Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЯ КЛЯШТОРНАЯ ДАМАГАЕЦЦА СПЫНЕНЬНЯ БУДАЎНІЧЫХ РАБОТ У КУРАПАТАХ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня раніцай у Курапатах навуковы кіраўнік курапацкага помніку Мая Кляшторная разам зь вядучым спэцыялістам Дэпартамэнту аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міколам Дайнэгам высьвятлялі, на якой падставе ўчора будаўнічая тэхніка заяжджала на пляцоўку ля Крыжа Пакуты. Паводле спадырыні Кляшторнай, гэта зьвязана зь няўзгодненасьцю дзеяньняў будаўнікоў:

(Кляшторная: ) “Для таго, каб працягваць будаўнічыя работы па выхадзе з танэля, яны пазбавілі сябе магчымасьці зрабіць праезд уздоўж дарогі, таму што зрабілі ўжо адсыпку гэткіх тэрыконаў, якія маглі бы быць і пазьней. Таму тут зрабілі разваротную пляцоўку на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Гэта проста нахабнае рашэньне. Яно было прынятае галоўным інжынэрам гэтага ўчастка й прарабам. І толькі таму, што няма распрацоўкі праекту, які б арганізоўваў гэтае будаўніцтва. Мы дамовіліся, што заезд будзе толькі з гэтага боку. Як яны будуць гэта вырашаць — гэта іхная справа, там спуск у іх ёсьць. А на пляцоўку ніякага заезду ня будзе”.

Мая Кляшторная гаворыць пра неабходнасьць пабудовы дрэнажнай сыстэмы, бо цяпер з прычыны сьцёку вады забалочваецца пляцоўка паміж курапацкай шыльдай і Крыжом Пакуты. Але ж выкананьню работаў перашкаджае намёт валанцёраў. Навуковы кіраўнік Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная спрабуе пераканаць валанцёраў прыбраць намёт альбо перанесьці яго ў іншае месца.

(Кляшторная: ) “Будаўніцтва па ўпарадкаваньні ня мае тут страшных наступстваў. І таму, калі на 70-80 сантымэтраў будзе падсыпка, крыжам гэта ніяк не перашкодзіць. Што датычыць намёту, то лічу, што ўжо тут тэрмін знаходжаньня ў гэтым намёце, відаць, скончыўся. Калі людзі не зразумеюць, што толькі гэта й замінае таму, каб канчаткова прывесьці гэтую пляцоўку ў парадак, што ж — значыць адстаялі, добраўпарадкаваньня гэтай пляцоўкі не адбудзецца”.

Вядучы спэцыяліст Камітэта гісторыка-культурнай спадчына Мікола Дайнэга гэтаксама ўпэўнены, што ня варта замінаць добраўпарадкаваньню ўрочышча:

(Дайнэга: ) “Добраўпарадкаваньне, якое тут адбудзецца, было прадугледжанае яшчэ пры першым нашым узгадненьні з Інстытутам гісторыі Акадэміі навук. Камітэт архітэктуры прапаноўваў, "бэсэраўскай пліткай" выкласьці тэрыторыю пляцоўкі перад Крыжом Пакуты. Але ж мы параіліся, і вырашылі, што ня трэба гэтага рабіць, трэба проста засеяць траўку, як гэта было, так і павінна застацца. А вось добраўпарадкаваньне трэба правесьці, і як мага хутчэй, бо бачыце — вада ўсё цячэ й цячэ..."

Валанцёры, што былі сёньня ў лягеры, ня супярэчылі аргумэнтам спадарыні Кляшторнай і спадара Дайнэгі. Гаворыць актывіст Дзяніс:

(Дзяніс: ) “Калі ўсё будзе нармалёва, то можна будзе зьняць, калі скончацца ўсе працы. Тут да дрэнажу яшчэ далёка, я так разумею. А калі дарогу пакладуць, можна й дрэнаж пасьля”.

Як распавёў Дзяніс Радыё Свабода, мінулую ноч у Курапатах правялі пяць валанцёраў. Сытуацыя была больш-менш спакойная, толькі некалькі разоў увечары й ўначы прыязджалі міліцыянты.

Дарэчы, сёньня лягер наведаў намесьнік начальніка міліцыі грамадзскай бясьпекі Менскага раёну Ігар Зяневіч. Ён высьвятляў акалічнасьці, зьвязаныя з папярэднімі нападамі й зьбіцьцём валанцёраў. У размове зь ім высьвятлілася наступнае: 15-мэтровая паласа ўздоўж дарогі належыць гораду, а ўсё, што далей — Менскаму раёну. Рашэньне пра гэта, паводле спадара Зяневіча, было прынятае сёлета напрыканцы лютага. Я нагадваю маёру міліцыі, што намёт валанцёраў знаходзіцца на тэрыторыі Менскага раёну, але ж пазаўчора менавіта ў ім затрымлівалі валанцёраў супрацоўнікі Савецкага райаддзелу міліцыі.

(Карэспандэнтка: ) "Вы нічога ня маеце супраць, што на вашай тэрыторыі затрымліваюць людзей?"

(Зяневіч: ) "Галоўнае, каб парадак быў, каб людзям было спакойна, каб яны маглі прыйсьці й адпачыць, і аддаць даніну памяці".

Варта дадаць, што менавіта Ігар Зяневіч быў адным з тых, хто кіраваў дзеяньнямі міліцыянтаў у часе падзеяў 8-9 лістапада.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG