Слова чарга прыйшло да нас праз расейскую мову з афіцыйнай мовы Залатой Арды -- чагатайскай, у якой яно азначала тое самае -- шэраг або чароднасьць. Якія чэргі былі ў той час на Беларусі -- сказаць цяжка. Хіба што пасьлядоўнасьць у выхадзе на поле бою, у складаньні даніны, альбо выгану на пасту жывёлы.
Чарга, чаргаваньне, чарговасьць. У гэтых словах парадак дня чалавека -- сьпіс справаў на тыдзень, месяц, год. Правілы паводзінаў за сталом: у першаю чаргу тое, потым другое, потым трэцяе. Першы тост за нагоду, другі за Беларусь, трэці за каханых і г.д.
У зьявах, якія пачало абазначаць слова чарга ў XX стагодзьдзі, Залатая Арда ніяк не вінаватая. Іншая справа -- савецкая імпэрыя, у складзе якой беларусы спазналі чэргі па ежу, па жытло, па заробкі, па адпачынак ці да лекара. Адпаведна час нарадзіў чарговыя выразы: жывая чарга, у першую чаргу, па-за чаргой і без чаргі.
Бальшыня зь іх прывязваецца да канкрэтнай сацыяльнай групы.
Так, па-за чаргой або без чаргі маглі нешта атрымаць людзі ўлады, альбо іхныя халуі. Выключэньні з правіла -- вэтэраны вайны, маці-гераіні і хворыя-калекі ды двойчы героі сацыялістычнае працы, якія почасту выклікалі абурэньні ў тых, хто стаяў у чарзе.
Затое выстаяць чаргу ці жывая чарга -- прывілей людзей не абцяжараных уладай.
Савецкая чарга нумар 1 -- чарга ў Маўзалей, куды прадстаўнікі прыўладнай вярхушкі краіны заходзілі без чаргі -- як замежныя турысты.
Задаюць у XXI стагодзьдзі вучням якой-небудзь вашынгтонскай і менскай школаў сказ для разбору: У краме была чарга па сасіскі. «А што такое чарга?» - пытаецца амэрыканец. «А што такое сасіскі?» - цікавіцца беларус.
Хто апошні? Скажыце, што я за вамі. Вы тут не стаялі -- выразы, народжаныя чэргамі.
Яшчэ адно значэньне слова чарга: пэўная колькасьць боезапасу, выпушчаная з аўтаматычнай зброі за адзін прыём. Кулямётная, аўтаматная чарга.
Сьведкі сталінскіх расстрэлаў згадваюць, што апрача разавых пісталетных стрэлаў, зь месцаў забойства чуліся і кулямётныя чэргі.
Сяржук Сокалаў-Воюш