Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдалося дамовіцца па нафце?


Зьяўляецца супярэчлівая інфармацыя адносна дамоўленасьцяў паміж Беларусьсю і Расеяй па нафтаваму пытаньню. У чым прычыны непаразуменьня паміж бакамі? На якой аснове можа быць кампраміс?

Удзельнікі: журналістка газэты «Белорусы и рынок» Тацьцяна Манёнак і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш.

У чым прычыны супярэчнасьцяў?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: «Ужо цягам амаль двух месяцаў адбываюцца перамовы паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расеі наконт умоваў паставак расейскай нафты наступным годам. Але праблему не маглі вырашыць не на ўзроўні віце-прэм’ераў, не на ўзроўні прэм’ераў. Былі вялікія спадзяваньні на сустрэчу прэзыдэнтаў. Зьмястоўнай інфармацыі па выніках перамоваў практычна не было.

Аляксандр Лукашэнка ў пятніцу, 21 сьнежня, выступаючы перад студэнтамі БДУІР, заявіў адносна дамоваў аб пастаўках нафты: „Нам трэба 23 мільёна тон, яны давалі 19 мільёнаў паводле балянсу. Праўда, дамовіліся пра 23 мільёны. Нафту мы атрымаем без праблем“.

Аднак Мінэнэрга Расеі абвергла Лукашэнку. На сайце міністэрства паведамляецца: „На сёньняшні дзень дамова аб аб’ёмах пастаўкі ў Рэспубліку Беларусь расейскай нафты ў 2013 годзе не падпісана“. Аднак праз нейкі час гэта інфармацыя з сайта зьнікла У чым сутнасьць супярэчнасьцяў паміж бакамі?»

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак
Тацьцяна Манёнак: «Беларусь хоча атрымаць 23 млн т нафты, а Расея гатовая паставіць толькі 18,5 млн. т. Але супярэчнасьці існуюць ня толькі па аб’ёму паставак расейскай нафты. Узьніклі супярэчнасьці па ўмовах паставак нафтапрадуктаў з Беларусі ў Расею.

РФ пераходзіць у паліве на стандарты Эўра-3. Таму наступным годам У Расеі будзе дэфіцыт высокаякаснага паліва ў 1 млн т. Паводле расейскіх крыніц, РФ хоча атрымаць з Беларусі 2,1 млн т. Беларусь ня супраць паставак такога аб’ёму. Супярэчнасьці узьніклі па кошту нафтапрадуктаў. Расея хоча, каб беларусы прадавалі гэтае паліва праз Санкт-пецярбургскую біржу. Беларускі бок супраць. Бо гэтая біржа не разьвітая. Там прадаюцца невялікія аб’ёмы нафтапрадуктаў. Цана на такія нафтапрадукты ў краінах ЭЗ і ва Украіне значна вышэйшыя. Таму беларусам выгадней пастаўляць нафтапрадукты туды, а не ў Расею».

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш: «Гэтым годам пытаньне аб умовах паставак расейскай нафты у Беларусь зьяўляецца пытаньнем не палітычным, а дзелавым. То бок гэта супярэчнасьці паміж гаспадарчымі суб’ектамі. Таму яны ня могуць закончыцца нейкай нафтавай вайной ці блякадай.

Бо сёлета для Расеі адносіны з Беларусьсю разглядаюцца ў межах праекту стварэньня Эўразійскага зьвязу. Па гэтай прычыне ў 2012 годзе Беларусь атрымала энэргарэсурсы па льготных умовах. Тое ж самае будзе і наступным годам. Таму што, па меркаваньню Масквы, у 2013 годзе Эўразійскі саюз павінен спраўдзіцца

Таму, хоць нафтавае пытаньне і вельмі важнае для абодвух бакоў, але яно ня можа ў сёньняшніх умовах выклікаць нейкую бойку, біцьцё гаршчкоў ці фільмы на расейскіх тэлеканалах пра «бацьку».

Карбалевіч: «Але скарачэньне Расеяй паставак нафты ў Беларусь у чацьвёртым квартале — гэта такі мяккі ўдар пад дых».

Палітычнае ці тэхнічнае пытаньне?

Коктыш: «Так, але прэсінг быў не на палітычным узроўні, а на ўзроўні карпарацый. Пуцін спусьціў пытаньне на тэхнічны узровень. Расея ўпэўнена, што Беларусь нікуды ня дзенецца з Эўразійскага зьвязу, яна моцна залежыць ад Расеі. Таму Масква імкнецца да таго, каб беларуская прамысловасьць працавала, але не атрымоўвала звышпрыбыткі».

Карбалевіч: «Сп Манёнак, вы сказалі, што галоўная супярэчнасьць палягае ў пытаньні цаны нафтапрадуктаў, якія Беларусь павінна паставіць на расейскі рынак. Але вонкава выглядае, што галоўнае пытаньне — гэта аб’ём паставак нафты ў Беларусь: 23 млн т ці 18,5 млн. т.»

Манёнак: «Усё узаемазьвязана. Калі Расея пастаўляе 23 млн. т., то і нафтапрадуктаў на Расейскі рынак Беларусь павінна паставіць больш, чым пры лічбе 18,5 млн т. Расейская кампанія „Транснефть“ аб’явіла, што ў першым квартале наступнага году плянуе паставіць у Беларусь нафты, зыходзячы з гадавога аб’ёму 18,5 млн т. Для ўнутрана рынка Беларусі патрэбна 7-8 млн т нафты.

Акрамя праблемы з аб’ёмам і цаной нафтапрадуктаў, якія Беларусь павінна паставіць на расейскі рынак, застаецца балючая тэма растваральнікаў і разбаўляльнікаў. Аб гэтым нядаўна казаў амбасадар Расеі ў Беларусі Сурыкаў

Я ня згодная з тым, што нафтавае пытаньне не палітычнае, а тэхнічнае. Думаю, нафтавыя супярэчнасьці зьвязаныя з тым, што, па меркаваньню Масквы, Беларусь не выконвае абавязацельствы, якія яна на сябе публічна ўзяла. Гэта пытаньне стварэньня холдынгу на базе МАЗу і КамАЗу, стварэньня кампаніі „Саюзкалій“. Дарэчы, паводле афіцыйнай інфармацыі, апошняе пытаньне абмяркоўвалі прэзыдэнты.

Думаю, бакі могуць працягнуць перамовы па ўмовах паставак нафты і пасьля Новага году. Магчыма. Расея пакінула дзьверы адчыненымі па гэтаму пытаньню дзеля таго, каб Беларусь прадэманстравала гатоўнасьць домовіцца па іншых інтэграцыйных праектах».

Коктыш: «Безумоўна, нафтавае пытаньне разглядаецца як частка пакету. Нафтавае пытаньне зьяўляецца тэхнічным пры умове, што разьвіваецца працэс стварэньне Эўразійскага саюзу. Праблемы пачнуцца праз год, калі Беларусі давядзецца, адпрацоўваць авансы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG