Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі фільм заслужыў прыз за дэманстрацыю «(не)магчымага спосабу барацьбы зь цяперашняй адсутнасьцю пэрспэктываў»


Кадр з фільма «Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава»
Кадр з фільма «Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава»

Часопіс Tagesspiegel на Berlinale: «Лебядзіная песьня Фёдара Азёрава» атрымлівае прыз чытацкага журы.

Чытацкае журы абмяркоўвала фільм на працягу дзьвюх гадзін, і пасьля доўгіх спрэчак вакол трох фінальных фаварытаў быў вызначаны фільм-пераможца, паведамляе Tagesspiegel. Сем сябраў журы паглядзелі 24 заяўкі у сэкцыі «Форум» на Berlinale, усяго 42 гадзіны кінапаказу, і выбралі «Лебядзіную песьню Фёдара Азёрава» Юрыя Сямашкі.

Фільм расказвае гісторыю 25-гадовага музыканта Фёдара Азёрава, які перад Новым годам спрабуе сабраць свой музычны гурт і напісаць новы матэрыял. Аднак пляны героя парушае зьнікненьне ягонага ўлюбёнага швэдра з рамонкамі, які ён лічыць крыніцай сваіх «магічных» здольнасьцяў пісаць песьні. Пошукі швэдра разгортваюцца на тле чутак пра магчымую трэцюю сусьветную вайну, што дадае сюжэту іранічнай актуальнасьці.

Фільм здымалі ў Варшаве, а паводле прадусарскай кампаніі ён лічыцца літоўскім, хоць большая частка каманды — беларусы. Прыкладна 60% дыялёгаў у фільме гучаць на беларускай мове, рэшта — па-расейску. У фільме зьняліся беларускія музыкі і акторы, уключаючы Вячаслава Кміта, Паўла Гарадніцкага і Міхаіла Зуя, а таксама акторы варшаўскага «Тутэйшага тэатру». Мастачка па касьцюмах Анастасія Рабава стварыла той самы «магічны» швэдар, які стаў сымбалем фільму.

Журы палічыла, што фільм «чуйна дэманструе (не)магчымасьць даць рады адсутнасьці пэрспэктывы ў цяперашні час». «Ён уражвае сваім арыгінальным дызайнам і гумарыстычнымі дыялёгамі».

Што можа супрацьпаставіць мастацтва рэальнасьці? Той факт, што малады кінарэжысэр і інжынэр паводле адукацыі Юры Сямашка, які нарадзіўся ў 1993 годзе, задае гэтае пытаньне з асаблівай вастрынёй, безумоўна, зьвязаны з тым, што яму, як і многім іншым мастакам і інтэлектуалам, прыйшлося эміграваць зь Беларусі, піша Tagesspiegel.

«Што нам рабіць, калі сьвет разбураецца, бушуюць войны, ва ўладзе дыктатары і на нас кожны дзень абвальваецца шквал дрэнных навін? «Дакладна — мы ствараем мастацтва», — напісана ў анатацыі да фільма.

Журы «старанна абмяркоўвала кожны фільм», кажа сябра журы Джуліян Габрыш, які працуе лекарам у клініцы «Шарытэ», калі там не праходзіць Berlinale. Яны бралі пад увагу вобразы і сюжэты, візуальную кампазыцыю, тон, саўндтрэк і тэмп. У рэшце рэшт, яны вырашылі спыніцца на фільме, зьнятым безь якога ні то фінансаваньня самавукам, паколькі яму цяжэй прыцягнуць увагу, чым іншым.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG