Хадзіджу Ісмаілаву арыштавалі ў сьнежні паводле афіцыйнага абвінавачаньня ў «давядзеньні да самагубства» свайго калегі, які летась у кастрычніку выпіў атруту і трапіў у шпіталь у цяжкім стане. Праваабаронцы лічаць, што сапраўднай прычынай арышту Ісмаілавай зьяўляюцца яе журналісцкія дасьледаваньні карупцыі ў краіне і высьвятленьне крыніцаў багацьця кіроўнай сям’і Аліевых.
У студзені Хадзіджы Ісмаілавай павялічылі тэрмін утрыманьня яшчэ на два месяца, а на мінулым тыдні ёй вылучылі новыя абвінавачаньні. Адвакат журналісткі паведаміў, што яе вінавацяць у крадзяжах, перавышэньні службовых паўнамоцтваў, нелегальным прадпрымальніцтве і ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Ёй пагражае да 12 гадоў турмы.
Ліст са згоды аўтаркі апублікавала амэрыканскае выданьне The Washigton Post. Ён датаваны 6 лютага.
«Калі ласка, прабачце мне маё доўгае маўчаньне. Мяне зьмясьцілі ў адзіночную камэру пасьля таго, як мой апошні ліст выйшаў па-за гэтыя турэмныя краты і быў апублікаваны. У маёй камэры зрабілі вобшук і забралі ўсе мае нататкі, уключна са сьпісам рэчаў, якія я прасіла даслаць мне з дому. Назад я іх не атрымала. Мяркую, што ў мяне ёсьць шмат адданых чытачоў сярод турэмшчыкаў. І яны па чарзе чытаюць мае нататкі. Вось чаму я так доўга не атрымліваю іх назад.
Мне таксама не дазволілі пабачыцца з сям’ёй. Самавольства пэнітэнцыярнай сыстэмы дазваляе мне два тэлефанаваньні ў тыдзень, падчас якіх я размаўляю з маці. Аднак, насуперак закону, сыстэма не дазваляе ёй і майму адвакату рэгулярныя візыты. У мяне ёсьць доступ да вельмі малой колькасьці інфармацыі.
У мяне ёсьць хаця бы кнігі, якія складаюць мне кампанію. Я перакладаю адну зь іх — «Дзеці жакаранды» іранскай пісьменьніцы Сахар Дэліджані. Гэта аповед пра гісторыю і памяць, вакол якіх пабудаваныя тры узаемазьвязаныя гісторыі пра жанчын, зьняволеных у Іране, а таксама людзей, якія падтрымліваюць іх.
Магчыма, я напішу працяг, каб распавесьці гісторыі пяці маіх сукамэрніц, і што іх зьняволеньне сьведчыць пра гэтую краіну і яе будучыню. Разам мы стварылі сям’ю, маленькую экасыстэму, якая дае нам сілы і дапамагае нам заставацца моцнымі. Мае сукамэрніцы таксама зьяўляюцца маёй новай аўдыторыяй, то бок самым каштоўным, што мусіць мець кожны журналіст. Нават той журналіст, якога ўрад спрабуе прымусіць замаўчаць і зьехаць. Я больш не ў эфіры, але ўнутры гэтых сьцен я зьвязаная за барацьбой азэрбайджанцаў больш наўпрост і больш асабіста.
«Чаму я тут?» — гэтае пытаньне кожны задае сабе ў турме, незалежна ад зробленага злачынства. Карупцыя зьяўляецца прычынай, чаму я знаходжуся ў турме. Але карупцыя рэжыму, а не мая. Адзіны спосаб даказаць рэпрэсіўнасьць рэжыму — працягваць выкрываць карупцыю, таму я паабяцала больш расьсьледаваньняў на 2015 год. Так, гэта цана, якую я мушу заплаціць, але гэта варта таго! Мой арышт яшчэ раз пацьвярджае, што мы павінны пабудаваць новую рэчаіснасьць, дзе ня трэба быць мужным, каб казаць праўду.
Што наконт сапраўдных злачынстваў — крадзяжоў, парушэньняў закону? Што штурхае людзей на гэтыя злачынствы?
У краіне, дзе беспакаранасьць знаходзіцца на рэкордна высокім узроўні і глыбока ўкараніліся на ўсіх узроўнях улады, існуе простая лёгіка, якая заахвочвае людзей да злачынстваў. «Калі гэта добра, чаму я не магу гэтага зрабіць? Калі гэта дрэнна, чаму яны гэта робяць?». Адсюль выснова: «Калі яны могуць гэта зрабіць, я зраблю гэта таксама». Гэта мэнталітэт, спароджаны ўпадкам маральнасьці ўладаў, якія зрабілі з сыстэмы правасудзьдзя ў маёй краіне карумпаваную машыну.
Але сутнасьць нават глыбей. Гаворка пра ўладу і хцівасьць, пачынаючы з прэзыдэнта краіны і сканчаючы самымі дробнымі чыноўнікамі, якія наглядна дэманструюць самыя драматычныя прыклады карупцыі і беспакаранасьці. Гэта краіна, дзе грошы і ўлада можа прыкрыць любое злачынства, дзе праўда і падман памяняліся месцамі. У выніку каля 100 палітычных зьняволеных кінутыя за краты ў Азэрбайджане. Падумайце, што гэта значыць: у вельмі маленькай, але стратэгічнага і патэнцыйна нестабільнай краіне, якая мяжуе з Расеяй і Іранам, 100 найлепшых, разумных, сьвядомых, актыўных і заангажаваных у міжнародныя справы грамадзян былі выдаленыя з грамадзкага жыцьця за злачынства пошуку прыстойнасьці і сумленнай гульні.
Мы таксама ўвесь час задаем сабе пытаньне, да чаго мы ідзем і што атрымае у выніку? У турме Кюрдаханы, дзе я цяпер знаходжуся, звычайны адказ — ад трох да пяці, ад пяці да дванаццаці за кратамі. Але мой адказ такі, што няма ніякага канца. Барацьба паміж дабром і злом працягваецца, і самае галоўнае, што гэтае змаганьне не павінна завяршацца. Калі мы зможам працягваць адмаўляць думаць так, як нас змушаюць, а таксама верыць у тое, што чалавечая годнасьць не прадаецца, то мы — пераможцы, а яны, нашы турэмшчыкі як унутры турмы, гэтак і па-за ёй, прайгралі.
Турма не палохае тых, хто спрабуе «выпрастаць» перакручаныя нормы, або тых, каму пагражаюць за тое, што яны робяць слушныя рэчы. Мы ясна бачым, за што мы павінны змагацца.
Жыцьцё вельмі складанае, але часам нам шанцуе і мы атрымліваем выразны выбар паміж праўдай і хлусьнёй. Выберыце праўду і дапамажыце нам».