Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Могілкі, на якіх нікога не хаваюць ужо 150 гадоў


Старая Слабада.
Старая Слабада.
Радаўніца — самае беларускае сьвята. Бо толькі ў нашай краіне яго адзначаюць з такой утрапёнасьцю і шырынёй. З афіцыйным выходным днём, з доўгімі аўтазаторамі перад гарадзкімі могілкамі, з катаньнем велікодных яек на магілах. Самыя аддаленыя могілкі самых закінутых вёсак у гэты дзень запоўняцца сваякамі людзей, якія адышлі ў лепшы сьвет. Зарослыя вуліцы мёртвых паселішчаў ажывуць галасамі нашчадкаў. Беларуская сумесь радасьці і смутку, паганства і хрысьціянства. Але ёсьць у краіне такія могілкі, куды не прыедуць сваякі. Не раскладуць пачастункі на магілах. І не ўзгадаюць памерлых. Бо ўспамінаць няма каму. На такіх могілках не хаваюць ужо 150 гадоў. Вось на такія могілкі мы і выпраўляемся на Крупшчыну, у Старую Слабаду.

Вёска Старая Слабада — клясычнае выміраючае паселішча ў глыбіні раёну. Куды ніколі не зазірае начальства. Закалочаныя будынкі кантор і дамоў, іржавыя каркасы былых гаражоў. І, як часта гэта бывае, сярод гэтых сумных сьлядоў загінулай калгаснай цывілізацыі можна пазнаёміцца зь цікавым чалавекам, які пакажа нейкае фантастычнае месца.


Міхал Баравуля, былы дырэктар былой стараслабадской, даўно закрытай школы. Гэты дабрадушны, з пышнымі вусамі 60-гадовы дзядзька свае мясьціны ведае як ніхто. І ў прасторы, і ў часе.
Міхал Баравуля
Міхал Баравуля


Ад’ехаўшы пару кілямэтраў, у пакрытым пустазельлем полі ён паказаў мне зарослы старымі дрэвамі астравок. А пад дрэвамі — дзясяткі камянёў з надпісамі, якія пан Баравуля даўно расчытаў.


— На адным напісана «Вечная памяць Калінцы». Што цікава, мясцовая прозьвішча — Калінцыёнак. Зразумела, ад чаго ўтварылася. Калінка — гэта імя беларускае. Гэта 1657 год. І знакі вельмі цікавыя. Крыжы паганскіх часоў.

— Тут напісана «Вечная памяць Конану Булыку». Яшчэ пакажу. «Вечная памяць Калінцы».

— Вечна памяць?..

— Калінцэ. Не Калінке, як па-расейску. А Калінцы. Па-беларуску.

— І гэта магілы 17-га стагодзьдзя?

— І 18-га.


Разглядаць выбітыя фігуры на камені — занятак ня менш захапляльны за сузіраньне эгіпецкіх пірамідаў. Штосьці ж хацелі сказаць нам продкі? Можа, пра штосьці папярэдзіць?

— Цікавы знак. Я спрабаваў яго расшыфраваць. Ведаеце, да чаго дайшло? Унізе там ёсьць падставачка. Гэта «зямля». Вось зорка васьміканцовая. Бачыце?

— Так. Сапраўды, васьміканцовая зорка.

— Гэта наш сьвет. А далей неба.

— Тут таксама літары?

— Тут круг. І на ім перакрыжаваньне такое.


Паўсюль відаць сьляды чорных капальнікаў. Але найбольшую шкоду зрабіў могілкам багаты некалі калгас.

— Ён быў далей, гэты могільнік. У 80-я гады, пры Гарбачову прыбралі. Зямлі было мала.

— Гэта тады яны разбурылі гэты могільнік, бо ім было мала зямлі? Якая цяпер нікому не патрэбная?

— Бачыце? Крыж-чалавек.

— Так. Крыж у выглядзе чалавека.

— Наогул гэтая мясьціна, яна вельмі цікавая. Наконт старасьветчыны. Я спытаўся ў старой, якая тут жыла, што казалі пра гэты могільнік. Яна кажа: «Там лаціняне пахаваныя». Чаму лаціняне? Гэта ўніяты. Уніяцкі быў могільнік. Калі тут пабудавалі царкву, у 1862-м годзе, забаранілі хаваць праваслаўных на старых могільніках. І не адпявалі нават людзей. І гэтыя ўсе могільнікі былі закрытыя. Толькі адна вёска не падпарадкавалася. Селішча. Працягвала хаваць на сваіх могілках. І гэтых могільнікаў вельмі шмат.

Тое, што ў гэтым краі жылі «лаціняне», я пачуў з фантастычнай песьні, якую мне напяяла 90-гадовая Кацярына Болбас. Пра цмока, караля, ягоную дачку, набожную панну і людзей няверных.


Жылі-былі людзі няверныя.
Ой, ня верылі госпаду Богу.
Толькі верылі нявернаму цмоку.
Аддавалі дань вялікаю.
Штодзень ды па чалавеку.
Прыйшла радавая да самога кроля.
А ці сам ідзі, а ці доч вядзі.

І выправіў кароль дачку на круту гару, на Сяляньскаю. І малілася яна там Богу. І пачуў яе Бог і паслаў ратаваць панну-багамольніцу сьвятога Юрыя. Спаймалі цмока за круты рогі. І павялі цмока ў няверныя людзі. А няверныя людзі папужаліся. У высокія будынкі пахаваліся. Гэта сцэнар галівудзкага блёкбастэра пра Гадзілу. І гэтаму сцэнару не адна сотня гадоў.
Няверныя людзі папужаліся.
У высокія будынкі пахаваліся.
Ня бойцеся людзі, не пужайцеся.
У высокі будынкі не хавайцеся.
Павядзем цмока на растаранішча.
А спалім мы цмока на папялішчы.
А паставім цэркву на папялішчы.
Хадзіць будзем у цэркву штонядзелячкі.
Маліцца будзем Богу штомінутачкі.

— Гэта ж цяпер і цэркву становяць, дзе ростанькі. На растаранішчы.

— А вы адкуль гэтую песьню ведаеце? Ад маці?

— Ад бабы старой. Ёй было, мусіць, 90 гадоў. А мы, дзяўчаты маленькія, падбяжым. Дык нас баба навучыла.

Заняпад Старой Слабады — гэта вынік палітыкі аграгарадкоў. Якія, нібы пыласмокі, высмоктваюць моладзь зь вялікіх вёсак. Каб пасьля маладыя людзі разьехаліся па гарадах.

— Яны не разумеюць, сучасныя ўладары, што рака тады паўнаводная будзе, калі будзе шмат ручаёў. Яны думаюць, што можна стварыць адзін цэнтар, адзін аграгарадок — і ўсё. І будзе добра. А хто будзе працаваць? З аграгарадка ўжо выяжджаюць людзі. Пройдзе час — і выедуць. Бо падпіткі няма.

— Пры такой мудрай палітыцы аграгарадкі будуць высмоктваць вёскі. Пасьля райцэнтры высмакчуць аграгарадкі. Пасьля абласныя цэнтры. І застанецца адна наша сталіца. З прыгарадамі.

— Гэта называецца глябалізацыя.

— Не, гэта называецца не глябалізацыя. Тут трэба іншае слова ўжыць.

— Вы назіраеце за гэтай дэградацыяй доўгія гады. Вы знаходзіце хоць нейкія прыкметы для аптымізму?

— Рыба гніе з галавы. Думаю, што народ наш зразумее, што безь яго працоўных рук ніякі цар, ніякі бог нічога ня зробіць. А калі зразумее, а гэты час ужо ідзе, ён пачне ствараць тое, што калісьці рабілі дзяды. Аднаўляць пачне тое, што дзяды стваралі. Сваімі рукамі, без падказкі дзяржавы, ствараць жыцьцё на гэтай зямлі. А калі зразумее, тады і будзе адраджэньне Беларусі.


Самае цікавае ў маіх вандроўках — гэта выпадковыя сустрэчы. Ніколі ня ведаеш, што табе раскажа незнаёмы чалавек. Удалечыні ад кантор і ўстаноў, на вясковай волі выпадковы суразмоўца можа выдаць ваенную тайну. Немалады падцягнуты спадар, мянчук, які прыехаў адведаць сваю маці, падышоў да журналіста, каб зьвярнуць увагу начальства на закінутыя палі, якія часам гараць. Ад чаго церпяць навакольныя вёскі.

— Суседняя вёска згарэла. Нікому зямля не патрэбная. Я хачу, каб калгас яе забраў, заараў. Каб не было травы. Усё хмызьняком зарастае. Тут дзесяць чалавек засталося жыць. І нікому гэта не патрэбна. Я ўжо хацеў... Мясьніковіч камісіяй кіруе па сельскай гаспадарцы? Я падарунак да 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі паднясу. Паперу накатаю. У вайну чысьцей было, хоць коней не хапала. А цяпер трактары, усё!

А вось і ваенная тайна. Мой суразмоўца калісьці быў памежнікам. І спраўджваў дакумэнты ня толькі ў паспалітых людзей, але і ў першых асобаў дзяржавы. Цікава паглядзець на іх вачыма службоўца.

— Сустракаў і Кебіча, і Шушкевіча, і Лукашэнку. Усіх іх у твар ведаю.

— А хто зь іх самы прыемны?

— Судзіце самі.

— Ну, самы інтэлігенты, відаць, Шушкевіч.

— Кебіч прыяжджае. Адпаведна, ягоная каманда. Сталы накрытыя. Як паложана сустракаць. Яшчэ не было гэтага аэрапорту, а там домік быў асобны. Пасьля Кебіча пад рукі, у машыну. Бо ўжо стаяць ня мог. А астатнія шаўкі бегаюць, крычаць. Нам дакумэнты трэба правяраць, а яны бегаюць, крычаць — ой, ня кідайце гэтыя рэчы! Там тэхніка! Шушкевіч, калі прылятаў, заўжды вітаўся. Заўжды за руку павітаецца, зойдзе, пацікавіцца, дзе, як, што. І калі ў ганеньні быў, калі адлятаў, павітаецца, спытае — як справы. А гэты... Раз сутыкнуўся. Памянялі тады эмблемы. «Пагоню». Кудысьці ён вылятаў. Убачыў. «Подполковник. Ко мне! Вы почему не па форме адзеты?» — «Никак нет». — «Я даў каманду памяняць эмблемы! А вы не памянялі!» — «Не было ніякага загаду». — «Камандуючаму перадайце. Калі па прылёце ня будзеце пераадзеты, усіх уволю!» З аднаго боку, ён патрабавальны, а што толку?

Разьвітаўся былы памежнік напамінам пра спаленыя палі.

— Вы ж там бліжэй. Калі не Мясьніковічу, дык старшыні аблвыканкаму перадайце, каб паслалі свайго чалавека. А то напішу, што гаўляйтара забілі, сам ён сюды ня езьдзіў. Але немцы тут часта бывалі. Часьцей, чым наша начальства з раёну.

Старая Слабада
Старая Слабада


Я захацеў на свае вочы ўбачыць, што ж адбылося з той вёскай, на якую перакінуўся агонь з палёў. І тое, што я ўбачыў там і пачуў, варта асобнага расповеду. Безгаспадарчасьць на былых калгасных палях прыводзіць да таго, што іх па п’янай дурасьці паляць. Вёска Новая Ніва, дзе, па словах былога памежніка, з-за гэтых вогненных палёў згарэлі нежылыя хаты, выглядае проста жудасна.


Стоячы на вуліцы, адзін бок якой уяўляе чорныя папялішчы і абгарэлыя коміны, я адчуваў сябе нават не ў дэкарацыях фільму пра вайну.


Па словах гісторыка Міхала Баравулі, гэтую вёску гітлераўцы ўжо зьбіраліся спаліць перад самым сваім адступленьнем, у 44-м годзе. Але карнікаў спалохалі савецкія самалёты. І вось праз 70 гадоў пустыя хаты вёскі гараць ад бяздарнасьці кіраўніцтва. Я пазіраў на нядаўняе папялішча і слухаў аповед пана Міхала пра суседнюю вёску, Сомры.

— Як вёска называлася?

— Сомры. Разам памёрлыя. Со — разам, мры — паміраць. Цікавая назва.

— Пасьля гэтай гісторыі назва набывае нейкі фатальны сэнс. І што здарылася з Сомрамі?

— У 42-м годзе, пасьля блякады, партызаны вярнуліся на гэтае месца. А Сомры — гэта быў іх раён дзеяньня. Ну, і дазналіся пра гэта мясцовыя паліцэйскія гарнізоны. Вырашылі акружыць партызан. Разьведка партызанская далажыла, што ідуць паліцэйскія з усіх бакоў. А яны якраз у Сомрах начавалі, у вёсцы. Рэзалі кароў. Мяса варылі. Ну, кінуліся і сказалі людзям, каб у лес не ішлі. Ня ўсе людзі партызан паслухаліся. Частка пабегла ў лес. Ратавацца ў зямлянках. А частка засталася. Зьявілася паліцыя, немцы, кулямёты. Сагналі ўсіх на сярэдзіну вёскі. Пытаюць, ці былі партызаны. Мужыкі маўчаць. Адна баба выйшла — вы што, ня бачыце самі? У кожнай хаце чыгуны стаяць. Ня мы ж каровы рэзалі і елі. Былі. Яе ў бок, гэтую бабу. Астатнія... Былі партызаны? Маўчаць. З кулямёта ўсіх. Недзе 130 чалавек. Кроў, кажуць, да рэчачкі цякла ручаём. Па сьнезе. Я пасьля пытаўся, чаму ж людзі маўчалі. Мне адзін мужык сказаў: «Ведаеш, прыйшлі б партызаны пасьля. Сказалі б: „Здраднік“. І забілі б гэтага чалавека». Вось чаму баяліся сказаць.

— А жанчына гэтая?

— А жанчына гэтая пасьля вайны жыла тут. На допыты яе цягалі. Пасьля адпусьцілі. Але ўсе лічылі яе ворагам народа.

Што ж гэта за народныя мсьціўцы, страх перад якімі так скоўваў прагу жыць? Што гэта былі за людзі, страх перад якімі быў большы за страх перад карнікамі? Адказ я знайшоў у суседняй Сьвірыдаўцы. Дзе жыве вельмі сымпатычнае сямейства Герасіма і Пелагеі Трусоў. Абаім за 80. Хударлявы, прыгожы Герасім і дабрадушная, поўная, гаваркая Пелагея.


— Якая трагедыя... У мяне расстралялі ўсю маю сям’ю. І маму, і сёстраў.

— А хто расстраляў?

— Партызаны.

— А за што?

— Пасварыўся з суседам. А сусед напаіў іх, партызан, і адправіў. Пасьля каяўся, нашто ж я сям’ю чапаў. Дык яму ногі адарвала ў партызанах.

— Бацька ваш пасварыўся?

— З суседам. А сусед быў зьвязаны з партызанамі. Напаіў іх, і ўсё.

— Дзетачка, тады ж быў такі час. Што рушнікі, абрусы бралі халаты шыць. Пад сьнег. Зайшлі і за нейкі хамут пасварыліся, і вось усю сям’ю расстралялі. Гэты быў на канюшні, другі брат быў у лесе, а сястра ў грыбах. Дык гэтыя трое засталіся, а тых пабілі.
Зайшлі і за нейкі хамут пасварыліся, і вось усю сям’ю расстралялі

— Каго забілі?

— Матку яго, сястру большую, маленькую сястру і сярэднюю.

— А колькі сёстрам было гадоў?

— Адна 33-га года, другая большая, а маленькай было паўтара года.

— І яе забілі?

— І яе забілі. Сядзела матка і яе трымала. Яны застрэлілі і яе, і яе. Сястра большая ўцякала, дык на парозе забілі. А тая, што ў маіх гадах, сядзела за сталом. Хата згарэла. Дык на тым месцы было чорна ад крыві.

Я шмат чуў добрых словаў у розных вёсках на адрас савецкіх партызан. Але ў Сьвірыдаўцы, дзе дзейнічала 8-я Круглянская партызанская брыгада, якой камандаваў Герой Савецкага Саюзу Сяргей Жунін, не пачуў. Міхал Баравуля лічыць, што забойства сям’і Трусаў было зроблена на загад.

