Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея хоча дамаўляцца па ўкраінскім пытаньні толькі ў Менску


Сяргей Лаўроў і Ўладзімер Макей
Сяргей Лаўроў і Ўладзімер Макей

«Мы катэгарычна супраць таго, каб працэс мірнага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне пераносіўся зь Менску ў любое іншае месца сьвету», — заявіў міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў падчас візыту ў Менск.

У праграме візыту Сяргея Лаўрова ў Менск — сумеснае паседжаньне калегіяў Міністэрстваў замежных спраў дзьвюх краінаў і двухбаковая сустрэча зь беларускім калегам Уладзімерам Макеем.

Абмеркаваньне ўкраінскай сытуацыі стала адной зь дзьвюх важных тэмаў падчас візыту Сяргея Лаўрова ў Менск.

Уладзімер Макей заявіў, што сьвет на мяжы новай халоднай вайны. «Палітычны крызыс ва Ўкраіне абвастрыў напал супярэчнасьцяў і сфармаваў высокі ўзровень узаемнага недаверу», — сказаў беларускі міністар.

Абодва міністры заявілі, што, на іх думку, менскі фармат перамоваў — адзіны і, паводле слоў Сяргея Лаўрова, самы камфортны для вырашэньня сытуацыі ва Ўкраіне. Любы другі фармат, на думку Сяргея Лаўрова, размывае гэты мірны працэс і не патрэбны. Уладзімер Макей заявіў, што яго трывожыць сытуацыя ва Ўкраіне, бо «лёгіка вайны цяпер бярэ верх над лёгікай міру, хтосьці ня хоча з кімсьці садзіцца за адзін стол, але калі гінуць людзі, і не адзін чалавек, а мноства людзей, дык трэба адкінуць амбіцыі і весьці перамовы», — адзначыў міністар замежных спраў Беларусі.

Міністры абмеркавалі дачыненьні Расеі і Беларусі з эўрапейскімі структурамі, найперш Эўразьвязам. Сяргей Лаўроў сказаў, што Масква не шукае канфрантацыі з Эўразьвязам, аднак шлях санкцыяў яна лічыць контрапрадуктыўным і няправільным. Як адзначыў Сяргей Лаўроў, «тыя мэты, якія ставяць перад сабой санкцыі, звычайна ніколі не дасягаюцца», а Ўладзімер Макей сказаў, што Беларусь ужо мае вялікі досьвед працы ва ўмовах санкцыяў і прызвычаілася працаваць у такой сытуацыі.

Сустрэчы трохбаковай кантактнай групы ў фармаце «Украіна — Расея — АБСЭ» наконт урэгуляваньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны адбываліся ў Менску. Ключавыя пункты пагадненьняў, дасягнутых 5 і 18 верасьня, прадугледжваюць часовае спыненьне агню, адвод цяжкай артылерыі, абмен палоннымі, урэгуляваньне кантролю расейска-ўкраінскай мяжы і інш. Яны абавязковыя для выкананьня абодвума бакамі. Украінскі бок ня раз заяўляў пра факты парушэньня рэжыму спыненьня агню з боку сэпаратысцкіх фармаваньняў на ўсходзе Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG