Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскі фэрмэр хацеў пабудаваць Амэрыку ў Беларусі


Аляксандар Бяльчук каля суду Берасьцейскага раёну
Аляксандар Бяльчук каля суду Берасьцейскага раёну

У Берасьці працягваецца суд над фэрмэрам Аляксандрам Бяльчуком. Яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня. У інтэрвію Свабодзе фэрмэр паведаміў, што не прызнае сваёй віны і выказаў меркаваньне, што ў Беларусі ціснуць на прыватныя гаспадаркі ў вёсцы.

Берасьцейскі раённы суд судзіць фэрмэра за напад на супрацоўніка ДАІ Сяргея Неліповіча. Інцыдэнт адбыўся 9 траўня 2014 году у вёсцы Страдзеч Берасьцейскага раёну. Калі даішнік прыехаў у двор складаць пратакол на гаспадара самаробнага трактара, 52-гадовы фэрмэр быццам бы зьбіў яго. Акрамя таго, міліцыянт кажа, што яго нават укусілі за руку.

«Гвалт ў дачыненьні супрацоўніка — гэта забаронена ў нас, гэта ў любой прававой дзяржаве забаронена. Я ж туды прыяжджаў ня біцца, а для правядзеньня адміністрацыйнага працэсу. Я нікога там не затрымліваў, нічога. Толькі для складаньня пратаколу,» — кажа Сяргей Неліповіч.

Аляксандар Бяльчук кажа, што ён ня біў даішніка, а наадварот — гэта міліцыянт тузаў яго за вопратку. У часе канфлікту міліцыянта з фэрмэрам туды зьбегліся дзясяткі вяскоўцаў ды аказалі супраціў міліцыянтам, якія зьбіраліся канфіскоўваць самаробны трактар. У выніку ў вёску нават быў выкліканы АМАП.

Ужо было некалькі паседжаньняў у справе Бяльчука, суд перайшоў да спрэчак бакоў, неўзабаве чакаецца вырак.

З пачатку 90-х гадоў Аляксандар займаўся прыватнай сельскагаспадарчай працай. Меў уласную фэрмэрскую гаспадарку, аднак расфармаваў яе. Потым ён атрымаў ва ўладаньне больш 50 гектараў зямлі, бо мае вялікую сям’ю (у яго 8 дзяцей) і вялікі статак жывёлы. Тым ня менш, кажа Аляксандар, ён зьяўляецца «дармаедам», бо афіцыйна беспрацоўны, хаця і сплачвае дзесятак мільёнаў падатку ды здае тоны малака па дзяржаўных закупачных коштах.

— Аляксандар, у лепшыя часы вы трымалі больш 80 галоў жывёлы, а колькі цяпер?

— Пэўна 45 галоў усіх засталося. Карацей, ідзём на скарачэньне, таму што, здаецца, усё ёсьць, і можна было б працаваць, але нельга. У нашай сыстэме нельга працаваць. У нас, калі ты жабрак, просіш у іх: «падайце» — значыць ты нармальны чалавек. А калі сам працуеш, гэта ім не падабаецца. Ім трэба, каб кожны маленькі начальнік табой камандаваў.

— Вы маеце вялікую сям’ю?

— У мяне 8 дзяцей, а маёй жонцы не далі ордэн. У суседнім сельсавеце загадчыца клюбу — 5 дзяцей — далі ордэн маці. Заехаў у райвыканкам, пытаюся чаму не даяце маёй жонцы ордэн. Кажуць — у сувязі з дрэннай характарыстыкай зь места працы... Куды ні пісаў — бессэнсоўна.

— Вы лічыце, што ўлада адмыслова не дае фэрмэрам разгарнуцца?

— А чым будзеш кіраваць, калі ўсё будзе прыватнае? А так — прадыктаваў кошт на малако 3600 рублёў — і нармальна. А манапаліст зарабляе на гэтым — 12-15 тысяч, абястлушчваючы тое малако. А ты здавай... Сказаў — карову за кіляграм па 17 тысяч — і здавай на мясакамбінат, а каўбаса — па 170 тысяч. А калі будзе ўсё прыватнае, тады будзе як ва Ўкраіне — у вёску прыяжджае 5 малаказборшчыкаў і кожны прапануе розную цану. І чалавек выбірае куды яму выгадна здаць.

— То бок, ня толькі вам цяжка працаваць?

— Адзін знаёмы ўсё езьдзіў у Польшчу, пераймаў там вопыт сьвінагадоўлі, узяў у арэнду закінуты сьвінарнік у 25 кілямэтрах ад Маларыты, адбудаваў яго па польскай тэхналёгіі і ўсё паціху пачынаў. Першыя гады ніхто яго не чапаў, потым адчыніў сваю мясную лаўку, каля трохсот галоў сьвіней у яго было. Зьявіліся грошы на рахунку, то трактар купіць новы, то бус ўзяў з салёну новы, то легкавое аўто з салёну ўзяў... А я яму раіў — "Коля не бяры, таму што калі ўлада пабачыць, што ты жывеш, задушыць.«І так ён 7 год прапрацаваў, а цяпер ліквідаваўся поўнасьцю і засталася ў яго толькі крама, дзе гандлюе курамі баранавіцкімі і г.д.

А ёсьць у Маларыцкім раёне іншы фэрмэр — трымае 18 гэктараў зямлі, але ў яго няма нічога. І яны яго трымаюць для паказухі — маўляў, бачыце, фэрмэр да чаго дагаспадарыўся...

— То можа і ня варта вам займацца гэтай справай, можа ў калгас лепей пайсьці?

— Не-не, у калгас ніколі ў жыцьці! У мяне рукі ёсьць, я знайду спосаб для жыцьця.

Калісьці, як мяне ўціскалі, то я ж мог зьехаць у Амэрыку. А бацька мяне адгаварыў, сказаў «сынок, трэба Амэрыку тут будаваць, у Беларусі». Ну і застаўся, тут і дзеці падрасьлі.

— А цяпер, ці не шкадуеце, што ня зьехалі тады ў Амэрыку?

— Шкадую. Але зараз позна ўжо, усё. Там маіх сваякоў выехала ў Амэрыку... Яны ўжо па 20 гадоў жывуць. Знаёмыя фэрмэры павыязджалі сем’ямі па 10 чалавек. І жывуць, бо там, у Амэрыцы, паважаюць працу. Там калі працуеш, то заробіш грошы ды будзеш жыць. А ў нас паважаюць лайдака.

— Ну а ці магчыма, на ваш погляд, «пабудаваць Амэрыку ў Беларусі», як раіў вам бацька?

— Не, ня можна. Таму што паляпшэньняў няма, толькі пагаршэньне, улада не мяняецца. Гэта трэба пакаленьні. Памяняць уладу і пакаленьні. Трэба каб у галаве зьмянілася мысьленьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG