Чарніла -- сучасны адпаведнік старажытнабеларускаму атраманту.
У 60-я гады ХХ стагодзьдзя слова чарніла пачало ймкліва губляць
свой ранейшы сэнс, перавандроўваючы ў слэнг. У малодшых клясах сярэдняе
школы мы ведалі, што чарніла -- гэта тое, чым мы пішам, зьмесьціва
нашых шкляных або пацлалянавых чарнільніцаў. У старэйшых клясах
мы ўжо спрэс карысталіся шарыкавымі самапіскамі і добра засвоілі, што чарніла
-- гэта паганае таннае віно: "Пладова-ягаднае", "Яблычнае", "Лучыстае",
"Вермут".
Украінскія сябры забясьпечвалі беларускіх аматараў чарніла папулярным
гатункам "Біле міцне". Азэрбайджан шчодра паіў Беларусь "Агдамам" і "Сонцадарам".
Беспрасьветна густы "Сонцадар" меў поўнае права звацца чарнілам
і ў першасным сэнсе гэтага слова. Недапітым "Сонцадарам" можна было без
праблемаў напісаць ліст.
Напачатку 90-х гадоў быў час, калі здалося, чарніла зьнікае з
нашых крамаў, саступаючы свае пазыцыі напоям, якія мелі большыя падставы
афіцыйна менавацца віном. Але новыя вятры дзьмулі нядоўга. Паводле шматлікіх
просьбаў працоўных і нават без рэфэрэндуму чарніла трыюмфальна вярнулася
і разам з гарэлкаю зрабілася адным з асноўных прадуктаў харчаваньня для
катастрафічна вялікай часткі насельніцтва.
Што праўда, пры гэтым чарніла набыло так бы мовіць сувэрэнны
прысмак. На мейсцы колішніх "агульнасаюзных" назваў на налепках зьявіліся
найменьні кшталту "Белая вежа" або "Водар мяты", празваны ў народзе "Морда
мятая".
Апошнім часам паўпустыя паліцы айчынных крамаў аздобілі магутныя батарэі
пляшак з надзіва моташным паводле водгукаў спэцыялістаў чарнілам
"Александрыя". Пітушчы электарат замілавана перахрысьціў "Александрыю"
ў "Родзіну прэзідзента", а найбольш дасьціпныя жлукты любоўна перайменавалі
новы напой у "Сьлёзы Галіны Радзівонаўны".
Паведамленьне пра тое, што якраз гэтае пітво ўпрыгожвае сьвяточны стол
грамадзяніна Лукашэнкі, зь незалежных крыніцаў пакуль не падцьвердзіліся.
Уладзімер Арлоў