Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды падзець сьвіней? Перасяліць!


У Магілёўскім раёне ўлады прапаноўваюць вяскоўцам перасяляць свойскіх сьвіней далей ад дзяржаўных сьвінарнікаў — па-за гэтак званую пяцікілямэтровую зону бясьпекі. Вяскоўцы адмаўляюцца, бо прапанаваныя памяшканьні далёка ад жытла, а да таго ж яшчэ і напаўразбураныя.

Жыхарцы вёскі Сумарокава Кацярыне Музыкантавай прапанавалі будынак былога цялятніка за 25 кілямэтраў ад ейнага дома. Яна кажа, што туды яе вазіў на агледзіны галоўны вэтэрынар Магілёўскага раёну Сяргей Лебедзеў. Убачанае жанчыну шакавала. Яна прапанавала, каб і журналісты паглядзелі на тую будыніну.

«Калі я пабачыла гэты будынак, у мяне „дах паехаў“. Там вады па калена. Дзіркі навокал. Агароджы ніякай няма. Бур’яном усё парасло. І гэта трэба было прапанаваць людзям? Тут трэба ўсё зносіць і новае будаваць. Дзе мне такія грошы браць? Хто мог пакінуць гэтую фэрму ў такім выглядзе? Тут жа можа зьбірацца што заўгодна, і нават хвароба. І сюды вось запусьціць сьвіней? Дваццаць пяць кілямэтраў! Як я сюды буду езьдзіць?» — абураецца Кацярына Музыкантава.

Сам Сяргей Лебедзеў заяўляе, што Кацярына Музыкантава мусіць перавесьці сьвіней са свайго падворку, бо памяшканьне, дзе яна цяпер іх трымае, не адпавядае санітарна-вэтэрынарным патрабаваньням. А на пытаньне, чаму гэтак далёка, адказвае:

«Мы ім парэкамэндавалі тое памяшканьне ў сувязі з тым, што вёска Сумарокава трапляе ў радыюс ня менш за пяць кілямэтраў ад сьвінакомплексу агракамбінату „Зара“. Ёсьць пастанова Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня».
Прапанаваны Кацярыне Музыкантавай занядбаны цялятнік
Прапанаваны Кацярыне Музыкантавай занядбаны цялятнік

У Кацярыны Музыкантавай больш за тры дзясяткі сьвіней. Іх гадоўля і продаж — адзіная крыніца даходаў. З 2009 году, паслухаўшы парады ў службе занятасьці, яна зрабілася прадпрымальніцай. У гаспадарку, як сама кажа, яна ўклала каля трохсот мільёнаў рублёў:

«Няхай мне сплацяць мае затраты — і я зачыняю гэты бізнэс. І няхай да мяне больш ніхто ня лезе. Я расчараваная ў нашым урадзе і начальстве. Грошы крадуць у дзяржаве — і гэта нармальна, а людзі сваімі мазалямі зарабляюць — гэта ненармальна. Я ня веру нікому. Я сваіх парасят нікому ніколі не аддам. Няхай вернуць мае затраты».
Кацярына Музыкантава
Кацярына Музыкантава

Перавесьці сьвіней прапаноўвалі ня толькі спадарыні Музыкантавай, але і іншым жыхарам Сумарокава. Некаторыя былі і наважыліся, аднак схамянуліся:

«Гэта ж не рэальна. Тут жа сям’я. Хто туды будзе езьдзіць? Хто будзе ахоўваць сьвіней? Выйсьце адно — дайце людзям дагадаваць сьвіней і вярнуць свае грошы. Нам прапануецца да 1 верасьня здаць маленькіх парасят да 10 кіляграмаў у Бялынічы, але ў мяне такой катэгорыі сьвіней няма. У мяне ўсе да 50 кіляграмаў. І куды мне іх здаць, мне ніхто не прапануе», — наракае адна з жыхарак Сумарокава.

Сёй-той у Сумарокаве зьбіраўся перавезьці сьвіней у суседнія вёскі, што па-за зонай бясьпекі, да сваякоў. Аднак тыя кажуць — ужо і іх папярэдзілі, каб памалу думалі, куды падзець жывёлу.
Былы цялятнік зь сярэдзіны
Былы цялятнік зь сярэдзіны

Сяргей Лебядзеў сьцьвярджае, што насельніцтва з разуменьнем успрымае захады па прадухіленьні распаўсюджваньня афрыканскай чумы сьвіней.

«Яны разумеюць сытуацыю і забіваюць сваіх сьвіней дзеля асабістых патрэбаў. Наладоўваюць лядоўні, маразільнікі, кублы, бочкі. Большая частка людзей разумее сытуацыю», — кажа галоўны вэтэрынар раёну

Тым часам больш за сорак жыхароў Сумарокава падпісалі зварот у Генэральную пракуратуру, каб тая дапамагла ўратаваць сьвіней ад заўчаснага зьнішчэньня. У лісьце людзі даводзяць, што гадуюць сьвіней, каб была капейчына на пражыцьцё.
Зварот жыхароў Сумарокава ў Генэральную пракуратуру
Зварот жыхароў Сумарокава ў Генэральную пракуратуру
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG