Суд задаволіў хадайніцтва маці Ўладзімера Мальцава аб дастаўцы ў залю пасяджэньняў самога абвінавачанага.
Кіраўнік калегіі судзьдзяў Аляксей Цяцюхін абвясьціў, што наступнае пасяджэньне адбудзецца 17 красавіка.
Сваякі падсуднага ацанілі гэтае рашэньне суду як станоўчае, яны спадзяюцца, што Мальцава вызваляць у зале суду.
Ўладзімера Мальцава, былога гендырэктара аб’яднаньня «Барысаўдрэў», у сьнежні мінулага году Менскі абласны суд прызнаў вінаватым у службовых злоўжываньнях і асудзіў на 3 гады зьняволеньня.
Сваякі і сябры сям’і Ўладзімера Мальцава, якія прыйшлі ў Вярхоўны суд, успрынялі рашэньне суду аб задавальненьні хадайніцтва падсуднага станоўча.
«Гэта прыкмета таго, што яго могуць вызваліць у судовай залі», — падзяліўся думкаю сваяк.
Жонка Мальцава Алена ад прагнозаў устрымалася:
«Што суд задаволіў хадайніцтва мужа аб прысутнасьці на судзе, спадзяюся, гэта да лепшага. Чакаць яшчэ 10 дзён, але калі настроены на лепшае, дык і чакаць лягчэй».
Маці Ўладзімера Мальцава Антаніна Мальцава сказала, што незалежна ад будучага рашэньня Вярхоўнага суду яна ўдзячная людзям, якія дапамагалі іх сям’і цягам мінулага году.
«Хацела б ад усяго сэрца маці падзякаваць людзям, якія нас падтрымліваюць маральна і матэрыяльна. Нізкі паклон усім людзям і карэспандэнтам, якія на пяры трымаюць наш боль. Усім вялікі дзякуй».
Адвакат Дзьмітры Гарачка адмовіўся ад камэнтару.
Разгляд скаргі былога гендырэктара «Барысаўдрэва» адбудзецца 17 красавіка а 10 гадзіне раніцы.