Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экстрэмізм знайшлі нават у спорце і прыродзе


Апублікаваная поўная экспэртыза альбома «Прэс-фота Беларусі», зробленая ідэолягамі і выкладчыкамі на замову КДБ.

Поўны тэкст экспэртызы апублікавала фотакарэспандэнтка Юлія Дарашкевіч, якая проста перапісала дакумэнт, бо перазьняць матэрыялы справы ёй не дазволілі.

«Характэрна, што экстрэмізм знайшлі нават у рубрыках «Спорт» і «Прырода», — заўважае Дарашкевіч.

Судовае паседжаньне, якое вырашыць лёс альбомаў, адбудзецца 17 красавіка ў Ашмянах.

У суд выклікаюць Юлію Дарашкевіч — фатографа і арганізатара конкурсу «Прэс-фота Беларусі», а таксама фатографаў Вадзіма Заміроўскага і Аляксандра Васюковіча.

Паводле Юліі Дарашкевіч, суд будзе закрытым «для прадухіленьня выдачы інфармацыі пра зьмест інфармацыйнай прадукцыі да судовага рашэньня па справе».

Ніжэй прыводзім скарочаны варыянт дакумэнта.

Экспэртыза пачатая: 27.02.13 году, скончаная: 18.03.13 году.Экспэртная камісія: Скрабко, Хілюта, Шульга, Бондар

на падставе ліста Упраўленьня КДБ па Гарадзенскай вобласьці № 285 нс ад 26.02.13 у дачыненьні да канфіскаванай прадукцыі зрабіла экспэртызу друкаванага выданьня, якое зьмяшчае тэ[к]ставыя і фатаграфічныя матэрыялы на прадмет наяўнасьці ў іх прыкмет заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасьці, якія прапагандуюць такую дзейнасьць.

Дасьледаваньне:

Друкаванае выданьне «Прэс-фота Беларусі-2011», выдавецтва «Tauropolis», г. Каўнас (Літва), на 80 аркушах, якое паступіла на дасьледаваньне, уяўляе сабой ілюстраваны альбом, які зьмяшчае фатаграфіі розных аспэктаў жыцьцядзейнасьці Рэспублікі Беларусь, яе грамадзян з адпаведнымі камэнтарамі і тлумачэньнямі.

Агульны аналіз наяўных у паддосьледным друкаваным выданьні фатаздымкаў, тэкставых камэнтарыяў сьведчыць пра наўмыснае скажонае прадстаўленьне інфармацыі, фактаў аб рэальным становішчы ў палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сфэрах дзейнасьці дзяржаўных органаў, прававога і эканамічнага становішча грамадзян Рэспублікі Беларусь.

У выніку ўласных і надуманых вымыслаў аўтараў паддосьледнага друкаванага выданьня, тэкставых і фотаматэрыялаў, неабгрунтаванай і мэтанакіраванай дэманстрацыі нэгатыўных бакоў жыцьцядзейнасьці беларускіх грамадзян, непрывабных бытавых момантаў у цэлым фармуецца скажонае, прыніжальнае для дзяржавы Рэспубліка Беларусь і грамадзтва ў цэлым уяўленьне пра становішча ў Рэспубліцы Беларусь. Так, напрыклад:

Фотаматэрыялы рубрыкі «Навіны»:
Супрацоўнікі сілавых структур падаюцца як непадкантрольныя, небясьпечныя асобы, патэнцыйныя крыніцы праблем

У анатацыі да фатаграфіі (старонка 20) «Дэманстрант, зьбіты міліцыянтамі, ляжыць ля сценаў Дома ўраду» ўтрымліва[ю]цца заведама ілжывыя зьвесткі, прадстаўленыя ва ўласных вымыслах аўтара ў выглядзе грубай характарыстыкі якасьцяў і дзеяньняў супрацоўнікаў сілавых структур у выглядзе выказваньня «збіты міліцыянтамі», то бок супрацоўнікі сілавых структур падаюцца як непадкантрольныя, небясьпечныя асобы, патэнцыйныя крыніцы праблем, якія выклікаюць страх і боязь у іншых, хто парушае закон. Прыпісваньні салдатам і афіцэрам праваахоўных службаў нізкіх маральных якасьцяў, а таксама супрацьпраўных дзеяньняў, якія зьдзяйсьняюцца імі (перавышэньне службовых паўнамоцтваў), супярэчыць нормам маральнасьці і маралі, прынятым у грамадзтве, прыніжае і абражае іх чалавечую годнасьць і дыскрэдытуе іх: прымяншае аўтарытэт дзяржаўнай улады, падрывае давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў, замежных або міжнародных арганізацый.



У камэнтарах да фатаграфіі (старонка 20) «Сарваны дзяржаўны сцяг ляжыць на вуліцы пасьля акцыі пратэсту» зьяўляецца ўласным вымыслам аўтара, які прымяншае гонар і годнасьць беларускага народа — Дзяржаўны сымбаль Рэспублікі Беларусь.



Фотаматэрыялы рубрыкі «Людзі ў навінах»:

У анатацыі да фатаграфіі (старонка 32) «Актывіст рыхтуе агітацыйныя Матэрыялы для аднаго з кандыдатаў на сваім лецішчы. Дзяржаўныя выдавецтвы адмаўляюцца вырабляць прадукцыю для апазыцыйных палітыкаў» зьмяшчаюцца ілжывыя зьвесткі ў выглядзе скажэньня праўдзівай інфармацыі ў прававой сфэры аб дзеяньнях дзяржаўных органаў па забароне падрыхтоўкі агітацыйнай прадукцыі для кандыдатаў на пасаду Кіраўніка дзяржавы і выбарчым заканадаўстве Рэспублікі Беларусь. Распаўсюд падобнай заведама ілжывай інфармацыі прымяншае аўтарытэт дзяржаўных органаў, зьневажае гонар і годнасьць беларускага народа як неад’емнай часткі дзяржавы і падрывае давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў і жыхароў Рэспублікі Беларусь. Апрача гэтага, прапагандуецца супрацьпраўная дзейнасьць па вырабе і распаўсюджваньні незаконнай прадукцыі.



Зьяўляецца зьнявагай нацыянальнага гонару і годнасьці беларускага народа, прыніжае аўтарытэт Прэзыдэнта сярод насельніцтва Рэспублікі Беларусь і за яе межамі

Фотаматэрыял (старонка 33) з анатацыяй «Чалавек стаіць на партрэце дзейнага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі падчас аднаго зь мітынгаў, арганізаваных апазіцыйнымі кандыдатамі» зьяўляецца абразьлівым ня толькі для Кіраўніка дзяржавы, але і ўсяго беларускага народа, які сваёй воляй абраў Прэзыдэнта. Зьяўляецца зьнявагай нацыянальнага гонару і годнасьці беларускага народа, прыніжае аўтарытэт Прэзыдэнта сярод насельніцтва Рэспублікі Беларусь і за яе межамі.



У камэнтары да фатаграфіі (старонка 36) «Маладыя людзі дапамагаюць жанчыне, параненай падчас акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў» аўтар выкарыстоўвае словазлучэньне «фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў», якое магчыма трактаваць як «неаднаразовыя мэтанакіраваныя ўмяшаньні ў вынікі выбарчых кампаній па выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, наўмыснае скажэньне дадзеных, заведама няслушнае тлумачэньне іх з мэтай атрыманьня ўласнай выгады». Выкарыстаньне словазлучэньня «фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў» у дадзеным кантэксьце ў дачыненьні да дзеяньняў Кіраўніка дзяржавы зьяўляецца ўласным вымыслам аўтара тэксту і сьведчыць аб распаўсюджваньні ім інфармацыі, якая не адпавядае рэчаіснасьці, супярэчыць афіцыйным дадзеным Цэнтральнай выбарчай камісіі па выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і выбарчаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Дадзеная інфармацыя прымяншае аўтарытэт дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь і падрывае давер да іх з боку замежных дзяржаў і жыхароў Рэспублікі Беларусь.''


Фотаматэрыялы рубрыкі «Штодзённае жыцьцё»:

Фатаграфіі (старонка 48) з анатацыяй «Абавязковы прагляд вечаровых навінаў. А 21:00 усе вайскоўцы тэрміновай службы абавязаны глядзець інфармацыйную праграму „Панарама“ на дзяржаўным канале беларускага тэлебачання. Гэты элемент ідэалагічнага выхавання выкарыстоўваўся яшчэ ў арміі Савецкага Саюза і захаваўся ў беларускім войску, якое лічыць сябе пераемнікам традыцыяў савецкіх Узброеных Сілаў», (старонка 67) з анатацыяй «Штодзённая вечаровая працэдура падшывання падкаўнерыкаў падчас прагляду „Панарамы“ на дзяржаўным тэлебачанні. Як толькі афіцэр выходзіць з казармы, нудныя навіны пераключаюць на новы баявік», (старонка 94) з анатацыяй «Прагляд інфармацыйнай праграмы „Панарама“ дзяржаўнага тэлебачання» зьяўляецца ўласным вымыслам аўтара тэксту і сьведчыць аб распаўсюджваньні ім заведама скажонай інфармацыі пра жыцьцядзейнасьць вайскоўцаў ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь.



Фатаздымак «Мужчыны прымяраюць капелюшы на вулічным кірмашы» падае жыхароў беларускага населенага пункта, а ў іх асобе ўвесь беларускі народ, у непрывабным выглядзе

Фатаздымак (старонка 51) з анатацыяй «Мужчыны прымяраюць капелюшы на вулічным кірмашы» падае жыхароў беларускага населенага пункта, а ў іх асобе ўвесь беларускі народ, у непрывабным выглядзе — жабрачым, бамжаватага выгляду на фоне новых заходніх рэчаў. Распаўсюд такой інфармацыі ў сродках масавай інфармацыі фармуе ў чытачоў скажоныя ўяўленьні пра маральнае аблічча беларускага народа, прыніжае нацыянальны гонар і годнасьць беларусаў як нацыі і выклікае негатыўнае стаўленьне чытачоў да Беларусі ў цэлым.


Фотаматэрыялы рубрыкі «Партрэт»:

Фатаздымак (старонка 87) ажыццёўлены з падобнага ракурсу, спэцыяльна, каб прадставіць Кіраўніка дзяржавы ў непрывабным выглядзе, што зьяўляецца абразьлівым у адносінах да Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, прымяншае яго аўтарытэт і падрывае давер да яго з боку замежных дзяржаў і жыхароў Рэспублікі Беларусь.



Фотаматэрыялы рубрыкі «Спорт» (старонкі 118–126) прадстаўлены элемэнты спартыўнага жыцьця ў Рэспубліцы Беларусь у нізка эстэтычным ракурсе, месцамі — у непрыстойным выглядзе, у цэлым нэгатыўна дэманструюч[ы] названую сфэру жыцьця беларускага грамадзтва.





Фотаматэрыялы рубрыкі «Прырода» (старонкі 142–145), якая зьмяшчае фатаграфіі збору, нарыхтоўкі і кансэрвацыі грыбоў на фоне знака радыяцыйнай небясьпекі, ілюструе ў стылі алегорыі ўніжальны стан беларускай нацыі, яе прыроды.




Фотаматэрыялы рубрыкі «Архіў» (старонкі 140-147). У анатацыі да фатаграфій пазначана, што «…Аргкамітэт конкурсу „Прэс-фота Беларусі“ распачынае публікацыю рэтраспектыўнага цыклу, які пазнаёміць з вядучымі фотажурналістамі Беларусі, што ў свой час сфармавалі погляд на краіну і вызначылі вектар развіцця беларускай фотажурналістыкі сёння». У прадстаўленых фотаматэрыялах дэманструюцца непрывабныя тэмы жыцьця людзей: Чарнобыль, адсяленьне, пахаваньне, старыя, інваліды, хворыя, прыёмнік-разьмеркавальнік для дзяцей, мітынгі, гульня рабочых у даміно і карты, нецьвярозыя жыхары і г.д.
Падборка матэрыялаў зьмяшчае толькі негатыўныя моманты жыцьця беларускага народа, падае яго такім, які дайшоў да жабрацтва і сьпіўся, а дзяржаву як мілітарызаваную

Такім чынам, фотаальбом «Прэс-фота Беларусі-2011» прызначаны для дэманстрацыі розных аспэктаў жыцьця беларускага народа, стварэньня ўражаньня пра Беларусь і яе народ. Пры гэтым, падборка матэрыялаў зьмяшчае толькі негатыўныя моманты жыцьця беларускага народа, падае яго такім, які дайшоў да жабрацтва і сьпіўся, а дзяржаву як мілітарызаваную. Пакідае ў чытача толькі нэгатыўныя ўражаньні як пра беларускіх жыхароў, так і пра дзяржаву ў цэлым, што сьведчыць аб распаўсюджваньні скажонай інфармацыі пра Беларусь, прыніжае нацыянальны гонар і годнасьць беларускага народа.

Для правядзеньня дасьледаваньня прадстаўленых дакумэнтаў выкарыстоўваліся «Словарь русского языка» С. І. Ожэгава, «Новый словарь иностранных слов» выдавецтва «ИДДК», 2007, і іншыя.

Высновы:

У прадстаўленым для дасьледаваньня друкаваным выданьні «Прэс-фота Беларусі-2011», выдавецтва «Tauropolis», г. Каўнас (Літва), на 80 (васьмідзесяці) аркушах, утрымліваюцца наўмысна скажоныя, не адпаведныя рэчаіснасьці вымыслы пра жыцьцядзейнасьць Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сфэрах, якія прыніжаюць нацыянальны гонар і годнасьць грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Акрамя гэтага, падборка матэрыялу ў сукупнасьці адлюстроўвае толькі негатыўныя аспэкты жыцьцядзейнасьці беларускага народа з уласнымі вымысламі і высновамі аўтара, што з пункту гледжаньня сацыяльных нормаў, прынятых у грамадзтве, і маральнасьці таксама прыніжае нацыянальны гонар і годнасьць грамадзян Рэспублікі Беларусь, прымяншае аўтарытэт дзяржаўнай улады, падрывае давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў, замежных або міжнародных арганізацый.

Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму» прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці зьяўляецца адной з прыкмет экстрэмісцкай дзейнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG