Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладосьць не страхуе ад інсульту


Хоць пераважная большасьць інсультаў здараецца людзям старэйшым за 65 гадоў (узровень рызыкі складае 30-50 выпадкаў на 1000 чалавек у гэтай узроставай групе), 10-15% усіх інсультаў прыпадае на людзей ва ўзросьце 45 гадоў і малодшых (рызыка 1 выпадак на 1000 чалавек).

Дасьледаваньне, праведзенае лекарамі ва Ўнівэрсытэце Ўэйна ў Дэтройце паказала, што сярод 57 маладых ахвяраў парушэньня мазгавога кровазвароту, адной зь сямі выставілі памылковы дыягназ галавакружэньня, мігрэні, алькагольнага ап’яненьня, расстройства ўнутранага вуха або нейкай іншай праблемы — і адправілі дадому без належнага лячэньня.

Паводле лекараў, лячыць наступствы інсульту ў выпадку маладых пацыентаў найлягчэй, калі правільны дыягназ ставіцца не пазьней, чым чатыры з паловай гадзіны пасьля пачатку недамаганьня. Большасьць пацыентаў, аднак, ігнаруе першыя сымптомы інсульту і зьвяртаецца па дапамогу лекара, калі дапамагчы ўжо наогул позна.

Характэрнай рысай сымптомаў інсульту зьяўляецца іх раптоўнае зьяўленьне. Да гэтых сымптомаў належаць:

— здранцьвеньне твару, рукі або нагі, асабліва з аднаго боку цела;

— праблемы з гаварэньнем і разуменьнем размовы;

— праблемы са зрокам у адным ці абодвух вачах;

— цяжкасьці пры хадзе, галавакружэньне або страта раўнавагі і каардынацыі;

— раптоўны моцны галаўны боль зь невядомай прычыны.

У адрозьненьне ад сардэчнага прыступу (інфаркту), большасьць інсультаў праходзіць бязбольна. Але нават калі першыя сымптомы мінаюць, трэба да іх ставіцца сур’ёзна. Наступствам нялечанага інсульту можа быць параліч цела.

Чыньнікамі павышанай рызыкі інсульту сярод людзей ва ўзросьце 30-40 гадоў зьяўляюцца атлусьценьне, дыябэт, высокі ціск і апноэ (затрымка дыханьня).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG