Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах патрабуюць гісторыю, матэматыку і «Чалавек і сьвет» па-беларуску


Бацькі беларускамоўных дзяўчатак Тацяна і Алег Малашчанкі, а таксама Антаніна і Васіль Філіпчыкі накіравалі міністру адукацыі Сяргею Маскевічу ліст-зварот, у якім адзначылі, што парушаецца права іх дзяцей на атрыманьне адукацыі па-беларуску.

«Мы зьвярнуліся да міністра адукацыі. Я думаю, які б чалавек ні быў, ён павінен выконваць свае абавязкі — забесьпячэньне адукацыі для дзяцей. Хоць мы і не ўскладаем вялікіх спадзеваў на гэты зварот, я думаю, што калі засталася хоць кропля законнасьці, то наша патрабаваньне павінна быць задаволенае. У іншым выпадку які сэнс мець міністэрства, якое не выконвае сваю функцыю?» — кажа Тацяна Малашчанка.

Яся Малашчанка і Аліса Філіпчык пасьля зьмены месца жыхарства былі вымушаныя вучыцца ў расейскамоўным клясе. У гімназіі № 4, куды паступілі дзяўчаткі, ствараць асобны кляс для дзьвюх вучаніц адмовіліся.

Страціўшы надзею на асобны кляс, бацькі цяпер хочуць арганізаваць беларускамоўнае навучаньне тром дысцыплінам: гісторыі, матэматыцы ды «Чалавеку і сьвету».

«Цяпер мы ўжо не патрабуем асобнага беларускамоўнага кляса. Мы хочам, каб Ядзьвіга і Аліса навучаліся па праграме „Індывідуальны маршрут“, у межах якой у расейскамоўным клясе для ахвотных асобныя прадметы могуць выкладацца на беларускай мове. Нам трэба, каб у прыватным парадку па-беларуску выкладаліся гісторыя, „Чалавек і сьвет“ і матэматыка. Сытуацыя зь іншымі дысцыплінамі больш-менш нас і дзяцей задавальняе: беларуская мова і літаратура выкладаюцца па-беларуску, расейская мова і літаратура — па-расейску, але гэта лягічна, тое самае і пра ангельскую мову можна сказаць, якая павінна выкладацца па-ангельску», — кажа Тацяна Малашчанка.

Нават калі чыноўнікі задаволяць просьбу беларускамоўных дзетак, усё адно кожны год будзе дадавацца па адным прадмеце, якія Яся і Аліса хочуць вучыць на роднай мове. Тацяна Малашчанка лічыць, што гімназія можа загадзя падрыхтавацца і да наступнага навучальнага году знайсьці беларускамоўных выкладчыкаў хіміі, фізыкі і геаграфіі.

Перавага праграмы «Індывідуальны маршрут», паводле Тацяны Малашчанкі, яшчэ і ў тым, што да беларускамоўных груп у межах расейскамоўнага клясу змогуць далучацца дзеці, бацькі якіх ня выказаліся за іх навучаньне па-беларуску, але могуць спакусіцца вышэйшым узроўнем адукацыі ў малой групе.

«У маленькай групцы больш індывідуальны падыход, і, адпаведна, пасьпяховасьць вучняў будзе толькі расьці. Ня кажучы ўжо пра тое, што такім чынам больш дзетак змогуць вучыць тыя ці іншыя прадметы па-беларуску».

Прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Беларусі Юлія Ваніна не змагла адказаць на пытаньне пра магчымасьць арганізацыі беларускамоўнага навучаньня ў баранавіцкай гімназіі № 4 і параіла зьвярнуцца ў міністэрства зь пісьмовым запытам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG