Ігар Логвінаў на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі асабіста агучыў просьбу аб дапамозе, матываваўшы яе немагчымасьцю інакш сабраць грошы, патрэбныя для працягу дзейнасьці кнігарні:
Падкрэсьлю, што кнігарня стваралася як публічная пляцоўка для сустрэчы пісьменьнікаў з чытачамі, для абмеркаваньня пытаньняў літаратуры.
«Мы яшчэ знаходзімся ў стане судовых разбораў, але сытуацыя гэткая, што, хутчэй за ўсё, нам давядзецца выплачваць гэты штраф. У сувязі з гэтым я і мае сябры, кнігарня зьвяртаемся да грамадзкасьці па дапамогу нашай кнігарні. Падкрэсьлю, што кнігарня стваралася як публічная пляцоўка для сустрэчы пісьменьнікаў з чытачамі, для абмеркаваньня пытаньняў літаратуры. Асабліва падкрэсьлю, што гэта не палітычны праект, а ўсё ж больш культурны. Магчыма, ён не зусім пасьпяховы як фінансавы праект, але як культурны ён адбыўся. І я вельмі спадзяюся, што гэты праект працягне сваё жыцьцё і дзейнасьць».
Разам зь Ігарам Логвінавым да грамадзкасьці зьвярнуўся пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які прапанаваў шэраг захадаў у падтрымку кнігарні, у тым ліку — дабрачынныя аўкцыёны, зьбіраньне сродкаў. Пісьменьнік пагадзіўся асабіста стаць за прылавак крамы, каб гандляваць беларускімі кнігамі. Уладзімер Арлоў зьвярнуўся і да ўладаў краіны:
Бо сытуацыя ідзе ўразрэз і з заявамі прэзыдэнта і высокіх прадстаўнікоў ураду пра падтрымку беларускай культуры. Гэта мая думка і маё спадзяваньне, магчыма, наіўныя
«Можа, гэта можна кваліфікаваць як тое, што левая рука ня ведае, што робіць правая? Я ўсё ж спадзяюся, што Вярхоўны суд, на разглядзе ў якім цяпер знаходзіцца справа, улічыць сытуацыю і будзе разглядаць кнігарню „логвінаЎ“ ня толькі як шараговую юрыдычную асобу. Бо сытуацыя ідзе ўразрэз і з заявамі прэзыдэнта і высокіх прадстаўнікоў ураду пра падтрымку беларускай культуры. Гэта мая думка і маё спадзяваньне, магчыма, наіўныя».
Паэт Андрэй Хадановіч таксама падзяляе думку, што «Кнігарня Логвінава» — выбітная зьява беларускай культуры, якая аб’яднала пісьменьніка з чытачом. На думку Андрэя Хадановіча, гэтую ўнікальную сувязь магчыма падтрымаць найперш падтрымкай самой крамы:
Жыцьцё камфортнейшым ня робіцца, і нам да гэтага трэба быць гатовымі
«Іншага спосабу не прыдумана. Вы любіце пісьменьніка, вы хочаце, каб ён мог без цэнзуры далей працаваць, — значыць, як бы ні палохалі нас сёньня гэтыя крызісныя кошты, проста элемэнтарная спажывецкая этыка патрабуе набываць кнігі, выдадзеныя выдаўцом Логвінавым, набываць кнігі з асартымэнту кнігарні. Жыцьцё камфортнейшым ня робіцца, і нам да гэтага трэба быць гатовымі».
Паводле дырэктара кнігарні Паўла Касьцюкевіча, нумар адмысловага рахунку, каб зьбіраць сродкі на дапамогу, будзе апублікаваны ў інтэрнэце.
На прэсавай канфэрэнцыі Ігар Логвінаў паведаміў, што 19 студзеня ў Вярхоўны суд пададзеная касацыйная скарга на рашэньне Эканамічнага суду Менску, паводле якога кнігарня мусіць выплаціць каля 960 мільёнаў штрафных санкцыяў. Разгляд скаргі яшчэ не прызначаны. Адначасова ў Вярхоўным судзе працягваецца разгляд пазову «Кнігарні Логвінава» да Мінінфарму адносна адмовы ў рэгістрацыі як распаўсюдніка друкаванай прадукцыі. Але Ігар Логвінаў ня думае, што нават перамога ў гэтым працэсе дапаможа ў адмене вялізнага штрафу, які паставіў кнігарню на мяжу банкруцтва.