— Гэта быў загад камандзіраў ці гэта самадзейнасьць?

— Да гэтага часу ня ведаю. Хутчэй за ўсё, загад. Справа ў тым, што Сьцяпан гэты ўцёк у гарнізон. І лічылі, што ён паліцай. Вось за гэта і сям’ю ягоную вырашылі пакараць.


— У нас тут чалавека забілі за стол. Была канцылярыя. Пачалася вайна, усе разышліся. І ён стаў стол забіраць, а другі хацеў сабе. Той не аддаваў, і яго забілі.

— Тады была такая барацьба, што самі не разумелі, што рабілі.

— І цяпер, каб, Божа барані, вайна, не давядзі Гасподзь бы было што.

— Я не разумею, навошта забіваць дзяцей.

— Уйгур па нацыянальнасьці. Гэта пасьля мы даведаліся. Акім Айсаеў.

— А як стала вядома, што гэта ягоных рук справа?

— Партызаны мне расказвалі. Ён быў у палоне. З палону ўцёк і прыйшоў сюды. Мне расказвалі так. Зайшоў у хату. Крычыць: «Паліцэйскае атродзьдзе!» Маці крычыць «Якое атродзьдзе!» Сястра кінулася да печы. Ён прама на парозе яе... Малая плакала, ён яе на стол паклаў. «На цябе і кулі мала».

Са словаў былых партызанаў, ураджэнец паўднёвага Казахстану, камандзір роты Акім Айсаеў не застрэліў малое дзіця. А перарэзаў дзяўчынцы горла. Ці праўда гэта, мы ўжо не даведаемся. Вядома толькі, што ён быў кавалерам ордэна Чырвонай Зоркі і страціў на вайне ногі.

— Тады прыйшоў, рукі пачасаў, забіў — і ўсё. Ніякага ні сьледзтва не было, нічога. Вайна — і ўсё.

— А як пасьля вайны яны глядзелі людзям у вочы? Тыя, хто займаўся бандытызмам?

— Было не забыта, але ж нічога ня зробіш. Гэта каб цяпер, дык, можа, падавалі б у суд. А тады нічога. Вайна.

— А якіх людзей на зямлі больш? Дрэнных ці добрых?

— Большасьць дрэнных. Вось у нас у Сьвірыдаўцы большасьць абы-якіх. У нас нікога не было з мужчын, і то як мы калаціліся. А ў каго мальцы ці мужчыны, дык зусім баяліся адзін аднаго. Во якая была жызьня. Не давядзі Божа.

— А гэта падчас вайны. А ў мірны час?

— А ў мірны час усе жылі дружна.

— Але чаму вайна ператварае чалавека ў зьвера?

— Таму што ў вайну ён як хоча, так і робіць. Бо гэта вайна.


Да мяне нарэшце пачынае даходзіць сэнс фразы «Абы не было вайны». Гэта не пра выбухі і атакі, не пра салдат чужой арміі і партызанаў. Гэта пра сваіх. Людзей адной з табой веры і адной мовы. Пра суседзяў, зь якімі гадаваўся на адной вуліцы і якія раптам ва ўмовах вайны становяцца страшнейшымі за чужакоў. Вось чаму 3-га ліпеня 44-га году лепшы за любы папярэдні дзень. Бо скончылася збройнае беззаконьне. А яшчэ заставалася вера ва ўсявышнюю справядлівасьць.

— А ў вас ёсьць у душы крыўды ці азлобленасьць на гэтых людзей?

— Ужо няма на каго злаваць.

— Мы, дзетачка, нават хадзілі на піва да іх. Дык сястра ягоная кажа: «Да ворагаў ходзяць». Я кажу: «Маруся, мы нічога ня ведаем. А калі яны грэшныя, хай ім Бог аддасьць». І хто каму зробіць блага, усё роўна на тым сьвеце адбудзе. Хай на цябе кажуць што хочуць. А ты маўчы — і ўсё.
Мапа ўсіх Падарожжаў Свабоды
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG