Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч трапіць у «Амэрыканку» ці ў «Бастыён»


Гарадзенская турма
Гарадзенская турма

Лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча для далейшага адбыцьця пакараньня прывезьлі ў гарадзенскую турму. Якія ўмовы чакаюць палітвязьня?

8 лістапада ў гарадзенскай турме паведамілі, што Зьміцер Дашкевіч дастаўлены да іх для адбыцьця пакараньня. Маладафронтавец, жыхар Гародні Алесь Кіркевіч апавёў:

«Нашы людзі хадзілі ў турму і там пацьвердзілі, што Дашкевіч ужо знаходзіцца ў іх. Калі яго прывезьлі дакладна, не сказалі. Відаць, 7-га ці ў ноч на 8 лістапада. Але гэта зараз ужо і ня гэтак важна. Чалавек знайшоўся, гэта самае галоўнае».

З 30 кастрычніка, калі Мазырскі выязны суд вырашыў перавезьці палітвязьня Зьмітра Дашкевіча з мазырскай калёніі ў «крытую» турму, пра яго не было зьвестак, як не было вядома і тое, куды накіруюць лідэра Маладога Фронту для далейшага адбыцьця пакараньня. Нявеста Дашкевіча Наста Палажанка кажа, што яна «крыху супакоілася». 9 лістапада Наста зьбіраецца паехаць з адвакатам у Гародню і наведаць турму. Актывістка разьлічвае, што адвакату дадуць магчымасьць сустрэцца са Зьмітром Дашкевічам. Перавод яго ў гарадзенскую турму Наста Палажанка пракамэнтавала гэтак:

«Няшмат было варыянтаў: альбо гарадзенская турма, альбо жодзінская. Пакуль я ня ведаю, чым яны асабліва адрозьніваюцца. Кажуць, што паводле побытавых умоваў гарадзенская турма горшая, але пры гэтым стаўленьне адміністрацыі да зьняволеных там лепшае. Але ж мы ўсе цудоўна разумеем, што Зьміцер Дашкевіч, як і ўсе астатнія палітвязьні, ідуць па індывідуальнай праграме. Таму якая праграма для яго будзе абраная, ня ведаю. Будзем глядзець».

Усярэдзіне гарадзенскай турмы
Усярэдзіне гарадзенскай турмы
Карэспандэнт «Газэты выборчай» Андрэй Пачобут летась адбыў 100 дзён менавіта ў гарадзенскай турме. Журналіст кажа, што турма мае два асноўныя корпусы — больш сучасную «Амэрыканку» і «Бастыён», прыстасаваны пад турму стары езуіцкі кляштар. У «Бастыёне» ёсьць камэры на 40 і болей чалавек. У «Амэрыканцы» камэры меншыя і выгаднейшыя, але ў гэтым жа будынку адміністрацыя турмы, і таму ўвага да вязьняў надзвычай вялікая — сядзець там досыць складана. Куды менавіта зьмесьцяць Дашкевіча, у «Амэрыканку» ці ў «Бастыён», Андрэй Пачобут прадказаць не бярэцца, бо палітвязьня могуць зьмясьціць і туды, і туды. Журналісту дакладна вядома, што палітвязень Мікалай Аўтуховіч нейкі час знаходзіўся ў «Амэрыканцы», а цяпер, магчыма, у «Бастыёне». Журналіст ведае, што Аўтуховіч ня скардзіцца на побытавыя ўмовы, але ўзімку паведамляў сваякам, што ў камэры вельмі холадна. Паводле ўражаньняў Андрэя Пачобута, адміністрацыя турмы схільная выконваць нормы што да ўмоваў побыту і стаўленьня да вязьняў, але шмат што будзе залежаць і ад загаду зьверху. Паводле Андрэя Пачобута, галоўная праблема вязьняў «крытай» турмы — недастатковае харчаваньне:

«Праблема ў тым, што асаблівы рэжым, дзе ён будзе, прадугледжвае абмежаваньні на перадачы. Фактычна чалавек абмежаваны турэмнай пайкай, якую там называюць „палажняк“ — то бок тое, што паложана выдаваць. Усе худзеюць ад гэтай ежы, бо на пайцы чалавек галодны, скажам дакладна. Што да ежы духоўнай — газэты, карэспандэнцыя — там быццам з гэтым нядрэнна. Выпісваюць і газэты, і ёсьць турэмная бібліятэка. Але як будзе з рэалізацыяй гэтых правоў? Фармальна і Мікалай Статкевіч мае права на газэты і карэспандэнцыю, але часта яго ў гэтым сэнсе прыціскаюць. Кажу яшчэ раз, калі б не было ініцыятывы зьверху, да Дашкевіча ў гэтай турме ставіліся б нармальна. Калі нешта зь ім будзе адбывацца, для мяне ня будзе сумневу, што гэта будзе загад».

Паводле журналіста, вязьні «крытай» турмы маюць права на 1 гадзіну шпацыру штодня, адзін раз на тыдзень могуць памыцца ў душы. «Улетку душ зь ледзяной вадой, але зараз павінна быць цёплая, бо ўжо паляць», — мяркуе Андрэй Пачобут.

Паводле гістарычных зьвестак, у гарадзенскай турме ў 19-м стагодзьдзі трымалі ўдзельнікаў паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. У 20-м стагодзьдзі ў турме ўтрымліваўся вядомы дзеяч нацыянальнага руху і мовазнаўца Браніслаў Тарашкевіч. Таксама ў гарадзенскай турме двойчы сядзеў дзеяч камуністычнага руху Заходняй Беларусі Сяргей Прытыцкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG