Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Беларусі Рыжанкоў удзельнічае ў адкрыцьці сэсіі Рады правоў чалавека ААН


Максімам Рыжанкоў. Архіўнае фота
Максімам Рыжанкоў. Архіўнае фота

Рада правоў чалавека ААН у сакавіку абмяркуе сытуацыю ў Беларусі.

Беларуская дэлегацыя на чале зь міністрам замежных спраў Максімам Рыжанковым 24–26 лютага 2025 году наведае Жэнэву (Швайцарыя) для ўдзелу ў «сэгмэнтах высокага ўзроўню» 58-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН (РПЧ) і Канфэрэнцыі ў раззбраеньні.

Міністар, паводле інфармацыі прэс-службы МЗС, плянуе выступіць «на мерапрыемствах высокага ўзроўню», узяць удзел у міністэрскай сустрэчы дзяржаў з Групы сяброў у абарону Статуту ААН, а таксама правесьці перамовы з кіраўніцтвам арганізацый сыстэмы ААН, што месьцяцца ў Жэнэве.

«Асаблівую ўвагу плянуецца ўдзяліць пытаньням незаконнага выкарыстаньня асобнымі краінамі аднабаковых прымусовых мер, што парушаюць Статут ААН і правы чалавека», — гаворыцца ў паведамленьні.

Афіцыйны Менск лічыць такімі ўсе ўведзеныя ў дачыненьні да яго санкцыі Эўразьвязу, а таксама ЗША і іншых краін.

Што кажуць у Радзе ААН аб правах чалавека ў Беларусі

19 сакавіка на той самай сэсіі РПЧ адбудзецца інтэрактыўны дыялёг аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на падставе першага дакладу спэцыяльна створанай незалежнай групы экспэртаў.

У дакладзе канстатуецца, што беларускі ўрад «зьдзейсьніў шырокамаштабныя парушэньні правоў чалавека ў дачыненьні да цывільнага насельніцтва». Гэтыя парушэньні, на думку групы, зьяўляюцца «часткай жорсткіх намаганьняў у задушэньні любой апазыцыі праўленьню прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі». Пры гэтым «некаторыя з гэтых парушэньняў прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасьці».

Група незалежных экспэртаў у становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі была створана СПЧ 4 красавіка 2024 году «на аднаўляльны пэрыяд у адзін год» для расьсьледаваньня і вызначэньня фактаў, абставін і карэнных прычын усіх меркаваных парушэньняў і ўціскаў правоў чалавека і парушэньняў, зьдзейсьненых у Беларусі з 1 траўня 2020 году, у тым ліку іх гендэрных і ўзроставых аспэктаў і іх узьдзеяньня на ахвяр і пацярпелых.

Склад групы быў вызначаны ў чэрвені 2024 году. У яе ўвайшлі дырэктарка Міжнароднага праекту аб правах жанчын Сьюзан Базыльлі (Канада), загадчыца катэдры крыміналёгіі юрыдычнага факультэта Варшаўскага ўнівэрсытэта Моніка Станіслава Платэк (Польшча) і юрыст-праваабаронца Карына Маскаленка (Расея; кіраўніца групы).

У 2025 годзе ў склад РПЧ уваходзяць Альбанія, Альжыр, Банглядэш, Бэльгія, Бэнін, Баўгарыя, Балівія, Бразылія, Бурундзі, Віетнам, Гамбія, Гана, Нямеччына, Грузія, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Дамініканская Рэспубліка, Інданэзія, Ісьляндыя, Гішпанія, Катар, Кенія, Кіпр, Кітай, Калюмбія, Коста-Рыка, Кот-д’Івуар, Куба, Кувэйт, Кіргізстан, Малаві, Мальдзівы, Марока, Маршалавы астравы, Мэксыка, Нідэрлянды, Румынія, ПАР, Паўднёвая Карэя, Паўночная Македонія, Судан, Тайлянд, Францыя, Чэхія, Чылі, Швайцарыя, Этыёпія і Японія.

Прэзыдэнтам РПЧ зьяўляецца Юрг Лаўбэр (Швайцарыя).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG