Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аблысеньне можна прыпыніць


Пра апошнія дасьледаваньні наконт мужчынскага аблысеньня паведамляе New York Times.

Мала ёсьць рэчаў, якія так могуць усяліць сум у душу мужчыны, як выгляд залысінаў у люстэрку. Бывай, маладосьць! Прывітаньне, аблысеньне!

Валасяныя фалікулы — маленькія цыбуліны на скуры галавы — адказныя за гэта. Зараз дактары, якія вывучалі функцыі фалікулаў на працягу некалькі дзесяцігодзьдзяў, магчыма, выявілі новы спосаб затармазіць працэс аблысеньня.

Д-р Джордж Котсарэліс, прафэсар і загадчык катэдры дэрматалёгіі ў мэдычным каледжы унівэрсытэту Пэнсільваніі, і яго калегі выявілі малекулу, якая тармозіць рост валасоў у фалікуле. Дасьледчая група таксама дакладна вызначыла рэцэптары, адказныя за рост валасоў, што робіць іх аб’ектам для магчымай будучай тэрапіі.

Лекі, якія ўзьдзейнічаюць на гэтыя рэцэптары, ужо распрацаваныя фармацэўтычнымі кампаніямі, яны дапамагаюць ад алергічных захворваньняў.

Але, як адзначае доктар Луіс Гарсія, які працаваў у камандзе прафэсара Котсарэліса, гэтыя прэпараты могуць дапамагчы і ад мужчынскага аблысеньня.

Гэта адкрыцьцё, відавочна, не дапаможа мужчынам, якія ўжо лысыя. «Гэта было б занадта шмат, каб павярнуць час назад,» — кажа Дэсманд Тобін, прафэсар клеткавай біялёгіі і кіраўнік брытанскага цэнтру дасьледаваньняў скуры.

Але, паводле яго, калі адкрыцьцё амэрыканскіх калегаў спраўдзіцца, адпаведнае лячэньне магло б дапамагчы мужчынам, якія знаходзяцца на раньняй стадыі аблысеньня.

Доктар Котсарэліс кажа, што ён зачараваны валасянымі фалікуламі. Яшчэ ў сваёй доктарскай дысэртацыі ў 1990 годзе ён апісваў экспэрымэнты з перасадкай клетак мышам, ад чаго ў іх зьяўляліся новыя фалікулы.

Дэталёвы генэтычны аналіз клетак прывёў да выяўленьня малекулы простагляндыну D2, які быў знойдзены на больш высокім узроўні ў скуры галавы лысых мужчын.

Каштоўныя вынікі ў барацьбе з мужчынскім аблысеньнем магчыма дадуць працы Вэлеры Хорсьлі, дацэнта катэдры малекулярнай, клетачнай і эвалюцыйнай біялёгіі ў Ельскім унівэрсытэце. Яна вывучае, як тлушчавыя клеткі ў скуры мышэй пасылаюць сыгналы ў валасяныя фалікулы.

«Наша праца паказвае, што тлушчавыя клеткі могуць выклікаць рост валасоў ў мышэй», — сказала яна. Цяпер яна працуе над вывучэньнем малекулярнага мэханізму, з дапамогай якога гэтыя клеткі дзейнічаюць.

Доктар Котсарэліс тымчасам працуе над іншай праблемай. «Зараз мы павінны дапамагчы жанчынам, якія губляюць свае валасы», — сказаў ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG