Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рак грудзей у жанчын наўпрост залежыць ад вагі цела


Сяргей Абламейка, Прага

Калі жанчына пасьля 18 гадоў пачынае набіраць лішнюю вагу, гэта зьяўляецца адназначным сыгналам, што пазьней яна можа захварэць на рак грудзей. Аб гэтым сьведчаць вынікі новага буйнога дасьледаваньня, апублікаваныя 25 лютага Амэрыканскай асацыяцыяй раку.

Дасьледаваньне, праведзенае амэрыканскімі мэдыкамі ў Атлянце, зьяўляецца найбуйнейшым у гісторыі зь ліку тых, што спрабавалі знайсьці сувязь паміж вагой цела і ўзьнікненьнем раку. Агульная выснова навукоўцаў такая: калі пасьля заканчэньня школы і паўналецьця жанчына набярэ ад 9 да 13 лішніх кіляграмаў, рызыка таго, што яна пазьней захварэе на рак грудзей, узрастае на 40 працэнтаў у параўнаньні з тымі, хто мае нармальную вагу. Калі ж жанчына набярэ 30 лішніх кіляграмаў, рызыка раку грудзей падвойваецца і дасягае 80 адсоткаў.

Аб гэтым паведаміў Гізэр Спэнсэр Фэйджэльсан, адзін з кіраўнікоў Амэрыканскай Асацыяцыі раку. Ён сказаў, што цяпер ужо ніхто не сумняецца, што рак грудзей у жанчын наўпрост залежыць ад масы цела, і дадаў, што нават нязначная колькасьць лішняй вагі прыводзіць да значнага падвышэньня рызыкі хваробы.

Рост вагі цела даўно разглядаўся мэдыкамі як фактар рызыкі, але апошняе даьследаваньне пераканаўча даказала слушнасьць гэтых апасеньняў.

Яшчэ адна выснова дасьледаваньня наступная – ад адной траціны да паловы усіх выпадкаў сьмерці ад раку грудзей у жанчын сталага веку зьвязана зь лішняй вагой цела. Мэханізм гэтай залежнасьці цяпер можа лічыцца цалкам даказаным. Тлушчавыя тканкі вырабляюць гармон эстраген, і менавіта эстраген удзельнічае ва ўзьнікненьні і росьце пухліны малочных залозаў.

Мэдыкі з Атлянты пайшлі ў сваіх высновах нават далей. Яны сьцьвяджаюць, што павелічэньне вагі – другая паводле значнасьці прычына усіх выпадкаў раку наогул. Гэтаму ўжо была прысьвечана іх леташняя публікацыя ў New England Journal of Medicine.

Вынікі экспэрымэнтаў у Атлянце пацьвярджаюць і іншыя спэцыялісты. Напрыклад, не зьвязаны з аўтарамі новага дасьледаваньня прафэсар Унівэрсытэту ў штаце Калюмбія Пол Тартэр заявіў: “Чым больш вы маеце тлушчу, тым больш эстрагену здольныя выпрацаваць тлушчавыя клеткі, або чым больш вы важыце, тым больш эстрагену вы маеце”. Сёньня ўжо няма ніякага сумненьня, – сказаў далей прафэсар Тартэр, – што менавіта эстраген зьяўляецца агульным знамянальнікам усіх фактараў рызыкі раку малочнай залозы.

Застаецца дадаць, што дасьледаваньне, праведзенае мэдыкамі з Атлянты, вельмі прадстаўнічае, і яго вынікі высока верагодныя. Лекары вывучылі амаль 2 тысячы выпадкаў раку грудзей сярод амаль 63 тысяч жанчынаў.

***

На чарзе парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1. Скарачэньне колькасьці чырвонага мяса ў вашым рацыёне магло б зьнізіць рызыку захварэць на дыябэт. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што атрыманьне занадта вялікай колькасьці жалеза ад чырвонага мяса зьвязана з рызыкай узьнікненьня цукроўкі 2-га тыпу – гэта значыць набытай. Разам з тым, дасьледаваньне засьведчыла, што жалеза ад іншых прадуктаў хутчэй за ўсё бясшкоднае. Таму варта замяніць адну страву з чырвонага мяса ў тыдзень на страву зь мяса птушкі, бабоў або рыбы. RealAge сьведчыць, што посная дыета і спажываньне расьлінных ненасычаных тлушчаў, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш чым на 6 гадоў маладзейшым.

2. Нядаўна навукоўцы зноў вывучалі ўплыў фізычнай нагрузкі на людзей, старэйшых за 60 гадоў. Аказалася, што фізычныя практыкаваньні тры разы на тыдзень дапамаглі пажылым людзям рэзка павялічыць выносьлівасьць – яны сталі здольныя рабіць значна даўжэйшыя прагулкі без прыкметаў стомленасьці. Прычым, аказалася ня важна, ці людзі рабілі практыкаваньні вельмі інтэнсіўныя, зь цяжкімі снарадамі, ці лёгкія – і лёгкая, і цяжкая нагрузка прыводзіць да аднаго выніку. У гэтай сувязі RealAge нагадвае, што рэгулярныя фізычныя практыкаваньні могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш чым на год маладзейшым.

3. Калі вы шукаеце гародніну зь вялікім утрыманьнем вітаміну С, зьвярніце ўвагу на гатункі перцу з чырвоным адценьнем. Салодкі чырвоны і жоўты перац утрымліваюць амаль у два разы болей вітаміну С, чым зялёны. Не забывайцеся, што недахоп вітаміну С у дыеце зьяўляецца адной з галоўных прычынаў інсульту. Менавіта інсульт трымае адно зь першых месцаў сярод прычынаў сьмерці ў сучасным сьвеце. Як заўсёды, RealAge прыпамінае, што атрыманьне зь ежай або харчовымі дадаткамі 1200 міліграмаў вітаміну С у дзень можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш чым на 1 год маладзейшым.

4. Здаровы рацыён харчаваньня нельга ўявіць без бабовых. Скурка бабоў зьяўляецца багатай крыніцай антыаксыдантаў – рэчываў, якія запавольваюць старэньне клеткі. Нядаўна навукоўцы высьветлілі, што чым больш цёмнага колеру бабы – тым больш антыаксыдантаў утрымлівае іх абалонка. Самыя багатыя і карысныя – чорныя бабы, пасьля ідуць карычневыя і чырвоныя. RealAge сьведчыць, што разнастайная дыета, нізкая ў калёрыях і багатая на пажыўныя рэчывы, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш чым на 4 гады маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG