Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Шкловалакне» не выдаюць, хто спаліў кацянят


«Вы дашліце нам афіцыйны запыт, і мы вам адкажам. Вы ж ведаеце, чым займаецца Свабодны прафсаюз... Мы ягоныя дзеяньні не камэнтуем», — так адказаў намесьнік генэральнага дырэктара па кадрах і ідэалягічнай працы «Шкловалакна» Аляксандар Коршыкаў на просьбу Радыё Свабода пацьвердзіць, ці быў на прадпрыемстве такі выпадак.

Актывісты суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага, да якіх зьвярнуліся са скаргамі працаўнікі прадпрыемства, распавялі Радыё Свабода пра выпадак на прадпрыемстве «Полацак-Шкловалакно».

Віктар Стукаў, кіраўнік незалежнай прафсаюзнай суполкі:

«На прадпрыемстве жыла кошка, у яе зьявіліся кацяняты. Іх падкормлівалі, шкадавалі, і, па вялікім рахунку, жывёлы нікому не заміналі. Аднак жа трапіліся на вочы і пад кепскі настрой нейкаму начальству. У выніку, як нам распавялі працаўнікі, кіраўніцтва цэху № 8 папрасіла «разабрацца» з кошкай і кацянятамі начальніка цэху № 7, дзе стаіць плавільная печка. Нібыта жывёлы псуюць гатовую прадукцыю, і ад іх трэба пазбавіцца.

Ня першы выпадак на «Шкловалакне»

Натальля Плігаўка, полацкая актывістка Беларускага таварыства аховы жывёлаў «Сябар», сумняецца, ці знойдуцца ахвотныя сьведчыць супраць начальства:

«Усе запалоханыя. Наўрад ці нехта згодзіцца паўтарыць такое ў судзе, калі нават пацьвердзіць у прыватнай размове, — кажа Плігаўка. — А пацьвярджэньняў шмат. Нам „УКантакце“ пішуць, прыкладам, што спальваў кошку з кацянятамі асабіста начальнік цэху № 8 — у яго дамоўленасьць пра спаленьне адкідаў вытворчасьці ў печы цэху № 7. Людзі пішуць, што кацянятаў прынесьлі ў цэх № 7 у мяшку. Але той, хто нёс, заўжды можа сказаць, што нёс ня ў печ, а далей ад таго месца, дзе захоўваецца гатовая прадукцыя... Яшчэ нам пішуць, што на „Шкловалакне“ неаднаразова выдавалі загады не прыкормліваць жывёлаў, пагражаючы штрафамі. Аднак каб спаліць жыўцом катоў — гэта ж зусім іншае! І, кажуць, раней такое таксама здаралася, ды толькі цяпер, дзякуючы сацыяльным сеткам, факт стаў шырока вядомы. Мы таксама шукаем відавочцаў, і калі знойдзем — абавязкова падамо ў суд».

Што можа пагражаць за спаленае ў печы кацяня?

Тлумачыць юрыст Юры Чавусаў:

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

«Асобы, якія зафіксавалі гэты факт, павінны зьвярнуцца ў мясцовы выканкам. Гэтую асобу могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці паводле артыкула 15.45 (штраф ад 10 да 30 базавых ці адміністрацыйны арышт). Хутчэй за ўсё, тут можа весьціся гаворка пра штраф.

Адміністратыўныя пратаколы ў гэтай справе маюць права складаць супрацоўнікі выканкамаў. Ёсьць адмысловая інспэкцыя аховы жывёльнага і расьліннага сьвету. Але рэальнасьць такая, што супрацоўнік адзін на раён. Яны вельмі рэдка сапраўды прыцягваюць вінаватых толькі тады, калі ёсьць скаргі проста відавочцаў.

Цяпер вядзецца гаворка пра ўвядзеньне ў Беларусі крымінальнай адказнасьці за жорсткае абыходжаньне з жывёламі. Літаральна ўчора дэпутаты Палаты прадстаўнікоў казалі, што законапраект будзе разгледжаны ўжо на гэтай сэсіі. Там больш жорсткае пакараньне. Да гэтага выпадку ён адносіцца ня будзе, бо закон ня мае адваротнай сілы.

„Такое пакараньне недастатковае“

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Натальля Гуйвік прапанавала ўвесьці ў Крымінальны кодэкс новы артыкул, які ўсталёўвае ўжо не адміністратыўную, а крымінальную адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі.

„Калі раней Генэральная пракуратура Беларусі не пагаджалася з такой нормай Крымінальнага кодэксу, то сёлета, дзякуй Богу, кансэнсус знойдзены. І пракуратура падтрымала дапаўненьне Крымінальнага кодэксу артыкулам 339-1. Ён так і завецца „Жорсткае абыходжаньне з жывёламі“.

Мы прапаноўваем дзьве часткі ў новым артыкуле. Першая прадугледжвае і штраф, і папраўчыя працы. А другая частка будзе больш суровай, бо там ідзе гаворка пра паўторнае парушэньне і жорсткасьць з боку групы асобаў. Там прадугледжана нават пазбаўленьне волі“.

Але дэпутаты маюць намер ісьці далей і нарэшце прыняць закон „Аб абыходжаньні з жывёламі“, — кажа Натальля Гуйвік.

Сацсеткі абураюцца і не давяраюць

«І штосьці я не зразумеў. 200 рэпостаў, і ніхто ня хоча забраць мілых бедных кацянятак ад зьвераватага фашыста?»

«Бяздомных жывёлін могуць забіваць проста на вуліцы падручнымі сродкамі»

«У нашым заканадаўстве няма палітыкі, якая б рэгулявала колькасьць бяздомных жывёлаў на вуліцы, таму ў вялікіх гарадах жывёлаў адлоўліваюць, зьмяшчаюць у пункты часовага ўтрыманьня і празь вельмі кароткі час, калі іх ніхто не забірае, усыпляюць, — кажа Алёна Валынец-Чарняева, кіраўніца грамадзкай кампаніі «Не — жорсткаму абыходжаньню з жывёламі».

«А калі мы гаворым пра больш дробныя населеныя пункты, то там усё сумна, — працягвае спадарыня Валынец-Чарняева. — Бяздомных жывёлаў могуць забіваць проста на вуліцы рознымі падручнымі сродкамі. Гэта жахліва і нецывілізавана. Робяць гэта найперш супрацоўнікі ЖЭСа. У іх ёсьць такое права, і яны мусяць сачыць за колькасьцю бяздомных жывёлаў на вуліцах, і калі яны самі вырашаць, што іх больш чым трэба, то робяць, што лічаць патрэбным. Няма ніякіх інструкцыяў, якія б агаворвалі, як гэтыя жывёлы павінны ўсыпляцца, адлоўлівацца».

Што можна было зрабіць?

«У першую чаргу можна паспрабаваць бадзяжных жывёлаў прыстроіць ці па знаёмых, ці зьвязацца з валянтэрамі. У гэтым горадзе хапае людзей, якія займаюцца дапамогай бяздомным жывёлам. Я ўпэўненая, што яны з радасьцю дапамаглі б і не дапусьцілі б сытуацыі, якая здарылася», — кажа Алёна Валынец-Чарняева, кіраўніца грамадзкай кампаніі «Не — жорсткаму абыходжаньню з жывёламі».

Справа менскага скуралупа нічым ня скончылася

«Пасьля выпадку „менскага скуралупа“ мы не сутыкаліся з падобнымі жорсткімі сытуацыямі, — распавядае Алёна Валынец-Чарняева. — У справе была доўгая праверка са шматлікімі ведамствамі. Гэтага чалавека, на жаль, не знайшлі. Але праца вялася, і шмат якімі людзьмі. Выпадкі зьдзеку з жывёлаў скончыліся. І гэта таксама добры вынік».

Увосень 2013 году ў Менску пачалі знаходзіць зьнявечаных і забітых жывёлін. Колькасьць выпадкаў і характар пашкоджаньняў давалі падставы меркаваць, што ў Менску зьявіўся скуралуп.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG