Тацяна Барысік
«У вас жа ў Магілёве нікога там няма!» — неаднаразова даводзіцца чуць ад знаёмых са сталіцы, каторыя лічаць наш горад творчаю пустэльняй. Дык вось, каля дваццаці аўтараў Брамы-2013, і больш як трыццаць Брамы-2014 — лепшае сьведчаньне таго, што мы ёсьць. Ня толькі ў Магілёве, а і ў Бабруйску, Глуску, Слаўгарадзе і іншых гарадах і мястэчках вобласьці.
Іншая справа — нас ня надта чутно і бачна па-за межамі Магілёўшчыны. У гэтак званай правінцыі сярод дарослых людзей эпатаж наогул не ўхваляецца, дзяліць нам няма чаго, таму ня мае сэнсу правакаваць гучныя міжасабовыя разборкі, сварыцца зь незнаёмымі людзьмі ў сацыяльных сетках таксама мы не ахвочыя.
Калі ахарактарызаваць Браму-2014 адным словам, дык гэтае слова будзе — разнастайнасьць. Аматараў сівой даўніны зацікавіць гістарычная аповесьць Віталя Еўмянькова «Хоцімская вайна», прысьвечаная невядомай для многіх беларусаў вайне між Рэччу Паспалітай і Атаманскай Портай, знакавыя бітвы якой адбываліся ў 1620-1621 гадах каля мястэчка Хацін на тэрыторыі сучаснай Украіны. Твор адметны стылізаванаю мовай і спробаю асэнсаваньня тых падзей з пункту гледжаньня дня сёньняшняга. Нарыс гісторыка Ігара Пушкіна «Як у Гомелі чорта лавілі», пазначаны як не прыдуманая гісторыя, пераносіць чытача на Беларусь 20-гадоў мінулага стагодзьдзя.
Празаічны разьдзел парадуе і апавяданьнем старэйшага пісьменьніка Магілёўшчыны Фелікса Шкірманкова «Лавіна». Зацікавяць дасьціпныя творы Навума Сандамірскага ў перакладзе Алы Яцковай, якія ўваскрашаюць самабытныя постаці колішніх глускіх габрэяў. Напрыклад, кравец Дон Цэйтлін, калі яму даводзілася чуць скаргі каго-небудзь з заказчыкаў на зубны боль, быў пераканаўчы і глыбакадумны : «Зуб — ня хрэн... Вірві — і ўвесь табе клопат».
Паглядзець на ўласнае жытло па-філязофску прапануе Васіль Аўраменка. У сваім эсэ «Хата: жыхары, гаспадары ды іншыя насельнікі» аўтар пільна ўзіраецца ў сутнасьць істотаў, не расьпешчаных пісьменьніцкаю ўвагай, і зусім няздатных распавядаць пра сябе самых: «Калі становіцца відно сонца — надыходзіць капец: сьвятло для шашаля — знак сьмяротнай небясьпекі і блізкага канца. У кожнага свае погляды на дабро і сьвятло, цемру і зло, і ў шашаля яны дакладна іншыя, чым у дзятла ці чалавека...» Ну, лепей ня скажаш!
Малая проза «Брамы» выдзелена ў асобны разьдзел. Хочаце даведацца, якая сувязь існуе між навукаю лёгікай і адзнакамі ў атэстаце гімназіста Валодзі Ўльянава? Ці насамрэч гэты кучаравы хлапчук быў круглым выдатнікам? Чытайце публікацыю Міхася Булавацкага і знойдзеце яшчэ шмат цікавінак, тэмаў для спрэчак і развагаў.
Караценькія, падобныя да показак, занатоўкі Сяргея Ўкраінкі, чытаюцца лёгка, нязмушана, а распавядаюць пра штодзённае жыцьцё з дакладнасьцю хронікі. Тут ёсьць месца і пекнаму розуму беларуса, і сакавітаму гумару, дурнаватаму кіраўніку, малапісьменнаму даішніку, і той рыбе, што ў паводку, падла, агарод топча, і вясковым дзецям, якія падчас гульні ў «краму» і «аптэку» чамусьці купляюць толькі віно і цыгарэты, а добрае вясельле выглядае прыкладна так: «Пітва-ежы ўдосталь было, шчэ і жывіне асталося, ансамбаль з раёну граў, — павесяліліся слаўна. Я толькі адных зубоў дзьве жмені каля ганка назьбіраў...»
Друкуюцца ў «Браме» і пераклады твораў пісьменьнікаў з Смаленшчыны. Што ня дзіўна. Калі б шмат гадоў таму, як той казаў, карты леглі інакш, дык, мажліва, пераклад тым смаленчукам і не спатрэбіўся б: па-беларуску самі пісалі б ды іншых шчэ правілі б. Але ўжо як склалася, так склалася, і сёньня на старонках «Брамы» беларускія чытачы маюць магчымасьць пачытаць, да прыкладу, апавяданьне, а фактычна казку Генадзя Пастухова (пераклад Пятра Камкова) пад назваю «Такога не бывае ўвогуле». Твор мае не зусім звыклых чароўных герояў — смаленскіх бамжоў, чые запаветныя мары пра куру і пляшку нечакана спраўджваюцца, дзякуючы найвышэйшым сілам. А ў апошніх радках чуецца амаль рускае народнае: «І я там быў мёд-піва піў», толькі на сучасны лад: «Яны пілі, елі і дзякавалі нябесным і зямным сілам за прадстаўленую магчымасьць адзначыць Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флёту і пачатак Вялікага посту на праваслаўнай Русі...»
«Прилёт скворцов» заўсёды нёс мне толькі інфармацыю,
Калі вярталіся шпакі — трымцела сэрца.
Глыбокі вір заўжды палохаў, а не «омут».
«Жыцьцё і жыта — два аднакарэнных словы...»
Гэтая цытата з верша мастака і паэта Базыля Камарова нагадвае, што мова жыцьця і творчасьці некаторых магілеўцаў таксама вымагае перакладу для «Брамы», якая прынцыпова друкуе тэксты толькі па-беларуску...
Знайшлі знаёмае прозьвішча ці зацікавіліся якім творам? Адкрывайце нашу «Браму», ня грукаючыся. А як не — дык тым больш пагартайце, каб адшукаць малавядомую, але даволі абжытую творчую выспу, што месьціцца на ўсходзе Беларусі.