Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмена клімату: найгоршае наперадзе


Экспэрты ААН папярэджваюць, што зьмена глябальнага клімату ўжо суправаджаецца адчувальнымі наступствамі на ўсіх кантынэнтах і ў сусьветным акіяне, і што гэтыя наступствы будуць штораз горшымі, калі чалавецтва не абмяжуе выкід парніковых газаў у атмасфэру.

Прапануем вам пераклад фрагмэнтаў артыкулу з The New York Times пра найноўшы даклад аб зьмене клімату, які быў агучаны на прэс-канфэрэнцыі ў Ёкагаме 31 сакавіка.

У дакладзе Міжурадавай групы экспэртаў ААН аб зьмене клімату, якая пэрыядычна абагульняе кліматычныя досьледы, прыйшлі да высновы, што ледніковае покрыва растае, марскі лёд у Арктыцы разбураецца, зьяўляюцца праблемы з водазабесьпячэньнем, сьпёкі і заліўныя дажджы узмацняюцца, каралавыя рыфы паміраюць, а рыба і шмат якія іншыя прадстаўнікі жывёльнага сьвету мігруюць да полюсаў або, у некаторых выпадках, выміраюць.

Воды ў акіянах падымаюцца такімі тэмпамі, што пагражаюць прыбярэжным пасяленьням, становяцца штораз больш кіслотнымі (паколькі паглынаюць частку вуглякіслага газу, які выдзяляецца аўтамабілямі і электрастанцыямі) ды забіваюць некаторыя жывыя арганізмы або прыпыняюць іх рост — гаворыцца ў дакладзе.

Арганічныя рэчывы, замарожаныя ў арктычнай глебе яшчэ да пачатку цывілізацыі, пачалі раставаць і раскладацца, выдзяляючы парніковыя газы, якія выклічуць далейшае пацяпленьне — сьцьвярджаюць навукоўцы. І горшае яшчэ наперадзе — кажуць навукоўцы ў другім з трох дакладаў, якія, як чакаецца, будуць мець вялікі ўплыў на пагадненьне аб глябальным пацяпленьні, якое міжнародная супольнасьць паспрабуе прыняць у наступным годзе.

У прыватнасьці, у дакладзе падкрэсьліваецца, што пад пагрозай апынуцца сусьветныя пастаўкі харчаваньня, і гэта можа мець сур’ёзныя наступствы для самых бедных краінаў.

«Ніхто на гэтай плянэце не застрахаваны ад наступстваў зьмены клімату» — сказаў на прэс-канфэрэнцыі старшыня міжурадавай групы Раджэндра Пачаўры, прадстаўляючы справаздачу. (...)

У дакладзе робіцца спроба спрагназаваць наступствы зьмяненьня клімату для чалавецтва ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі. Хоць узьдзеяньне глябальнага пацяпленьня насамрэч можа быць зьмякчанае такімі чыньнікамі, як эканамічныя або тэхналягічныя зьмены, гаворыцца ў дакладзе, то парушэньні нармальнага рытму жыцьця хутчэй за ўсё будуць глыбокімі. Паводле дакладу, гэта асабліва тычыцца выпадку, калі выкіды парніковых газаў будуць працягвацца такімі імклівымі тэмпамі, як цяпер. (...)

«На працягу ўсяго 21-га стагодзьдзя наступствы зьмены клімату, паводле прагнозаў, замарудзяць эканамічны рост ды змаганьне зь беднасьцю, яшчэ мацней падарвуць харчовую бясьпеку, падоўжаць існуючыя і створаць новыя „пасткі“ беднасьці, асабліва ў гарадзкіх раёнах і новаўзьніклых гарачых кропках голаду» — заяўляе даклад.

У дакладзе таксама адзначаецца магчымасьць гвалтоўных канфліктаў з-за зямлі, водных і іншых рэсурсаў, якім зьмена клімату можа спрыяць ускосна, «абвастраючы устойлівыя прычыны гэтых канфліктаў, такія як беднасьць і эканамічныя ўзрушэньні».

Навукоўцы падкрэсьлілі, што зьмяненьне клімату — праблема не аддаленай будучыні, а сёньняшняга дня.

Досьледы паказалі, што часткі Міжземнаморскага рэгіёну знаходзяцца ў стадыі высыханьня з-за зьмены клімату, і некаторыя экспэрты лічаць, што тамтэйшыя засухі спрыялі палітычнай дэстабілізацыі на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы. (...)

«Цяпер мы знаходзімся ў пункце, калі назьбіралася так шмат інфармацыі і так шмат доказаў, што мы больш ня можам спасылацца на няведаньне» — сказаў Мішэль Жаро, генэральны сакратар Сусьветнай метэаралягічнай арганізацыі, на згаданай прэс-канфэрэнцыі. (...)

Найбяднейшыя людзі на сьвеце, якія ня маюць практычна ніякага дачыненьня да прычынаў глябальнага пацяпленьня, будуць найпершымі ахвярамі актывізацыі кліматычных парушэньняў — гаворыцца ў дакладзе. Даклад спасылаецца на ацэнку Сусьветнага банку, паводле якога бедныя краіны патрабуюць 100 мільярдаў даляраў на год, каб кампэнсаваць наступствы зьмены клімату; цяпер, у найлепшым выпадку, яны атрымліваюць на год усяго некалькі мільярдаў даляраў такой дапамогі ад багатых краінаў. (...)

Многія багатыя краіны аргумэнтуюць, што 100 мільярдаў даляраў на год зьяўляецца нерэальнай сумай, якая, па сутнасьці, патрабуе ад іх падваеньня бюджэтных выдаткаў на замежную дапамогу ў час эканамічнага крызысу. Гэты аргумэнт выклікае моцнае абурэньня сярод лідэраў бедных краінаў, якія лічаць, што іх грамадзяне плацяць цану за дзесяцігодзьдзі марнатраўнай спажывецкай палітыкі Захаду.

Два дзесяцігодзьдзі міжнародных намаганьняў абмежаваць выкіды парніковых газаў не прынесьлі вялікага плёну, і не зусім ясна, ці гэтай восеньню на перамовах у Нью-Ёрку будзе па-іншаму. Хоць у апошнім часе выкіды парніковых газаў пачалі трохі зьніжацца ў шмат якіх багатых краінах, у тым ліку і ў Злучаных Штатах, то гэтыя дасягненьні заглушыў рост выкідаў у краінах інтэнсіўнага эканамічнага разьвіцьця, такіх як Кітай і Індыя. (...)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG