Бараўлянскі сельскі выканаўчы камітэт задаволіў просьбу Менскай абласной рады Партыі БНФ і дазволіў стварыць народную дружыну аховы грамадзкага парадку на тэрыторыі Курапатаў. Ініцыятарамі стварэньня дружыны былі дэпутат Менскага райсавету, намесьнік старшыні абласной рады БНФ Юрась Зянковіч і ягоны калега па партыі Ўладзімер Кішкурна. І ўлады ім у гэтай просьбе не адмовілі.
Гаворыць намесьнік старшыні Бараўлянскага сельскага выканкаму Віктар Акулік:
(Акулік: ) “Папрасілі нас, што трэба абараняць помнікі й парадак ахоўваць. Таму і прынялі рашэньне на выканкаме. Сваімі сіламі трэба, бо цяпер па сутнасьці распаліся гэтыя структуры, што былі раней у сельскім савеце. Цяпер ствараем пры арганізацыях. Людзі там усе такія адданыя, калі казаць па-беларуску. Я думаю, структура такая трэба, каб падтрымліваць там парадак. Цяпер, наколькі я ведаю, там стала спакайней. А раней, вы ж ведаеце, і моладзь там розная зьбіралася, і ламалі гэтыя крыжы, і чаго толькі ні рабілі”.
Ініцыятыва стварыць народную дружыну паўстала яшчэ летась, пасьля шматлікіх актаў вандалізму ў Курапатах. І актывісты БНФ лічаць, што яна ня згубіла актуальнасьці. Напрыклад, нядаўна невядомыя вандалы зьнішчылі некалькі крыжоў, усталяваных на ўскрайку мэмарыялу актывістамі КХП БНФ. Дэпутат Менскага райсавету Юрась Зянковіч рашэньнем уладаў пра стварэньне дружыны вельмі задаволены:
(Зянковіч: ) “Улады прынялі рашэньне пра стварэньне курапацкай дружыны не таму, што была воля нейкіх цэнтральных ці абласных уладаў. Гэта ініцыятыва зьнізу. Тут наклаліся два фактары. Па-першае, Бараўлянскі сельскі савет заўсёды мае клопаты са сьмецьцем у Курапатах, з тым, што там адбываюцца злачынствы, акты вандалізму і г.д. Па-другое літаральна нядаўна з адміністрацыі прэзыдэнта на самы нізкі ўзровень спусьцілі чарговы загад пра стварэньне добраахвотных народных дружынаў. І, на маю думку, зьбег гэтых абставінаў дазволіў нам стварыць курапацкую дружыну. У дружыньнікаў будуць амаль усе правы супрацоўнікаў міліцыі, уключна з правам прымяненьня фізычнай сілы і з правам складаньня адміністрацыйных пратаколаў”.
У дружыну ўвойдзе больш за 100 чалавек, у асноўным актывісты Партыі БНФ і Маладога Фронту, якія будуць мець афіцыйныя пасьведчаньні. 10 траўня будзе зацьверджаны парадак дзяжурстваў у Курапатах і абраны кіраўнік дружыны. Пасьля гэтага дружыньнікі пачнуць штодзённае патруляваньне тэрыторыі мэмарыялу.