Мы былі сям’я такая прапартызанская, прасавецкая. Бацька быў разьведчыкам партызанскім, падпольным, а начальнікам партызанскай разьведкі атраду быў яго родны пляменьнік. Ну і пікантная сытуацыя ў тым, што сусед, у лазьні якога мы жылі, быў у гэты час ужо начальнікам мядзельскай паліцыі. І ўвогуле, бацька, які ведаў усіх у раёне, ведаў натуральна большасьць паліцыі, бо гэта былі свае мядзельскія хлопцы, ну і значную частку партызанаў ведаў, якія былі не з усходу, а мясцовыя.
І вось аднойчы днём заяжджаюць да нас паліцэйскія. Пасядзелі ў нас у
хаце, пагутарылі, пакруціліся вакол хаты, паселі на коні ды паехалі. І
тут бацька, як убачыў, што яны схаваліся за бліжэйшымі дрэвамі, расшпіляе
дзяжку, дастае папружку і пачынае мяне лупіць няшчадна.
Я ў страшэнны лямант: “За што б’еш, тата?” “Як за што?” І мне пад нос
падсоўвае нямецкі часопіс. Якім чынам ён трапіў у нашую хату, у нашую лазьню,
я ня ведаю, але там былі такія глянцавыя прыгожыя малюнкі, ня якіх ланцуг
нямецкіх’ салдатаў у касках і з аўтаматамі… А я ведаў, што такое вісельня,
і над кожным зь іх намаляваў вісельню, і кожнага з гэтых нямецкіх салдат
і афіцэраў павесіў. Намаляваў.
І паліцэйскі ўбачыў гэты часопіс, седзячы ў нас у лазьні, стаў гартаць і ціха кажа бацьку:
– Міхалюк, ты бачыш, што такое? Немцы ўбачылі б, і вас усіх растралялі б. Тут жа. Не выводзячы з гэтай лазенкі. Спалі гэты часопіс.
Паліцыя паехала, бацька за дзяжку, за папружку, і так ён выклаў мне першы ўрок кансьпірацыі і палітычнай абачлівасьці.
Міхась Чарняўскі