Тлумачальны слоўнік беларускае мовы так тлумачыць слова анахранізм
-- зьявы, погляды, думкі, якія зьяўляюцца састарэлымі для пэўнай эпохі.
Мовазнаўцы зьвязваюць яго этымалёгію з грэцкімі словамі "ана"
(назад) ды "хронас" (час). І... відавочна ж, памыляюцца!
Анахранізм у нашым, беларускім, разуменьні паходзіць без усякага
сумневу ад народнага выразу "а на храна?". Няма патрэбы казаць пра
папулярнасьць гэтага моўнага звароту.
"А на храна нам гэтая мова?" -- гукаюць, узяўшыся ў бокі. Тое
ж самае кажуць пра незалежную дзяржаву, дэмакратыю, беларускую школу, рынак,
нацыянальныя сымболі й прэзыдэнцкія выбары...
Анахранізм стаўся ня толькі ідэялягічным падмуркам улады, але
й падставовым элемэнтам мэнтальнасьці электарату, арбітаю ягонага, пазбаўленага
прыцягненьня роднае Зямлі, касьмічнага руху. У пэрыгэі якога сьвіная скварка,
а ў апагеі -- поўная чарка.
І хаця суседзі называюць такое жыцьцё "савецкім анахранізмам",
яно тым ня менш, ідзе сваім ладам.
Анахраністы падчэпваюць відэльцам тлушчапырскую скварку, куляюць
поўную чарку, паволі развальваюць народную гаспадарку, а ўсіх незадаволеных
б'юць гумовым друком па карку.
Вінцэсь Мудроў