Інфэкцыйныя хваробы, якія яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя былі галоўнай
прычынаю сьмяротнасьці ў сьвеце й часам літаральна спусташалі некаторыя
краіны Эўропы, сёньня выразна адступілі. Мэдыцына зрабіла вялізны прагрэс
у змаганьньні зь імі. Такія хваробы, як чума, халера, сібірская язва, поліяміэліт,
сёньня сустракаюцца вельмі рэдка, а ў некаторых краінах яны зьніклі зусім.
Але інфэкцыйныя хваробы яшчэ далёка не пераможаныя. Сярод галоўных прычынаў
сьмяротнасьці ў Беларусі яны займаюць 9 месца. Штогод ад іх, паводле дзяржаўнай
статыстыкі, памірае каля тысячы чалавек.
Але статыстыка гэтая не зусім дакладная. Як сьведчаць апошнія дасьледаваньні,
некаторыя хваробы, у тым ліку й ракавыя захворваньні, таксама трэба аднесьці
да катэгорыі інфэкцыйных. Апошнія навуковыя экспэрымэнты даводзяць, што
за рак адказны вельмі спэцыфічны вірус.
Дзе ж яна ляжыць, гэтая мяжа паміж інфэкцыйнымі й неінфэкцыйнымі хваробамі?
І якія хваробы мы можам без сумневу аднесьці да катэгорыі інфэкцыйных?
З такім пытаньнем я зьвярнуўся да кіраўніка групы экспэртаў Усясьветнай
арганізацыі здароўя Бэрнардофа Гантэра. Вось што ён адказаў па тэлефоне
з Капэнгагену, дзе знаходзіцца галоўная эўрапейская сядзіба арганізацыі.
(Гантэр: ) “У дадзены момант мы прыйшлі да высновы, што некаторыя хваробы,
перш за ўсё гэта датычыць некаторых відаў раку, могуць выклікацца спэцыфічнымі
мікробамі. Гэта новае. Яшчэ 10 – 15 гадоў таму галоўныя характарыстыкі
інфэкцыйных хваробаў былі выразна акрэсьленыя. Гэта хваробы, якія выклікаюцца
вірусам альбо мікробам. І яны выразна адрозьніваліся ад неінфэкцыйных хваробаў.
А цяпер апошнія дасьледаваньні сьведчаць, што некаторыя хваробы, і перш
за ўсё рак, перадаюцца з дапамогай інфэкцыйных фактараў”.
Інфэкцыйныя хваробы вядомыя чалавецтву з даўніх часоў. Гісторыя змаганьня
чалавека зь імі налічвае не адно стагодзьдзе. Але чаму адны зь іх былі
пераможаныя даволі хутка, а іншыя ўсё яшчэ трымаюць сваей кашчавай рукой
чалавека за горла? Доктар Бэрнардоф Гантэр, кіраўнік дэпартамэнту Ўсясьветнай
арганізацыі здароўя адказвае:
(Гантэр: ) “Дзякуючы ангельскаму навукоўцу Флемінгу мы атрымалі ў свае
рукі такую моцную зброю змаганьня з інфэкцыйнымі хваробамі, як антыбіётыкі.
І зь іх дапамогай мы змаглі пасьпяхова змагацца са шматлікімі хваробамі.
І хаця першую вакцыну адкрылі больш як 100 гадоў таму (гэта была вакцына
супроць воспы), але прайшло шмат гадоў перад тым, як былі распрацаваныя
іншыя вакцыны. І сёньня ў нашым распараджэньні прыблізна 8 –10 вакцынаў,
пры дапамозе якіх можна пасьпяхова змагацца з заразнымі хваробамі. Кожны
год на рынак паступаюць новыя вакцыны. Гэтая даволі спрыяльная сытуацыя
пераканала некаторых лекараў у 1950 – 60 гады, што праблема інфэкцыйных
хваробаў будзе хутка вырашаная. Але, на жаль, мы вымушаныя былі зьмяніць
гэткі пункт гледжаньня.
Прычына? Па-першае, распрацоўка новых вакцынаў – гэта доўгі й карпатлівы
працэс, і яны вельмі дарагія. Некаторыя краіны й паасобныя людзі папросту
ня могуць дазволіць сабе карыстацца такімі вакцынамі. Так, напрыклад, цяпер
распрацаваныя новыя вакцыны супроць рэсьпіратарных хваробаў і пнэўманіяў,
але яны надзвычай дарагія й нават у ЗША яшчэ не шырока выкарыстоўваюцца.
І таму галоўны сродак барацьбы з інфэкцыямі – гэта хуткае іх распазнаньне
й лячэньне. А таксама мы намагаемся такім чынам паўплываць на навакольнае
асяродзьдзе, каб зрабіць яго неспрыяльным для ўзьнікненьня інфэкцыйных
хваробаў.
Але ў барацьбе зь некаторымі хваробамі мы дасягнулі значных посьпехаў.
Так, напрыклад, поліяміэліт цяпер сустракаецца толькі ў 30 бедных краінах
сьвету, і да 2005 году мы паімкнемся цалкам зьліквідаваць гэтую хваробу.
Але, з другога боку, расьце колькасьць захворваньняў на СНІД, вэнэрычныя
хваробы, на сухоты й малярыю. Перад намі вялікая праца”.
А якая, на думку Ўсясьветнай арганізацыі здароўя, сытуацыя ў галіне
інфэкцыйных захворваньняў у паасобых краінах Эўропы, асабліва на посткамуністычнай
прасторы? На гэтае пытаньне доктар Гантэр адказвае:
(Гантэр: ) “Інфэкцыйныя хваробы не прызнаюць ніякіх дзяржаўных межаў.
Яны падарожнічаюць разам зь людзьмі, часам разам з жывёлінамі, часам з
вадою, якая цячэ празь межы. Зразумела, што ёсьць значная розьніца ў характары
распаўсюджваньня інфэкцыйных хваробаў. Я мяркую, што прычыны тут эканамічныя.
На Захадзе папросту значна больш грошай, рэсурсаў на барацьбу з заразнымі
хваробамі. У некаторых усходнеэўрапейскіх краінах цяпер назіраецца выразны
рост паасобных захворваньняў. Раней гэтыя краіны былі закрытыя, яны ня
мелі такіх шырокіх кантактаў са сьветам. У Расеі, напрыклад, назіраецца
цяпер выразны рост вэнэрычных захворваньняў. Але ня толькі ў Расеі, але
й ва ўсім усходнім блёку. Там назіраецца таксама рост выпадкаў СНІДу й
выразны рост захворваньняў на сухоты”.
І на заканчэньне размовы з кіраўніком групы экспэртаў у галіне інфэкцыйных
хваробаў Усясьветнай арганізацыі здароўя доктарам Бэрнардофам Гантэрам
я папрасіў яго ўявіць такую сытуацыю, калі на сьвеце зьнікнуць усе заказныя
хваробы. Ці такое ўвогуле магчыма? Доктар Гантэр адказвае:
(Гантэр: ) “Я думаю, што гэта мара ўсіх эпідэміёлягаў. І я лічу, што
гэта магчыма. Гэта вельмі далекая пэрспэктыва. Перад намі вялікая праца,
якая будзе патрабаваць значных рэсурсаў. Але гэта абсалютна рэальна зрабіць.
З тэхнічнага пункту гледжаньня зьявіліся новыя магчымасьці, асабліва ў
галіне прадухіленьня хваробаў. Многія краіны пачалі выкарыстоўваць вакцыны,
якіх яны ня мелі ў сваім распараджэньні яшчэ 2–3 гады таму. Напрыклад,
вакцына супроць гепатыту. На сёньняшні дзень мы цалкам зьліквідавалі толькі
адну хваробу – воспу. Але ёсць магчымасць зрабіць тое самае й зь іншымі
хваробамі. Мяркую, што прыйдзе такі час, калі інфэкцыйныя захворваньні
будуць адыгрываць усё меншую й меншую ролю, але гэта будзе ня хутка”.
А цяпер традыцыйная рубрыка “навінкі навуковых мэдычных распрацовак”:
1. Амэрыканскі часопіс “New Englаnd Journal of Medicine” паведамляе,
што навуковая група прафэсара Чарльза Фуша з Бостанскага ўнівэрсытэту правяла
экспэрымэнт, удзельнікамі якога былі 88 тысячаў мэдычных сёстраў. На працягу
двух гадоў усе яны дакладна запаўнялі анкеты, адказваючы на пытаньні пра
свае спосабы харчаваньня. У выніку дакладнага аналізу сабранага матэрыялу
брытанскія навукоўцы не знайшлі беспасярэдняй залежнасьці паміж спосабам
харчаваньня й захворваньнем на рак. Ня знойдзена таксама залежнасьці паміж
колькасьцю сырой клеткавіны (морква, бурак, чорны хлеб), якой харчаваліся
ўдзельнікі экспэрымэнту, і небясьпекай захварэць на рак.
Такім чынам, не пацьвердзілася ранейшая гіпотэза, якая зьвязвала нізкі
ровень захворваньняў на рак у Афрыцы зь вялікай колькасьцю сырой клеткавіны,
якую спажываюць жыхары гэтага рэгіёну.
2. Вядома, што ніводзін зь існуючых сёньня супроцьзачаткавых сродкаў
не дае 100% гарантыі. Брытанскі часопіс “Science Online“, аднак,
надрукаваў у адным з апошніх сваіх нумароў артыкул пад назвай “Супроцьзачаткавая
бомба”. У ім сьцьвярджаецца, што амэрыканскія навукоўцы знаходзяцца на
парозе адкрыцьця новага дасканалага супроцьзачаткавага сродку. Рэч у тым,
што адкрыты мэханізм працы біяхімічных рэцэптараў на паверхні жаночых яйцаклетак.
Цяпер распрацоўваецца мэтад падману гэтых рэцэптараў такім чынам, каб жаночая
яйцаклетка не рэагавала на мужчынскае семя й паводзіла сябе як ужо аплодненая.
3. “An apple a day keeps the doctor away” (Адзін яблык штодня, – сьцьвярджаецца
ў вядомай амэрыканскай прымаўцы, – і вам ня трэба зьвяртацца да лекара).
Але амэрыканскія спэцыялісты з навукова-дасьледчага цэнтру ў горадзе Кернэсьвіль
папярэджваюць, што з садавіною трэба абыходзіцца вельмі асьцярожна. На
бачынах часопісу “Applied and Enviromental Microbiology” яны пішуць, што
маленькія садавінавыя мушкі могуць пераносіць небясьпечныя бактэрыі, якія
пазьней пранікаюць у пашкоджаныя, парэзаныя ці пабітыя яблыкі. Пацьверджаньне
гэтаму пакуль што атрымана ў лябараторных умовах, але цяпер амэрыканскія
навукоўцы хочуць правесьці шырокамаштабны экспэрымэнт на адной зь вялікіх
яблычных плянтацыяў.
Мікола Іваноў
Самае папулярнае
1