Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэдыяэкспэрт: Канглямэрат belsmi.by — скарбніца няўдалых публікацыяў


Інтэрнэт-партал «СМІ Беларусі», які запрацаваў сёньня, дыскрымінуе недзяржаўную прэсу.

Ініцыятар стварэньня belsmi.by — Міністэрства інфармацыі, а адміністраваньне парталу даручана ўпраўленьню інтэрнэт-праектаў «СБ. Беларусь Сегодня».

«Аб’яднаны рэсурс стане агрэгатарам навінаў, аналітыкі з усіх дзяржаўных выданьняў і фактычна „адзіным пунктам уваходу“ для чытачоў. У першую чаргу belsmi. by будзе садзейнічаць папулярызацыі невялікіх раённых і гарадзкіх СМІ. Ён створыць адзіныя і якасныя тэхнічныя ўмовы прысутнасьці іх унікальнага кантэнту, спросьціць пошук любога СМІ і дасьць магчымасьць пашыранай падпіскі для насельніцтва і арганізацыяў», — піша пра новы партал «СБ».

На «адзіным пункце ўваходу» чытачы, аднак, ня знойдуць спасылак на незалежныя СМІ — ні агульнарэспубліканскіх «Нашай Нівы», «Народнай Волі», «Новага часу», «Белорусов и рынка», ні рэгіянальных «Газеты слонімскай», «Intex-press», «Рэгіянальнай газеты» на сайце belsmi. by няма.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец лічыць, што для стварэньня падобных канглямэратаў ёсьць дзьве прычыны — эканамічная і ідэалягічная.

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

«Мы ўжо некалькі год назіраем тэндэнцыю да стварэньня канглямэратаў дзяржаўных мэдыяў. Падставаў для гэтага дзьве — эканомія дзяржаўных сродкаў і ідэалягічная праца. Ня ведаю, як там з эканоміяй дзяржаўнага бюджэту, а вось што тычыцца ідэалягічнай працы — то прасоўваць пэўную ідэалёгію зручней і эфэктыўней праз цэнтралізаваную пляцоўку», — сказаў Андрэй Бастунец, падкрэсьліўшы, што такі падыход заганны, трэба імкнуцца адыходзіць ад манапалізацыі СМІ ў бок як мага большай колькасьці думак і меркаваньняў.

Мэды йны экспэрт Аляксандар Класкоўскі, ацаніўшы якасьць «канглямэрату», сказаў, што ён будзе зручны, каб шукаць прыклады няўдалых публікацыяў:

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

«Я як мэдыйны трэнэр заходзіў бы на такі партал, каб знайсьці прыклады хібаў стылю і падачы матэрыялаў — таго, як ня трэба пісаць. Іншым разам у дзяржаўнай прэсе проста жахлівыя ўзоры адмоўнага кшталту — пішуць, як і трыццаць гадоў таму, за савецкім часам, пісалі ў раёнках, а можа, яшчэ і горш. Абсалютна дубова, стандартна, бяз выдумкі. Таму наўрад ці такая прадукцыя будзе запатрабаваная сярод чытачоў. Дый чыноўнікі робяць гэта, мне здаецца, каб паставіць птушачку — быў загад павялічыць прысутнасьць дзяржаўнай ідэалёгіі ў інтэрнэце, цяпер адрапартуюць, што захады зробленыя, сродкі асвоеныя».

Паводле спадара Класкоўскага, стварэньне сайту belsmi.by тлумачыцца жаданьнем чыноўнікаў, якія адказваюць за ідэалёгію і, у прыватнасьці, за прысутнасьць дзяржавы ў інтэрнэце, зрабіць дзяржаўныя СМІ больш уплывовымі, чым недзяржаўныя.

«Задума ў тым, каб стварыць супэрмэгапартал, які б пераважыў уплыў недзяржаўных рэсурсаў. Дзяржава амаль цалкам манапалізавала тэлебачаньне і радыё, загнала на маргінэс друкаваную незалежную прэсу, а вось інтэрнэт застаецца адносна свабодным. Бачна па рэйтынгах, што ў беларускім сэктары Інтэрнэту дамінуюць менавіта незалежныя рэсурсы. Сама ідэя неяк зьмяніць сытуацыю на карысьць дзяржавы за кошт новага парталу — хібная. Мне яна нагадвае пляны колішніх камуністычных кіраўнікоў за кошт буйных жывёлагадоўчых комплексаў узьняць аграрны сэктар краіны. Дзяржаўная прэса мае сыстэмную хібу — яна падначаленая чыноўнікам, таму апрыёры будзе абмінаць вострыя тэмы і замоўчваць нязручныя для начальства праблемы. Нейкіх вялікіх пэрспэктываў у сэнсе наведваньня гэты партал ня мае. Хутчэй гэта зроблена дзеля птушачкі. Ну не ламанецца патрабавальны чытач, які хоча альтэрнатыўнай інфармацыі, на гэты даволі сумны, казённы, калі глядзець на яго сёньня, партал».

На думку абодвух экспэртаў, назва новага парталу неадэкватная, бо назва «СМІ Беларусі» мелася б азначаць «ўсе СМІ, незалежна ад формы ўласнасьці».

«На партале прадстаўленыя выключна дзяржаўныя СМІ. Але ж у нас дэкляруецца роўнасьць розных формаў уласнасьці, і Міністэрства інфармацыі мусіць аднолькава апекавацца як дзяржаўнымі, так і недзяржаўнымі СМІ. А насамрэч мы бачым тут дыскрымінацыю і падыгрываньне менавіта дзяржаўным мэдыям.

Але я перакананы, што гэта не дапаможа чыноўнікам зьмяніць сытуацыю — незалежныя мэдыі захаваюць уплывовасьць за кошт плюралізму думак і асьвятленьня вострых тэмаў», — лічыць Аляксандар Класкоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG