Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нясу свой крыж цераз жыцьцё...» У палітвязьня з ампутаванай нагой Уладзімера Гундара ў турме пагоршылася здароўе


Уладзімер Гундар, архіўнае фота
Уладзімер Гундар, архіўнае фота

Палітвязьню Ўладзімеру Гундару спатрэбіліся новыя, больш моцныя акуляры. Гундар паскардзіўся на пагаршэньне зроку, бо ня ў стане нармальна чытаць і пісаць лісты.

«Новыя акуляры палітвязьню падбіраюць», — паведаміла пра Гундара крыніца, дасьведчаная ў ягоных справах. Гэта ўжо другі раз за час зьняволеньня, калі Ўладзімер Гундар мусіць мяняць акуляры на больш моцныя.

Ва Ўладзімера Гундара вышэй за калена ампутаваная адна нага. У зьняволеньні ён з 2020 году, у вязьніцы яму нязручна карыстацца пратэзам і ён мусіць перасоўваецца на мыліцах, што ў турэмных умовах таксама дадатковая праблема.

З кастрычніка 2023 году Ўладзімера Гундара трымаюць у магілёўскай турме № 4 на турэмным рэжыме. У зьняволеньні ён вывучае Біблію, піша вершы, у лістах дзеліцца назіраньнямі за прыродай, а таксама думкамі і ўспамінамі. Вынік развагаў апошняга часу — цыкль запісаў пра важнасьць жыцьця.

«— На гэтай дзівосна-прыгожай зямлі жыву я, і яе моцна палюбіла душа мая, для мяне жыць на зямлі вялікае шчасьце. Жыцьцё — скарб найдаражэйшы на зямлі і я ўдзячны Богу й лёсу за жыцьцё, дараванае мне.

— І я, не губляючы веры й мужнасьці, жыву, скрозь змрок свой крыж цераз жыцьцё нясу, і ў кожным моцным і гучным стуку сэрца жыве цэлы сусьвет незабыўных пачуцьцяў.

— Чалавек усё сваё існаваньне шукае шчасьце і радасьць, не разумеючы, што шчасьцем ён ужо валодае — жыцьцё і ёсьць шчасьце. Павінен радавацца, а ён усё шчасьце і радасьць шукае...

— Жыцьцё чалавека дзівосна прыгожае ў любых яго праявах: у шчасьці і, нават, у бядзе, — найдаражэйшы скарб. А чалавек часта бывае няўдзячным. Любоў і каштоўнасьць жыцьця змалку трэба прывіваць».

Уладзімер Гундар быў асуджаны на 20 гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў тэрарызьме ў справе Мікалая Аўтуховіча. Таксама яго абвінавацілі ў нападзе на міліцыянта за тое, што падчас арышту ён разьбіў свой мабільны тэлефон.

Праваабаронцы прызналі Гундара палітвязьнем, ён уключаны ў сьпіс палітвязьняў, якія паводле здароўя знаходзяцца ў небясьпечным стане. У 2023 годзе, падчас знаходжаньня ў карцэры гарадзенскай турмы Ўладзімер Гундар скардзіўся на страту слыху на адно вуха, пазьней слых часткова аднавіўся.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG