Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне паведамілі аб выніках ўдару па Расеі: пашкоджаны Разанскі НПЗ і нафтабаза ў Тульскай вобласьці


Атака ўкраінскіх дронаў на Разанскі НПЗ у студзені 2024. Ілюстрацыйнае фота
Атака ўкраінскіх дронаў на Разанскі НПЗ у студзені 2024. Ілюстрацыйнае фота

За першыя два месяцы 2025 году ўкраінскія бесьпілётнікі атакавалі як мінімум 18 аб’ектаў нафтавай прамысловасьці на тэрыторыі Расеі.

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі аб нанясеньні ўдараў па двух нафтавых аб’ектах у Расеі — Разанскім нафтаперапрацоўчым заводзе і нафтабазе ў Тульскай вобласьці.

«У ноч на 24 лютага 2025 году пацэлілі па Разанскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў Разанскай вобласьці, які задзейнічаны ў забесьпячэньні акупацыйнай арміі Расеі. Вядома пра сама меней 5 выбухаў у раёне цэлі. Папярэдне, пачаўся пажар у раёне ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты ЕЛОУ АТ-6», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Апроч таго, у Генштабе Ўкраіны паведамілі, што 23 лютага падразьдзелы Сіл бесьпілётных сыстэм пацэлілі ў нафтабазу ў раёне камбінату «8 Марта» ў Тульскай вобласьці.

У Расеі заявілі аб зьбіцьці 22 украінскіх дронаў

У Міністэрстве абароны Расеі паведамілі, што ў ноч на 24 лютага «перахапілі і зьнішчылі» 22 украінскія бесьпілётнікі, у тым ліку 16 над Арлоўскай вобласьцю, тры над Бранскай, два над Разанскай і адзін — над анэксаваным Крымам.

Паводле губэрнатара Разанскай вобласьці Паўла Малкова, «праз падзеньне аскепкаў адбылося ўзгараньне на тэрыторыі аднаго прадпрыемства». Аднак само прадпрыемства ён не назваў.

Улады Арлоўскай і Бранскай абласьцей паведамілі аб адсутнасьці ахвяр і разбурэньняў на зямлі. Акупацыйныя ўлады Крыму ўвогуле не адрэагавалі на інфармацыю Мінабароны аб зьбіцьці аднаго дрона над паўвостравам.

За першыя два месяцы 2025 году ўкраінскія бесьпілётнікі атакавалі як мінімум 18 аб’ектаў нафтавай прамысловасьці на тэрыторыі Расеі.

Расейскія ўлады рэгулярна пацьвярджаюць напады БПЛА на рэгіёны, а Міністэрства абароны дае справаздачу аб зьнішчэньні дзясяткаў украінскіх бесьпілётнікаў. Пра тое, што дроны цэляцца і б'юць па нафтавых аб’ектах, часьцей за ўсё паведамляюць мясцовыя жыхары, яны ж публікуюць фота і відэазапісы пажараў.

Украінскія ўлады пэрыядычна камэнтуюць удары па нафтабазах, адзначаючы, што іх задзейнічаюць у забесьпячэньні расейскага акупацыйнага войска.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG