У Менску ў 19 гадзін пачалося чарговае пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.
Экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, які прыбыў на пасяджэньне, паведаміў журналістам, што неабходна дамовіцца пра рэалізацыю ранейшага пагадненьня аб спыненьні агню.
На пытаньне, ці зьявяцца прадстаўнікі АБСЭ на ўкраінска-расейскай мяжы, каб не было пранікненьня баевікоў на тэрыторыю Ўкраіны, Кучма сказаў, што «мы цісьнем і працуем, каб АБСЭ рэальна ў гэтым брала ўдзел».
На пытаньне карэспандэнта Свабоды, хто будзе плаціць за аднаўленьне Данбасу — Расея ці Ўкраіна, Кучма сказаў: «Дамовімся».
Карэспандэнтка «Лайфньюс» спыталася: што будзе рабіць украінскі бок, калі ЛНР і ДНР ня хочуць быць у складзе Ўкраіны? На гэтае пытаньне Кучма адказаў: «Едзьце на Каўказ і там задавайце гэтыя пытаньні».
На сустрэчу пасьля Кучмы прыехалі прадстаўнікі самаабвешчаных ЛНД і ДНР Аляксей Каракін, Ігар Платніцкі, Аляксандар Захарчанка і Андрэй Пургін.
Раней прыбылі прадстаўніца АБСЭ Гайдзі Тальявіні і пасол Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў.