мальдзіс выказаў меркаваньне, што падобныя стажыроўкі могуць быць цікавымі для Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, а «там і іншыя падцягнуцца», перадае БелаПАН.
Беларуская бібліятэка імя Скарыны ў Лёндане была заснавана ў 1971 годзе. У ёй захоўваюцца даведнікі і слоўнікі, мастацкая, гістарычная, этнаграфічная, царкоўная і іншая літаратура, выдадзеная ў Беларусі і за мяжой на многіх мовах сьвету. Скарынаўская бібліятэка зьмяшчае найбуйнейшую ў Заходняй Эўропе калекцыю кніг і друкаваных матэрыялаў, якія маюць дачыненьне да Беларусі. Тут утрымліваюцца рэдкія і каштоўныя асобнікі, у тым ліку некаторыя арыгіналы кніг Францішка Скарыны, іншыя выданьні, датаваныя пачынаючы з XVII стагодзьдзя. Калекцыя бібліятэкі рэгулярна папаўняецца.
З 1981 году бібліятэкай кіраваў апостальскі візытатар для беларусаў — грэка-каталікоў у эміграцыі айцец Аляксандар Надсан, які памёр сёлета ў красавіку. Ён фактычна жыў у будынку бібліятэкі, і яе дзверы былі адчыненыя. Пасьля сьмерці айца Надсана ўстанову ўзначаліла апякунская рада зь сямі беларускіх і брытанскіх беларусістаў.
У нас ёсць кавалак зямлі, добры будынак, які, вядома, патрабуе рамонту, ёсьць калекцыя кніг і часопісаў на паліцах, але... няма чытачоў
Нягледзячы на шматлікія чуткі пра магчымае закрыцьцё бібліятэкі пасьля сьмерці кіраўніка, у рэальнасьці ёй нічога падобнага не пагражае, заявіў адзін зь сябраў апякунскай рады прафэсар Джым Дынглі. Аднак гэта ня значыць, што ў бібліятэкі няма праблем: «У нас ёсць кавалак зямлі, добры будынак, які, вядома, патрабуе рамонту, ёсьць калекцыя кніг і часопісаў на паліцах, але... няма чытачоў».
«Сёньня мы знаходзімся ў сытуацыі, калі ў бібліятэцы ніхто не жыве», — сказаў ён. Дынглі падкрэсьліў, што члены апякунскай рады ў цяперашні час вырашаюць, што трэба зрабіць, каб «засталася жывая ідэя бібліятэкі», а яе дзьверы «былі адчыненыя для чытачоў». У прыватнасьці, кіроўная рада дамовілася па чарзе дзяжурыць у бібліятэцы кожную суботу. Каб ажывіць апусьцелую з распаўсюджваньнем інтэрнэту бібліятэку, сябры рады пачалі рабіць лічбавы варыянт фондаў. У пэрспэктыве гэтая інфармацыя ўвойдзе ў поўны электронны каталёг бібліятэкі. Акрамя таго, яны плануюць укараніць практыку выдачы кніг на дом. Пакуль застаецца нявырашанай задача, што рабіць з архівам бібліятэкі, які настолькі вялікі, што «ніхто дакладна ня ведае, што там знаходзіцца».