Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паселішча ў нас Слаўнае, а людзей няславяць...»


Пасёлак на Талачыншчыне з пампэзнай назвай Слаўнае, што ўзьнік ля аднайменнай чыгуначнай станцыі, больш слынны ў навакольлі сваім крымінальным мінулым ды сучаснасьцю.

Амаль 90 год таму атрад атамана Юркі Моніча абрабаваў тут цягнік Масква-Бэрлін, у якім замежныя дыпляматы везьлі золата, калекцыі зброі ды іконаў. Сьлядоў гэтых скарбаў ня могуць знайсьці і дагэтуль. Пасьля 1986 году на тутэйшай мэтэаралягічнай станцыі першымі на Віцебшчыне засеклі радыеактыўнае воблака з-пад Чарнобылю. Празь нейкі час станцыю зачынілі «з-за скарачэньня кадраў».

У дзень вандроўкі зраньня першай я сустрэў спадарыню Адарусаву, загадчыцу тутэйшага комплекснага прыёмнага пункту, якая, як звыкла штодзень, рабіла па паселішчы «прафэсійны мацыён».

Адарусава: «Сын, праўда, кажа — „пайшла зьбіраць плёткі“. Дапусьцім, ведаю — учора ў нас згарэў мужчына, нешта зь печкай здарылася. І пакуль атрымаюць рытуальныя грошы! Прыйшла пляменьніца — возьмуць зараз у мяне труну, крыж, вянкі. Пакладу свае грошы. Потым мне прынясуць, бо інакш, калі іх атрымаюць, купяць ужо ў Талачыне. Вось так раблю плян...»

З Тацянай Міхайлаўнай падыходзім да невялікага доміка, абкладзенага белымі фанэрнымі шчытамі, дзе месьціцца КПП.

Адарусава: «Гэта проста фанэрны домік, і вельмі холадна. У нас электрычны абагрэў — пакуль нагрэецца за 4 гадзіны, трэба ісьці ўжо дамоў. Таму і не ўключаю, дзьверы адчыню — людзі тэлефануюць, дзе забраць абутак на рамонт, я й хаджу — зьбіраю. Хлеб прывезьлі пасьля гадзіны — і я там...»

Карэспандэнт: «Якія паслугі людзям можаце аказваць?»

Адарусава: «Цырульня, шыцьцё ды рамонт адзеньня, хімчыстка, рытуальныя паслугі. Труны, крыжы вязем у маланаселеныя вёскі і за транспарт не бяром грошы — толькі за кошт тавару. А дзе бабуля куртачку пасьцірае? Наматрацнікі шыем на ложак. Агароджы, пліткі тратуарныя давалі людзям у крэдыт. Стаіць пытаньне — рабіць шкло для вакон: вельмі запатрабавана...»

Карэспандэнт: «У вас акупляецца прадпрыемства?»
835 тысяч яшчэ вельмі добра — у нас працуюць і за палову

Адарусава: «Вядома! Хоць сама зарабляю мала — няма нават пражытковага мінімуму...»

Карэспандэнт: «Што?!»

Адарусава: «Было і па 280, і па 300, у мінулым месяцы 835 тысяч. Кантракт зьдзельна-прэміяльны, калі няма пляну — няма даплат. Цяпер у мяне плян 8 млн у месяц, узімку яго зрабіць нерэальна — дарогі замяло, мы ня можам праехаць у іншы населены пункт, нават на заяўкі. Я ведаю тут кожную бабульку, бо працавала ў доме сястрынскага догляду 6 гадоў. І 835 тысяч яшчэ вельмі добра — у нас працуюць і за палову, у асноўным тыя, хто на пэнсіі. Я працавала на кантэйнэрах на чыгунцы, заробкі былі добрыя — так што гэтая праца больш для душы...»

5 год таму ў Слаўным, дзе месьціцца і цэнтар сельсавету, узьнік аграгарадок. СВК узначальвае спадар Снапкоў, чалавек за 50 з выразна-строгім, начальніцкім позіркам спадылба. Я ледзь пасьпеў задаць яму пытаньне па шляху да машыны.

Снапкоў: «У 2008-м мы купілі малакаправод, лядовае абсталяваньне плюс дарожны фонд — усяго 4 млрд было выдзелена грошай. Фэрму перарабілі на 400 галоў...»

Падрабязнасьці я ўдакладніў у эканаміста гаспадаркі Насты Каткоўскай.

Карэспандэнт: «А колькі цяпер на фэрме галоў у вас?»

Каткоўская: «390, меней стала. У іншую гаспадарку аддалі. У нас быў і малочны статак, і мясны. Цяпер мяснога няма, а было 400 дойных і 24 мясных...»

Карэспандэнт: «А сярэдні заробак?»
Лепш у хаце пабыць з такой працай

Каткоўская: «Са студзеня па сьнежань 2012-га — 2 мільёны 232 тысячы, даяркі — 2200...»

Здабыўшы інфармацыю «зь вярхоў», вырашаю даведацца пра меркаваньні «нізоў». Былы трактарыст Іван ішоў з крамы.

Іван: «Г..о атрымліваў, каровы ня дояцца з-за дрэнных кармоў. Лепш у хаце пабыць з такой працай...»

8 гадоў таму тады яшчэ калгас «Слаўнае» здолеў пабудаваць 5 домікаў. На двары аднаго зь іх калоў дровы трактарыст Аляксандар Грамыка.

Грамыка: «О-ой, раней было 32 трактарысты, засталася траціна — заробкі малыя, жыльля не давалі такога, як цяпер даюць. А тут — якім няма чаго лапаць, „пракалёныя“ ў калгасе...»

Ля чыгуначнай станцыі — адзіны камэрцыйны шапік, якому 16 гадоў. За некалькі соцень мэтраў — прасторная, з эўрарамонтам хата, дзе жыве шматдзетная сям’я адзінай у вёсцы прадпрымальніцы, 56-гадовай спадарыні Тамары Беражной. У яе вострыя, упэўненыя вочы. Гутарым «за жыцьцё».

Карэспандэнт: «Я зайшоў у ваш маленькі шапік, а людзей шмат...»

Беражная: «Сёньня аўторак, завоз хлеба з Жодзіна, кілбасу прывезьлі ад вытворцы — Кляновіцкай птушкафабрыкі, у нас прамыя дамовы. Таваразварот 4 гады таму быў 300 тысяч, цяпер — мільён-паўтара. Пасёлак невялікі, вытворчасьці ніякай, газ так і не правялі — на 2020–2021 гады перанесьлі. Водаправод старэнькі — вежа такая ж, вада рыжая. Гэта ведае і абласное, і раённае начальства — мы пісалі...»

Убачыўшы закручаныя слоікі з кампотамі, узгадваю прачытанае — ля Слаўнага растуць самыя буйныя журавіны ў краіне, ледзьве ня два сантымэтры дыямэтрам.

Карэспандэнт: «Ягады — адна з асноўных крыніц, каб мелі грошы жыхары Слаўнага?»

Беражная: «Вядома, у нас у кампотах цэлы падвал. У нас вакол чарніцы, суніцы, дурніцы, грыбы! Людзі ў дрыгву па ягады як на працу ідуць аж да самых маразоў — летам назьбіраюць, а ўзімку жывуць...»

Карэспандэнт: «У вас на падворку маленькі машынна-трактарны парк...»

Беражная: «Трактар, машына, каля дома і на палетку па 20 сотак, бульбу садзім, гародніна, фрукты. Сталоўку птушыную завялі на старой лядоўні — да 100 штук зьбіраецца — вунь паглядзіце, зерне пасыпалі! (Сьмяецца.) Дзятлы два прылятаюць, сінічкі, вераб’і...»

Карэспандэнт: «У вашай хаце 9 чалавек...»

Беражная: «5 дзяцей, 3 зь іх прыёмныя, дачка, зяць і мой муж, двое ўнукаў. Дзяўчынка ў 10-й клясе, хлопчык у 9-й і яшчэ дзяўчынка ў 3-й. Вучацца добра — у Вікі на экзамэнах і дзясяткі, і васьмёркі. Прыёмных узяла, калі 50 было мне. Штуршок — фатаграфія дзяцей у газэце, у прытулку былі — спадабаліся і забралі. Відаць, так богу ўгодна, каб дапамаглі ім. 4 спальні, заля, двое сянец і кухня — усім хапае. Цяпер двое дзяцей у хаце — вы іх чуеце?»

Заходжу ў пакой, дзе 2 названыя браты, два сябры.

Хлопцы: «Беражны Артур... Азаронак Андрэй... 14 год... 14...»

Карэспандэнт: «Хацелі б у Слаўным заставацца ці на Менск?»

Хлопцы: «Прыяжджаць, вядома, лецішча зрабіць. Працаваць у Менску — я хачу тэхнікам-радыёэлектронікам... А я хачу мікраэлектронікай займацца — побач, дзе і Артур...»

* * *

На шматдзетных маці ў Слаўным мне шанцуе. Сустракаю паштальёнку з 20-гадовым стажам, спадарыню Марыю Сьмірнову.

Сьмірнова: «Шасьцёра дзяцей, я па ільготных умовах на пэнсіі 7 гадоў...»

Карэспандэнт: «У Слаўным 400 чалавек — і колькі газэт выпісваюць?»

Сьмірнова: «Пад 200 асобнікаў — выпісваюць і па 8, і па 4, і па 2 газэты. „Савецкую“, „7 дзён“, часопісы. „Народную волю“ — Пеця Кавалёў, Гошка...»

Сустрэчы з 85-гадовым спадаром Мікалаем Гошкам ды ягонай жонкай, 83-гадовай спадарыняй Капіталінай Рабцавай, былымі настаўнікамі, я чакаў зь нецярплівасьцю. 4 гады таму я на заданьне рэдакцыі заехаў да іх уручыць прызы — як сталым, з 30-гадовым стажам, слухачам Радыё Свабода. У ранішніх прыцемках беспамылкова знайшоў іх хату на вуліцы Вішнёвай — здалёк было чуваць ранішні эфір «Свабоды». На жаль, спадарыня Капіталіна ўжо гады не ўстае з ложка — хваробы замучылі пасьля трагедый, якія напаткалі сямейства.

Рабцава: «Мы ж двух сыночкаў пахавалі. Быў студэнтам 4 курсу тэатральна-мастацкага інстытуту. Ён пайшоў на рок-канцэрт, і яго скінулі з чацьвёртага паверху. (Плача.) А 3 гады таму спынілася сэрца ў старэйшага сына. Як Сашу пахавалі, ня сплю, ня ем, толькі з таблеткамі жыву. Іванавіч перанёс інфаркт, інсульт, а я 3 гады ўжо ляжу...»

Пытаюся ў спадара Мікалая пра стан жыцьця пэнсіянэраў у Слаўным:

Гошка: «Была на паліва ільгота — давалі 7 квадрамэтраў дроў бясплатна кожнаму настаўніку. Лукашэнка ўсё адмяніў, купляем за свае грошы. Вельмі шмат трацім на лекі — чацьвёртая частка ідзе...»

Карэспандэнт: «Працуе яшчэ прыймальнічак, слухаеце нас?»

Гошка: «Так, кожныя раніцу і вечар у курсе падзеяў! VEF — так усё чутна...»

Рабцава: «Свабоду — ой, даўно — яшчэ глушылка была. Усіх ведаю, усе галасы чую — усе эрудыты, разумныя, адукаваныя...»

Са спадарыняй Капіталінай гутарым як старыя знаёмыя — Радыё Свабода насамрэч злучыла «без папераў і адлегласьцяў».

Карэспандэнт: «А што найбольш хвалюе ў праграмах „Свабоды“ вас?»

Рабцава: «Усё цікава! Я без „Свабоды“ жыць не магу. Асабліва „Званочкі“, Шушкевіча слухаем, і Бартосік, і Сямашка — а вы хто?»

Карэспандэнт: «Я Віталь Сямашка, я ў вас быў...»

Рабцава: «Ой, памятаю! А з падзей апошніх хвалюе, што апазыцыя раздробленая, слабая, што народ не ўзьнімаецца, а зьбіваюць! А яшчэ Рыгоравіч гаворыць, што трэба зьбіваць, бо парушаюць парадкі.

Спачуваю больш за ўсё Зьмітру Дашкевічу — добра, што Настачка Палажанка, цяпер жа Дашкевіч у яго, дапамагае — такая дзяўчына! Расьпісаліся, а што яны там спаткаліся праз шкло?! Зьменаў ніякіх ня бачу — турмы запоўнены, паліцэйская дзяржава, калі столькі міліцыянтаў і ім дазволена ўсё. І Бог не карае Рыгоравіча — каб так не любіць свой народ!

А як зьдзекуюцца з мовы беларускай — я настаўніца рускай і беларускай, Іванавіч фізык. Раней казала па-руску, а як столькі „Свабоду“ слухаю, поўнасьцю перайшла на мову.

А апазыцыя ўсё нейкія мэмарандумы — трэба ж дзейнічаць! А хто гэта хоча ісьці пад палкі?! Во Дашкевіч пайшоў і Статкевіч — старэйшаму лягчэй, а ў маладога — маці памерла, бацька хворы. І штосьці з партыйных кіраўнікоў мала ўздымаюць голас! А трэба ж ратаваць — захварэў на шыю і галава не падымаецца — нэрвовыя стрэсы, вядома.
Дзякуй вам вялікі, жыву са „Свабодай“, а больш ніякіх надзеяў

Дзякуй вам вялікі, жыву са „Свабодай“, а больш ніякіх надзеяў. Губэрнатары генэрал-губэрнатарамі сталі. Перадача пра тых, каго сталінцы казьнілі, цікавая, але чагосьці ўсё пра жанчын — а што, мужчын не вывозілі? На маёй радзіме конюха забралі, 25 гадоў адбыў і хутка памёр. А ня ведаў і хто такі Пілсудскі — нібы зьвесткі яму падаваў... »

Карэспандэнт: «Вы верыце, спадарыня Капіталіна, што навала сыдзе і Беларусь будзе вольнай?»

Рабцава: «Сыдзе, але ня так хутка. Як я выкладала, любілі беларускую мову, нават дзеці вайскоўцаў заставаліся паслухаць. „Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе ня маю сілы... Дзень быў сьвяты, яшчэ ад раньня блінцы пякліся на сьняданьне... І кідаў цеста ў скавародку, давала піск яна кароткі...“ Гэта ж такая мова багатая! А пісьменьнікаў колькі і паэтаў зьнішчана! Стараемся дагадзіць Крамлю — чула жонку Мядзьведзева: „Где русский язык, там и Россия“! А дзе беларуская мова, там Беларусь!»

Карэспандэнт: «Жыве Беларусь, спадарыня Капіталіна!»

Рабцава: «Жыве і жыве, і жыве, і жыве!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG