Вызваленьне зьняволеных адкладаецца, «пакуль ня будзе гарантавана вызваленьне наступных закладнікаў, і безь зьневажальных цырымоній», гаворыцца ў заяве канцылярыі прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нэтаньягу.
У паведамленьні таксама зазначаецца, што рашэньне адкласьці вызваленьне заняволеных было прынятае «ў сувязі зь неаднаразовымі парушэньнямі з боку ХАМАС, уключаючы цырымоніі, якія прыніжаюць годнасьць закладнікаў, і цынічнае выкарыстаньне закладнікаў у прапагандысцкіх мэтах».
Перад вызваленьнем ХАМАС прымушаў закладнікаў выходзіць на сцэну перад натоўпам, труны з парэшткамі закладнікаў таксама праносілі праз натоўп.
Шэсьць чалавек, якіх ХАМАС вызваліў у суботу, былі апошнімі жывымі ізраільскімі закладнікамі, якіх плянавалася перадаць падчас першай фазы спыненьня агню. У рамках гэтага этапу прадугледжаная перадача яшчэ чатырох целаў загіблых закладнікаў, заплянаваная на наступны тыдзень.
ХАМАС асудзіў рашэньне Ізраілю адкласьці вызваленьне палестынскіх зьняволеных, заявіўшы, што сьцьвярджэньні Ізраілю аб «зьневажальных цырымоніях» зьяўляюцца надуманай прычынай для ўхіленьня ад абавязаньняў аб спыненьні агню.
- 15 студзеня Ізраіль і ХАМАС у пры ўдзеле пасярэднікаў дасягнулі пагадненьня аб спыненьні агню ў Газе і абмене закладнікаў на амаль дзьве тысячы палестынскіх зьняволеных, якія знаходзяцца ў ізраільскіх турмах. У выніку нападу ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 г. былі забітыя каля 1200 чалавек, каля 250 захопленыя. Ізраіль у адказ пачаў ваенную апэрацыю ў сэктары Газа, у выніку якой, паводле дадзеных падкантрольнага ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы, загінулі больш за 45 тысяч жыхароў сэктару. Незалежнага пацьверджаньня такіх лічбаў няма.
Форум