Праграма кангрэсу ёсьць тут. А Радыё Свабода распавядае, каго цікавага варта абавязкова паслухаць у гэтыя дні.
Сіёры Кіёсава — маладая японская дасьледчыца, асьпірантка Цукубскага ўнівэрсытэту. Трапіла на стажыроўку ў Беларусь, закахалася ў беларускую мову, вывучыла яе сама і арганізавала ў Токіё курсы па вывучэньні беларускай мовы.
Выступае з дакладам «Беларуская мова ў Японіі: праблемы і пэрспэктыва» у сэкцыі Беларуская мова як замежная — 29 траўня, пятніца, 10.30–13.00, каб. 1003
Джым Дынглі — брытанскі лінгвіст-славіст, нарадзіўся ў Лідcе ў 1942 годзе. Пачаў вучыць расейскую мову яшчэ ў школе, а падчас навучаньня ў Кэймбрыджы дадаў да яе іншыя славянскія мовы. Працаваў у бібліятэцы Брытанскага музэю і ва Ўнівэрсытэце Рэдынгу. Быў вялікім сябрам памерлага нядаўна айца Аляксандра Надсана, доўгі час узначальваў Англа-беларускае таварыства, рэдагаваў The Journal of Byelorussian Studies. Пераклаў на ангельскую мову «Краіну Беларусь» Уладзімера Арлова і раман «Рыбін горад» Наталкі Бабінай. Жанаты зь беларускай.
Погляды Дынглі могуць уразіць шмат каго з тутэйшых адэптаў нацыянальнага адраджэньня:
«Усе кажуць пра беларускую мову, бел-чырвона-белы сцяг і „Пагоню“. І што далей? Я скептычна стаўлюся да адраджэнскай мроі. Колькі ўжо можна адраджэньняў? У першую вайну, у другую, у 90-я. Трэба жыць, а не адраджаць! Магчыма, цяпер у Беларусі фармуецца зусім новая культура. На новым грунце, зь іншымі пачуцьцямі — у незалежнай дзяржаве. Нават калі і пад чырвона-зялёным сьцягам. Ідэалы БНР жывуць, але на маю думку, сёньня яны мусяць расчытвацца як спадзяваньні на вольную краіну, дзе людзі самі могуць вырашаць уласны лёс. Да гэтага трэба імкнуцца найперш. Усё астатняе — другасна».
Выступае на круглым стале «Францыск Скарына і яго час» з дакладам «Рэаліі і пэрспэктывы Беларускай бібліятэкі і музэю імя Скарыны ў Лёндане» — 28 мая, чацьвер, 13.45–15.45, каб. 1110
Алена Глагоўская — польскі гісторык, доктарка паліталёгіі, прадстаўляе Вышэйшую школу інфарматыкі і эканомікі ў Ольштыне, паўтара дзясятка гадоў выкладала на катэдры беларускай культуры філялягічнага факультэту Беластоцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Аўтарка працаў «Беларусь 1914-1919. Культура пад прэсам палітыкі», «Беларусы на гданьскім узьбярэжжы», «Прыгоды Казюка Сурвілы і іншая невядомая польскамоўная творчасьць Францішка Аляхновіча на старонках „Кур’ера Віленскага“.
Мадэруе тэматычны блёк Беларусь у мэмуарнай літаратуры: асоба і час у гістарычным руху, эвалюцыя жанравых формаў — 28 мая, чацьвер, 16.00–18.00, музэй, зала 1
Рыгор Паўтарак — украінскі мовазнаўца, дзякуючы якому беларусы разумеюць украінцаў. Прафэсар Паўтарак — укладальнік і рэдактар акадэмічнага „Беларуска-украінскага слоўніка“.
Рыгор Паўтарак — доктар філялягічных навук, акадэмік Акадэміі навук Украіны, член-карэспандэнт. Абгрунтаваў цэласную тэорыю паходжаньня ўкраінскай, беларускай і расейскай моваў. Шмат намаганьняў прыклаў да вывучэньня ўкраінска-беларускіх моўных і літаратурных сувязяў.
Арнольд Макмілін — адзін з найстарэйшых папулярызатараў беларускай мовы за мяжой, брытанскі філёляг-славіст, доктар, сябар Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і Англа-беларускгаа таварыства. Аўтар шэрагу грунтоўных прац па гісторыі беларускай літаратуры. Яго новая кніга выйшла ў 2010 годзе ў Лёндане пад назвай „Тое, што напісана ў халодным клімаце“: Беларуская літаратура з 1970-х па сёньняшні дзень».
Выступае дыскутантам у блёку "Беларуская лiтаратурная гiсторыя сëньня. Праблемы i пэрспэктывы — 28 мая, чацвер, 13.45–15.45, музей, зала 2
Гун-Брыт Колер — нямецкая дасьледчыца беларускай літаратуры з Ольдэнбургскага ўнівэрсытэту імя Карла фон Асецкі. Сваімі выступамі традыцыйна правакуе дыскусію.
Літаратуразнаўца Ганна Кісьліцына выказвалася наконт ідэяў Колер так: «Гун-Брыт Колер, пры ўсёй яе любові да нашай літаратуры, кожнага разу ўхітраецца зачапіць нейкі нацыянальна-гістарычны комплекс і абсалютна не разумее, чаму калегі крыўдуюць на яе «бястактнасьць».
Аўтарка працы «Дробнае як адметнасьць: унёсак да тэарэтычнага аналізу беларускай літаратуры ў кантэксьце „малых“ славянскіх літаратур».
Мадэруе сэкцыю Беларуская лiтаратурная гiсторыя сëньня. Праблемы i пэрспэктывы — 28 мая, чацьвер, 13.45–15.45, музэй, зала 2
Адам Мальдзіс — культавы герой беларусістыкі, гісторык, літаратуразнаўца. Доктар філялягічных навук, прафэсар. Доўгія гады быў прэзыдэнтам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (з 1991 па 2005), цяпер — ганаровым старшыня. Аўтар дзясяткаў навуковых прац. Вялікую частку жыцьця прысьвяціў дасьледаваньню жыцьця і творчасьці Францішка Скарыны і захапіўся настолькі, што просіць яго кананізаваць. Паводле адной з арганізатарак Кангрэсу беларусістаў Ірыны Багдановіч, увесь сёлетні кангрэс пройдзе «пад знакам Скарыны».
Выступае дыскутантам на круглым стале Францыск Скарына і яго час — 28 мая, чацвер, 13.45–15.45, каб. 1110, 29 мая, пятніца, 14.00–15.15, каб. 1110