Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калякін можа стаць сёмым кандыдатам на прэзыдэнта Беларусі


Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

23-24 траўня зьезд Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» разгледзіць вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2015 году свайго лідэра Сяргея Калякіна.

Калі дэлегаты форуму прымуць станоўчае рашэньне, то Сяргей Калякін стане сёмым па ліку кандыдатам, які зьбіраецца ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі.

Раней пра сваё жаданьне балятавацца на прэзыдэнта абвясьцілі дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка, старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, актывістка «Народнага рэфэрэндуму» Тацьцяна Караткевіч, першы намесьнік старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім і беспрацоўны Юры Шульган.

Палітолягі не выключаюць, што да пачатку выбараў (а яны праўдападобна пройдуць 15-га лістапада) могуць зьявіцца і некаторыя іншыя вылучэнцы. Напрыклад, Уладзімер Някляеў, які удзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі 2010 году. Сярод магчымых кандыдатаў часта называюць і кіраўніцу грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольгу Карач.

З другога боку, некалькі дэмакратычных арганізацыяў зрабілі заявы, што яны ня будуць вылучаць сваіх кандыдатаў. Пра гэта заявілі, у прыватнасьці, рух «За свабоду», партыя БНФ, аргкамітэт у справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. А партыя Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, якой кіруе Станіслаў Шушкевіч, лічыць, што паколькі сапраўдных выбараў у Беларусі няма, то і ўдзельнічаць у іх няма ніякай патрэбы.

На папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах, якія праходзілі 19 сьнежня 2010 году, у бюлетэнях былі прозьвішчы дзесяці прэтэндэнтаў. Гэта — Дзьмітры Вус, Рыгор Кастусёў, Аляксандар Лукашэнка, Аляксей Міхалевіч, Уладзімер Някляеў, Яраслаў Раманчук, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саньнікаў, Мікола Статкевіч, Віктар Цярэшчанка.

Акрамя іх у выбарах спрабавалі ўдзельнічаць яшчэ дзевяць кандыдатаў. Аднак, паводле Цэнтарвыбаркаму, Пётар Барысаў, Сяргей Гайдукевіч, Юры Глушакоў і Іван Кулікоў зьнялі свае кандыдатуры. Сяргей Іваноў наагул не здаваў подпісаў выбарцаў у сваю падтрымку, Уладзімер Правальскі здаў недастатковую колькасьць подпісаў, Сяргей Рыжоў не сабраў неабходную колькасьць подпісаў, а заяўкі Ільлі Добратвора і Натальлі Старыкавай былі адхіленыя ЦВК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG