14 красавіка ён стаў на ўлік па беспрацоўі, але грашовую дапамогу памерам 360 тысяч рублёў зможа атрымаць толькі 20 траўня.
Раней намесьнік начальніка раённага цэнтру занятасьці Ігар Швец абяцаў, што спадара Васільева не пакінуць бяз працы. Больш за тое — што падбяруць яму працу па спэцыяльнасьці. Але абяцаньні аказаліся марныя, кажа цяпер ужо беспрацоўны актывіст, наведаўшы сацыяльную ўстанову:
«У цэнтры занятасьці літаральна выкінулі мяне на вуліцу! Паставілі на ўлік, узялі два мае дыплёмы аб вышэйшай адукацыі і нават нічога не паабяцалі. Прызначылі грашовую дапамогу памерам дзьве базавыя, а першая выдача — ажно 20 траўня. Як хочаш камунальныя плаці, лекі купляй, я ўжо не кажу пра тое, што трэба есьці і апранацца. Яшчэ добра, што ў мяне сям’і няма! Во ў якой сацыяльна-арыентаванай дзяржаве мы жывём — не працаўладкавалі, ды яшчэ й літаральна голадам мораць! Я ж да таго часу магу і ласты склеіць!»
Сяргей Васільеў мае пэдагагічную і культуралягічную адукацыю. Да 2010 году працаваў у школе, але мусіў звольніцца, каб даглядаць старую маці. Потым былі выбары, пасьля якіх спадар Васільеў атрымаў 15 сутак за ўдзел у Плошчы. А калі вярнуўся дахаты, уладкавацца настаўнікам ужо не атрымалася. І ён мусіў пайсьці працаваць грузчыкам, дзе падарваў здароўе. У актывіста хворыя лёгкія і сьпіна, праз гэта яму нельга падымаць больш як 5 кіляграмаў. Што й стала прычынай непрацягненьня кантракту ў мясцовым райпо, дзе ён працаваў памочнікам экспэдытара, а па сутнасьці — ізноў жа грузчыкам.
Нібыта ўсё слушна: ня можаш працаваць у адным месцы, дык шукай працы ў іншым. Але працы для яго, выглядае, няма ва ўсім Мёрскім раёне, разважае Васільеў:
«Хваробы хваробамі, але ж у мяне дзьве спэцыяльнасьці, па якіх праца не вымагае фізычных высілкаў. Дык ня могуць мне прапанаваць працы хоць у вясковай бібліятэцы. Я ж сам на сяло рвуся! Дык кажуць, што ўсё там зачыняецца... А чаму яно зачыняецца, калі па беларускім тэлебачаньні цьвердзяць, што ўсё ў нас квітнее? Ведаеце, у мяне ж кніжка ў выдавецтве пра гісторыю Мёраў, і другая кніжка ўжо гатовая, на дыску запісана. Дык вось так мне родны горад аддзячыў!»
Падобная гісторыя ў жыхара Гарадка, сябра Партыі БНФ Леаніда Аўтухова. У 2008 годзе перад выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, куды ён балятаваўся, актывіста таксама скарацілі з працы. З тае пары ён спрабаваў уладкавацца працаваць больш за 40 разоў, але гэта яму так і не ўдалося, у тым ліку з дапамогай рэгіянальнага цэнтру занятасьці. У лютым гэтага году Аўтухова зьнялі і з уліку па беспрацоўі, пазбавіўшы нават мізэрнай сацыяльнай дапамогі.
Выжываць цяжка, прызнаецца актывіст:
«Як жыву? Так і жыву — цяжка! Вунь дзясятак курыц ходзіць і певень. 50 сотак гарод, садзім бульбу, збожжа, гародніна ўся свая. Добра, жонка працуе. А мне працы няма. Што ж гэта за сыстэма, якая ня можа забясьпечыць самым неабходным — беспрацоўнаму даць працу? Гэтая сыстэма ўжо даходзіць да канца, яна абрынецца!»
Аднапартыец спадара Аўтухова, віцяблянін Аляксандар Ільлінец таксама хацеў дамагчыся зьменаў да лепшага праз удзел у выбарах. Вынік быў такі самы: не прайшоў у мясцовыя саветы, але быў звольнены з працы, распавёў Аляксандар:
«Першы раз я страціў працу ў 2012 годзе. Працаваў на хлебазаводзе, быў апэратарам складу захаваньня сыравіны. Выклікала мяне кіраўніца і сказала, што хоча перарваць са мной працоўныя адносіны — прапанавала напісаць заяву па ўласным жаданьні. Я й напісаў. З тае пары спрабаваў уладкавацца некалькі разоў, але выходзіла хіба што на 2–3 месяцы».
Звольніцца зь сеткі «Эўраопт» давялося пасьля таго, як Аляксандар прапанаваў стварыць там суполку незалежнага прафсаюзу. З гандлёвай сеткі «Веста» звольнілі пасьля таго, як актывіст вырашыў добраўпарадкаваць двор у межах кампаніі «Зробім лепш». Абгрунтаваньні розных кіраўнікоў арыгінальнасьцю не адзначаліся: нам патрэбны працаўнікі, каб рабілі што загадаюць. А не актывісты, якія падбухторваюць іншых.